Беларускія тэнісісты падпісалі дэкларацыі аб нейтральным статусе, каб згуляць на Ўімблдане


Каб узяць удзел у сёлетнім Ўімблданскім тэнісным турніры, беларускія і расейскія спартоўцы павінны падпісаць асабістыя заявы, якія дазваляюць ім выступаць у якасці нейтральных гульцоў, паведамляе «Reuters».

Беларуска Арына Сабаленка ў паўфінальным матчы жаночага адзіночнага разраду Ўімблданскага тэніснага турніру ў Лондане, Вялікая Брытанія. 8 ліпеня 2021 года.
Фота: Kirsty Wigglesworth / AP Photo / East News

Акрамя падпісання дэкларацыі, беларускія і расейскія спартоўцы, каб удзельнічаць у турніры, не павінны рабіць заяваў у падтрыманне вайны ва Украіне, а таксама не атрымліваць фінансавання ад дзяржаўных кампаніяў Беларусі ці Расеі.

Імёны спартоўцаў, якія ўжо падпісалі дэкларацыі, не называюцца.

«Я не буду дзяліцца падрабязнасцямі, хто гэта, але шэраг гульцоў ужо падпісаў. Мы выслухалі водгукі спартоўцаў за мінулы год, і яны сказалі, што хацелі мець магчымасць падпісаць дэкларацыю. Яны цалкам разумеюць, на што яны падпісваюцца», – заявіла 25 красавіка Сэлі Болтан, выканаўчая дырэктарка Усеанглійскага клубу лон-тэнісу і кракету (AELTC), арганізатара Ўімблдану.

У 2022 годзе Ўімблдан трапіў пад шквал крытыкі за рашэнне цалкам забараніць удзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў на фоне вайны ва Украіне. Першыя тэнісісты свету асудзілі гэтае рашэнне. Міжнародныя тэнісныя асацыяцыі ATP і WTA пазбавілі турнір рэйтынгавых пунктаў, якія прысуджаюцца спартоўцам за перамогу ў кожным коле. Ўімблдан фактычна быў абвешчаны выставачным турнірам, вынікі якога не ўплываюць на рэйтынг спартоўцаў. У сакавіку 2023 года арганізатары Ўімблданскага турніру знялі забарону на ўдзел беларусам і расейцам пры ўмове падпісання дэкларацыі.

Ўімблданскі турнір пройдзе з 3 да 16 ліпеня 2023 года ў Лондане. Гэта міжнародны тэнісны турнір, адзін з чатырох турніраў «Вялікага шлема». Праводзіцца з 1877 года на травяных кортах Усеанглійскага клубу лон-тэнісу і кракету. З 1988 года гэта адзіны турнір серыі «Вялікага шлема», які праходзіць на травяных кортах.

Ўімблданскі турнір сёння не толькі спартовы, але і міжнародны культурны феномен.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў