Словазлучэнне «полк Каліноўскага» назвалі «экстрэмісцкім матэрыялам»


Суды ў Беларусі прынялі чарговы «пакет экстрэмізмаў» – абнавіўся спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сярод іншага, суд Цэнтральнага раёну Менску 19 кастрычніка прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» словазлучэнне «полк Каліноўскага» кірыліцай і лацінкай.

Сцяг з эмблемай палка Каліноўскага. Кіеў, Украіна. 26 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

У рашэнні суда «экстрэмісцкімі матэрыяламі» называюць сайт палка імя Кастуся Каліноўскага Bel.army, акаўнты палка ў TikTok, YouTube і X (былым Twitter), «візуальны матэрыял», тэксты «полк Каліноўскага» і «polk Kalinouskaha».

Такім чынам, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» фармальна робяцца тэксты ў тым ліку на шматлікіх дзяржаўных і праўладных сайтах, дзе цытавалі нават выказванне пра полк Аляксандра Лукашэнкі.

«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў апошнім «пакеце» назвалі таксама:

  • Сайт Vrogacheve.ru і ягоныя суполкі «Рогачев Online» у «Аднакласніках», Viber і VK;
  • Telegram-канал і YouTube-канал «Беларускi Дабраахвотнiцкi Корпус», лагатып каналаў (але не самі словы «Беларускi Дабраахвотнiцкi Корпус»);
  • Telegram-канал і акаўнты ў Facebook, Instagram і X «Palatno Media»;
  • Telegram-канал «Ex-press.live»;
  • Telegram-канал «Беларускi праваслауны прыход у Вiльнi;
  • Telegram-канал «Кiрылюк Notes Жыве Беларусь» і звязаны з ім чат;
  • Telegram-канал «Колективи Солідарності Solidarity Collectives»;
  • Telegram-канал «Раковское Шоссе»;
  • Telegram-канал «Столін ТуТ»;
  • Instagram-акаўнт «365real.reels»;
  • Instagram-акаўнт «Вольныя Iнiцыятыва дапамогi вольным палiтвязням Беларусi»;
  • Instagram-акаўнт берасцейскага панк-гурта «Дай дарогу!»;
  • Instagram-акаўнт «Motolkohelp»;
  • Instagram-акаўнт «YouTube_belarus»;
  • Facebook-старонку Святланы Ціханоўскай;
  • TikTok-акаўнт «АндрейGhost»;
  • TikTok-акаўнт «Беларуска з-пад Магілёва».

Агулам спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» налічвае на момант публікацыі 1928 запісаў, прычым у адным запісе можа быць адразу некалькі «матэрыялаў»: кніг, фільмаў, інтэрнэт-старонак, асобных фразаў і абрэвіятураў (як крылаты выраз, што пачынаецца са словаў «Хто не скача…», або скарот, які расшыфроўваецца як «усе паліцыянты кепскія»). Не толькі выраб і распаўсюд, а нават «захаванне з мэтай распаўсюду» караецца паводле арт. 17.11 КаАП РБ штрафам, арыштам і канфіскацыяй тэхнікі, пры тым за «распаўсюд» лічаць нават падабайкі і каментары пад «экстрэмісцкімі матэрыяламі», нават зробленыя да прызнання матэрыялу «экстрэмісцкім». Выключэнняў для дзяржаўных і праўладных медыяў у законах няма – ім таксама нельга распаўсюджваць «экстрэмісцкія словы».

Агляд
Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»
2023.08.26 14:16

Полк Каліноўскага – адно з фармаванняў беларусаў у складзе Збройных сілаў Украіны, што ўтварылася ў сакавіку 2022 года з удзелам байцоў тактычнай групы «Беларусь», якія баранілі Украіну яшчэ з 2015 года. Полк складаецца з батальёнаў «Волат» і «Ліцвін» і налічвае, паводле розных ацэнак, некалькі сотняў байцоў. У вайне ва Украіне ўжо загінуў шэраг байцоў палка, але не ўсе імёны загінулых раскрывалі.

Улады Беларусі неаднаразова выказвалі страхі адносна таго, што полк Каліноўскага пойдзе вызваляць Беларусь сілавым шляхам. Ды дагэтуль, мяркуючы паводле злітага запісу выступу намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова, маюць слабое разуменне дзейнасці і структуры палка, а таксама іншых добраахвотніцкіх фармаваннях беларусаў за межамі Беларусі.

Агляд
Выцек запіс выступу Карпянкова перад спецназам: пра вагнэраўцаў, каліноўцаў і эмігрантаў
2023.10.23 21:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў