Украіна афіцыйна пацвердзіла адыход з Салядару


Спікер Усходняй групоўкі войскаў Збройных сілаў Украіны Сяргей Чараваты ў каментары «Суспільному» паведаміў, што ўкраінскія войскі «для захавання жыцця асабовага складу, Сілы абароны адышлі ад Салядару».

Украінскія вайскоўцы. Крыніца: uniannet/Telegram

«Замацаваліся на загадзя падрыхтаваных рубяжах абароны. Выканалі асноўную задачу: не далі сістэмна прарвацца ворагу на Данецкім напрамку фронту і ўвайсці ў тыл, а затым рухацца на аператыўную прастору. Выбілі максімальна сілаў, у першую чаргу жывую сілу асабістага складу, знясілілі ворага», – сказаў Чараваты.

Паводле яго, лінія фронту ў Салядары выраўненая: ні атачэння, ні ўзяцця ў палон украінскіх вайскоўцаў не было. Пры гэтым Чараваты дадаў, што ЗС не могуць «сабе дазволіць такую раскошу, якую дазваляе наш вораг, проста кідаць байцоў на забойства».

На думку Чараватага, Расея хоча прыцягнуць увагу да «маленькага гораду Салядар на тле таго, што перш за вораг атрымаў істотныя паразы на Кіеўшчыне, у Харкаўскай аперацыі, Ліманскай, Херсонскай».

Украінскі Салядар перад поўнамаштабнай вайной меў 10 тысячаў жыхароў. Пра захоп яго выключна сваімі сіламі яшчэ 10 студзеня заявіў кіраўнік расейскай ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын. Украінскія сілы яшчэ доўга паведамлялі пра баі ў горадзе.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў