Лукашэнка зноў «прадае дохлага каня». Ці купяцца і гэтым разам?


Сёння міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта прыляцеў у Менск. А зусім нядаўна кіраўнік выведкі Украіны Кірыла Буданаў «аддаў належнае» Аляксандру Лукашэнку, што той не дапусціў уварвання Узброеных сілаў Беларусі на тэрыторыю паўднёвай суседкі. Лукашэнка ж пахваліў Зяленскага, якога назваў Уладзімірам Аляксандравічам. Што гэта значыць?

Пачатак вайны Расеі супраць Украіны, калі з тэрыторыі Беларусі паляцелі ракеты на ўкраінскія гарады, стаў рубіконам, перакрочваннем якога, здавалася б, Аляксандр Лукашэнка назаўсёды перакрэсліў братнія адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі. Але Яўген Магда, дырэктар украінскага Інстытуту сусветнай палітыкі, з гэтым нязгодны:

«Паколькі беларускія вайскоўцы не ўвайшлі ва Украіну, а я думаю, што яны і не ўвойдуць, то шанцы на нармалізацыю пасля расейска-ўкраінскай вайны захоўваюцца».

Але для самога Аляксандра Лукашэнкі, паводле Яўгена Магды, гэта нічога добрага не значыць: «Пасля завяршэння расейска-ўкраінскай вайны, я думаю, Лукашэнка доўга не ўтрымаецца. Хаця я не выключаю, што ён будзе круціць кульбіты, што яго ўзялі ў закладнікі, што яго прымусілі».

Інтэрв’ю
«Каб хоць камандзірам заробкі плаціць». Чаму Паспалітае рушэнне пакуль што не стала народным рухам
2023.10.24 08:00

Сузаснавальнік выдання «Reform.by» Аляксандр Атрошчанкаў бачыць у абмене рэверансамі паміж Буданавым і Лукашэнкам чарговую спробу апошняга «прадаць дохлага каня», што ёсць выключнай здольнасцю самаабвешчанага кіраўніка Беларусі, якой той ужо неаднойчы карыстаўся. Атрошчанкаў спадзяецца, што ўкраінскае кіраўніцтва на гэта не купіцца. У той жа час ён заклікаў беларусаў не крыўдзіцца на гэтыя заявы, бо Буданаў «сказаў тое, што яму дзеля працы трэба».

Яўген Магда.
Фота: Белсат

Яўген Магда пагадзіўся і зазначыў, што кіраўніцтва Украіны разумее: верыць Лукашэнку нельга, але і дражніць яго ніхто не будзе. Чаму ж Лукашэнка не паслаў войска ва Украіну, дзе, паводле Атрошчанкава, спадзяваўся паўдзельнічаць у парадзе ў Кіеве, а таксама ў карных аперацыях дзеля ўсталявання акупацыйнага расейскага рэжыму, эксперты ілюзіяў не маюць: самаабвешчаны кіраўнік Беларусі ацаніў усе рызыкі для свайго рэжыму, пра хісткасць якога ведаюць і ў Маскве. І ў выпадку неабходнай на выпадак вайны мабілізацыі магло б усё скончыцца вельмі хутка:

«А што, удзельнікі пратэстаў 2020 года ўсе выехалі? Усе змагары выехалі? Даваць зброю сваім учорашнім апанентам? А куды яны затворы будуць ператоргваць? У які бок? Для яго гэта важны момант. Яшчэ адзін момант: беларускае войска за гады незалежнасці ніколі не ваявала і калі беларускія вайскоўцы, гіпатэтычна, пойдуць ва Украіну, то ім, прабачце, дадуць адлуп. Гэта аб’ектыўная рэчаіснасць, бо ўкраінскія вайскоўцы так ці інакш ваююць з 2014 года. І калі пойдзе плынь целаў, хто скажа, колькі трэба забітых беларускіх вайскоўцаў, каб рэжым Лукашэнкі пачаў хістацца?» – зазначыў Яўген Магда.

Інтэрв’ю
Эрнэст Выцішкевіч: Для беларусаў настаў час выбару
2023.10.06 12:08

Заяву ж Буданава ўкраінскі эксперт ахарактарызаваў як палітычна недальнабачную: «Беларускія добраахвотнікі падпарадкоўваюцца Галоўнаму ўпраўленню выведкі. І зрабіць такі рэверанс асобе, з якой у шмат каго з іх асабістыя рахункі – гэта, на маю думку, не зусім правільна».

Аляксандр Атрошчанкаў.
Фота: Белсат

Украіна за ўвесь час незалежнасці, паводле Магды, не мела стратэгіі адносна Беларусі. Ён раіць ісці тут шляхам Польшчы, якая мае свайго адмысловага прадстаўніка пры дэмакратычных сілах. Магда лічыць магчымаю ў перспектыве сустрэчу прэзідэнта Украіны і абранай прэзідэнткі Беларусі: «Я не думаю, што ў Зяленскага звалілася б капітанская фуражка, капітана КВК, калі б ён сустрэўся з Ціханоўскай». Але для гэтага, відаць, яшчэ не прыйшоў час.

Hавiны
Словазлучэнне «полк Каліноўскага» назвалі «экстрэмісцкім матэрыялам»
2023.10.25 11:44

У той жа час ні Магда, ні Атрошчанкаў не лічаць імаверным сцэнаром для Беларусі «гіпатэтычнае» ўваходжанне таго ж палка Каліноўскага з Украіны ці Паспалітага рушэння з Польшчы і Літвы ў Беларусь, бо гэта будзе парушэннем міжнароднага права.

«Беларусы мусяць разумець: Украіна цяпер не ў тым стане, каб вызваляць Беларусь», – сказаў Аляксандр Атрошчанкаў.

Стасункі Беларусі і Украіны разбіралі госці праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым – Аляксандр Атрошчанкаў і Яўген Магда.

Калаж з фота: БелТА; publicdomainpictures

belsat.eu

Стужка навінаў