Уладзімір Зяленскі паразмаўляў з Сі Цзінь Пінам


26 красавіка адбылася тэлефонная размова кіраўніка КНР Сі Цзінь Піна і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Гэта была першая размова паміж лідарамі дзвюх дзяржаваў пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну. Як паведаміла памочніца міністра замежных справаў КНР, ініцыятыва тэлефанавання зыходзіла з Кіева.

Уладзімір Зяленскі напісаў у сваім Twitter аб тым, што размова была «доўгай і змястоўнай», а таксама выразіў упэўненасць, што разам з прызначэннем пасла Украіны ў Кітаі гэта «дасць моцны штуршок развіццю двухбаковых адносінаў». Размова вялася цягам гадзіны і, як адзначыў кіраўнік Офісу ўкраінскага прэзідэнта, мела характар «важнага дыялогу».

Сустрэча Сі Цзінь Піна і Уладзіміра Пуціна ў Маскве, 20 сакавіка 2023 года. Пасля гэтай сустрэчы чакалася, што кіраўнік Кітаю патэлефануе прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму. Але тэлефанавання тады так і не адбылося. Крыніца фота: kommersant.ru

Як стала вядома сёння, прэзідэнт Украіны 26 красавіка падпісаў загад аб прызначэнні паслом Украіны ў Кітаі экс-міністра ў справе стратэгічных галінаў прамысловасці Паўла Рабікіна.

Кітайскі бок заявіў пра тое, што незалежна ад міжнароднай сітуацыі гатовы супрацоўнічаць з Кіевам і збіраецца накіраваць свайго прадстаўніка з візітам ва Украіну і іншыя краіны для таго, каб «падрабязна абмеркаваць з усімі зацікаўленымі бакамі палітычнае ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу». Згодна з паведамленнем Кітайскага цэнтральнага тэлебачання, «Кітай будзе рашуча спрыяць перамоўнаму працэсу і спыненню агню ў як мага больш кароткія тэрміны».

Пры гэтым Сі Цзінь Пін падкрэсліў, што «ў ядравай вайне не можа быць пераможцаў» і што «трэба па-сапраўднаму паглядзець на праблему, зыходзячы з уласнай будучыні, а таксама будучыні ўсяго чалавецтва».

Апроч гэтага, Сі Цзінь Пін адзначыў, што ва «ўкраінскім пытанні Кітай нязменна стаіць на баку міру», і нагадаў пра ўласную прапанову для ўрэгулявання «ўкраінскага крызісу».

«Кітай, – падкрэсліў ён, – сталы чалец Рады бяспекі ААН і адказная дзяржава. Мы не будзем спакойна назіраць збоку за пажарам, які адбываецца, і не будзем падліваць алею ў агонь». Таксама ён дадаў, што Пекін «не мае намеру атрымліваць для сябе якую-небудзь выгаду» з украінскага канфлікту.

Нагадаем, што размовы Сі Цзінь Піна і Уладзіміра Зяленскага ўсе чакалі яшчэ з моманту візіту кіраўніка КНР у Маскву 20–23 сакавіка 2023 года. Але яна тады так і не адбылася.

У лютым Пекін прапанаваў мірны план палітычнага ўрэгулявання паміж Украінай і Расеяй, які складаўся з 12 пунктаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў