Улады распачалі кампанію запалохвання, каб людзі не звярталіся па псіхалагічную дапамогу?


У Беларусі яшчэ ў пачатку года набыў моц зменены закон «Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі». У медыях і грамадстве абмяркоўваецца, што цяпер нібыта сілавыя ведамствы могуць яшчэ прасцей атрымаць інфармацыю, якая складае прафесійную таямніцу.

Справа ў тым, што, паводле закону, псіхолагі могуць паведамляць звесткі пра грамадзяніна нават без ягонай згоды трэцім асобам. Сёлета гэты артыкул пашырылі словамі «ў іншых выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі». У беларусаў гэта выклікала перасцярогу, людзі сталі баяцца звяртацца па дапамогу, але псіхолаг у размове з «Белсатам» кажа, што насамрэч нічога асабліва не змянілася. Выглядае, што ўлады вядуць кампанію запалохвання, каб людзі не звярталіся па дапамогу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Toa Heftiba / unsplash.com

Праект закону «Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі» з’явіўся яшчэ паўгода таму. Тады адмыслоўцы абмяркоўвалі гэты дакумент, але з новаўвядзенняў там заўважылі практычна толькі магчымасць вядзення аўдыя- ці відэазапісу. А вось што да перадавання нейкай інфармацыі ў дзяржаўныя органы, дык гэта было заўсёды.

«Мы абавязаныя паведамляць, калі нам стане вядома, напрыклад, пра гвалт над дзецьмі. Гэта датычыць школьных псіхолагаў. І калі ёсць факт гвалту, што стаў вядомы школьнаму псіхолагу, то ён мусіць гэта паведамляць дырэктару школы, а далей інфармацыя трапляе ў аддзел міліцыі і дзеці ў сям’і ставяцца [на ўлік як асобы]  у сацыяльна небяспечным становішчы.  Тады вядзецца праца з сям’ёй. Што да прыватнай практыкі, то калі прыходзіць кліент і псіхолагу стане вядома, што ён, напрыклад, у сутарэнні трымае сваіх родных, то я таксама мушу пра гэта заявіць. Бо гэта злачынства. І мы можам нават не казаць пра паведамленне ў органы кліенту», – кажа псіхолаг у размове з «Белсатам».

Новы пункт у законе, які сведчыць, што псіхолаг можа перадаваць інфармацыю пра кліента «ў іншых выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі», палохае людзей найбольш, кажа псіхолаг.  Гэта перадусім тлумачыцца тым, што ўзровень рэпрэсіяў у краіне атрымаў такія маштабы, што ва ўсіх законапраектах, якія з’яўляюцца сёння, мы перш-наперш бачым захады з боку рэпрэсіўнай машыны. Маўляў, як нам гэта можа нашкодзіць, або якія яшчэ рычагі яны выкарыстаюць, каб нам нашкодзіць, бо сілавікі могуць атрымаць яшчэ адну законную падставу для рэпрэсіяў. Гэта зразумела.

«Але тое, што цяпер раптам усе пачалі казаць, што цяпер псіхолагі абавязаныя паведамляць у дзяржорганы інфармацыю пра сваіх кліентаў, не зусім адпавядае рэчаіснасці. Мы не святары, гэта па-першае, а па-другое, новаўвядзенняў практычна няма, гэтая практыка была і раней, нічога абсалютна новага не з’явілася. Калі прыйдзе чалавек і распавядзе на сеансе, што забіў чалавека, то я ў любым выпадку паведамлю пра гэта», – кажа псіхолаг.

Гісторыі
«Псіхолагі» там добрыя: проста бʼюць, пакуль жыць не захочаш». Размова з былым палітвязнем
2023.01.27 07:00

Увогуле ў законе даслоўна не прапісана, якія звесткі псіхолаг мусіць перадаваць, якая гэта сітуацыя і з чым звязаная. Дакладных прыкладаў і дакладных апісанняў у дакуменце няма.

«У псіхолагаў увогуле ёсць такое правіла, што кліент заўсёды хлусіць. Адказнасць кліента – расказаць мне максімальна праўдзіва, што адбываецца з ім. Многія, хто працуе з ахвярамі гвалту, ведаюць, што кліент часам не здольны нават прагаварыць, што з ім адбылося. Ён мае ў галаве вобраз, але настолькі жахлівы, што яго перанесці ў словы проста немагчыма. Тады прадугледжваецца набор тэхнік схаванага пратаколу, у якім мішэнню для працы стануць цялесныя адчуванні, эмоцыі і пачуцці. Напрыклад, кліент адчувае страх, адчувае сябе бяссільным, у яго апускаюцца рукі. Але хто чалавека катаваў, дзе ён у гэты момант – гэта не мая адказнасць і мне такая інфармацыя для працы нават не патрэбная. Пасля 2020 года многія калегі ў Беларусі пачалі працаваць паводле схаванага пратаколу», – кажа суразмоўца «Белсату».

Экіпаж машыны «Рубеж». Ягоныя байцы маюць траўматычны пісталет «Аса».
Фота: Аляксей Мацюш / SB.BY

Калі ж чалавеку неабходна звярнуцца па дапамогу, але ёсць нейкі страх, то псіхолаг кажа, што з экспертам варта спачатку раіцца, ці патрэбна распавядаць увесь кантэкст, усю сваю гісторыю. Звычайна псіхолагу не патрэбныя падрабязнасці і акалічнасці, каб дапамагчы адпусціць кепскі эмацыйны стан чалавека. Падрабязнасці ўвогуле не патрэбныя і не істотныя. Такім чынам чалавек можа падстрахаваць і сябе, і псіхолага таксама. А спецыялісту лёгка даведацца, што чалавек адчувае, што адчуваў і колькі мае сілаў, каб перажыць крытычны момант і вызваліцца, а таксама, што адбываецца з целам чалавека.

«Астатняе – ведаць няма патрэбы для працы. Псіхолагу зусім не абавязкова быць сведкам у кожным выпадку», – кажа псіхолаг.

Суразмоўца «Белсату» кажа, што ўвогуле мае ўражанне, што сёння вядзецца кампанія запалохвання людзей, каб прымусіць іх не звяртацца па дапамогу да псіхолагаў. Людзі, якія не сутыкаліся з тэрапіяй, чамусьці думаюць, што трэба прыйсці і фактычна распавесці, што і дзе адбылося, але гэта не абавязкова. Пра тое, што ёсць небяспечным для асобы на кансультацыі або для псіхолага, няма патрэбы распавядаць. Па дапамогу звяртацца варта, бо залагодзіць псіхалагічныя праблемы самастойна надзвычай складана, а часам нават і немагчыма.

Разбор
Як правільна спрачацца з «безыдэйнымі» прыхільнікамі вайны і Пуціна? Парады псіхолага
2023.01.24 07:12

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў