«Усё на сваіх месцах». Лукашэнка выказаўся пра ядравую зброю і ўспомніў пра вагнэраўцаў


Перад пачаткам саміту ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што перакідванне ядравай зброі ў Беларусь ужо даўно завершана. Пра гэта паведамляе прэс-служба самаабвешчанага кіраўніка Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу.
Фота: pul_1 / Telegram

«Даўно, – заявіў Лукашэнка, адказваючы на пытанне журналістаў пра размяшчэнне тактычнай ядравай зброі ў Беларусі, – Я ж гаварыў ужо, калі скончылася пастаўка. Яшчэ ў верасні, па-мойму, або ў кастрычніку. У пачатку кастрычніка апошняя. Усё на сваіх месцах у добрым стане».

Адказваючы на пытанне, калі адбудуцца бліжэйшыя вайсковыя вучэнні, ён адзначыў: «Кожны дзень вучымся. Нават былыя вагнэраўцы, якія ў нас засталіся, працуюць сёння ў нас у падраздзяленнях, перадаюць вопыт».

Hавiны
Баевікі Вагнэра ўвайшлі ў склад спецназу МУС Беларусі
2023.12.16 12:38

Таксама Лукашэнка заявіў, што ў 2024 годзе ёсць шанец скончыць вайну ва Украіне. «Будзем з імі неяк больш цесна працаваць, каб яны разумелі, што гэта адзіны шанец. Калі яны ім не скарыстаюцца, будзе наогул крах», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка 25 снежня прыляцеў у Санкт-Пецярбург, каб узяць удзел у пасяджэнні Найвышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады і нефармальнай сустрэчы лідараў краін СНД.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў