У якія краіны беларусам бяспечна ўцякаць ад палітычных рэпрэсіяў? Спыталі BYSOL


Краіны Еўразвязу бяспечныя для палітычных уцекачоў, ды туды трэба візы, а цэны там могуць аказацца занадта высокімі. У Расею адкрыты доступ, але бяспека пад вялікім пытаннем. Куды яшчэ можна паехаць? Спыталі парады ў кіраўніка фонду BYSOL.

Стары горад у Талліне. Эстонія – бяспечная краіна з добрай эканомікай, але яна не дае візаў беларусам. Таллін, Эстонія. 17 красавіка 2019 года.
Фота: Jorge Franganillo / Flickr, CC BY 2.0

Куды выязджаць? Фонд BYSOL дае кансультацыі аб эвакуацыі і выездзе з Беларусі, мае для гэтага «гарачую лінію». Пра гэта «Белсату» расказаў кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак. Вось якія плюсы і мінусы краінаў называюць на «гарачай лініі» BYSOL.

Польшча, Літва, Латвія, Эстонія – бяспечныя краіны з еўрапейскім узроўнем жыцця

У гэтыя краіны патрэбная віза: або шэнгенская, або нацыянальная. Туды з Беларусі не ходзяць цягнікі і не лятаюць самалёты, але яшчэ можна дабрацца аўтобусам ці прыватнай машынай.

У Польшчы найпрасцейшая легалізацыя для палітычных уцекачоў і найлепшыя магчымасці для працоўнай міграцыі, вялікая беларуская дыяспара, найпрасцейшая адаптацыя і лёгкая для вывучэння мова, параўнальна нізкія цэны. Праўда, пры адсутнасці страхоўкі медыцына дарагая, а яе якасць не найлепшая. Агулам суадносіны цаны і якасці паслугаў у Польшчы не самыя добрыя, мяркуюць у BYSOL.

У Літве для палітычных уцекачоў таксама ёсць перавагі, але легалізацыя цяжэйшая, чым у Польшчы. Беларуская дыяспара вялікая, адаптацыя камфортная, але мова ўжо не такая лёгкая для вывучэння. Цэны вышэйшыя за Польшчу, асабліва высокія – на жытло.

У Латвіі таксама хапае беларускіх мігрантаў, адаптацыя лёгкая, працоўная міграцыя даступная. Большасць жыхароў Латвіі разумее расейскую мову, але, як адзначае BYSOL, ў краіне шмат «постсавецкай спадчыны» і «русского мира». Цэны вышэйшыя, чым у Польшчы, але паводле еўрапейскіх мерак яшчэ даступныя.

У Эстоніі беларусам не выдаюць візаў – хіба родзічам тых, хто ўжо там жыве. У Эстоніі таксама еўрапейскі ўзровень жыцця і развітая эканоміка, але цэны ўжо вышэйшыя.

Рэпартаж
12 пытанняў, якія задалі Ціханоўскай і Пераходнаму кабінету беларусы Варшавы
2023.01.24 10:46

Грузія – практычна бязвізавая, бяспечная для палітычных эмігрантаў, але не для ўхілення ад службы

У Грузіі грамадзянам Беларусі можна быць без візы цягам аднаго года, але гэты тэрмін «перазапускаецца», калі з краіны выехаць і вярнуцца. Туды ўсё яшчэ лятаюць самалёты проста з Беларусі. У тым ліку праз гэта там ужо вялікая беларуская дыяспара. Большая частка насельніцтва разумее расейскую мову.

Грузія не выдае Беларусі палітычных уцекачоў, але былі выпадкі выдачы тых, хто ўхіляўся ад прызыву, згадвае Стрыжак. Цэны ў Грузіі ўсё яшчэ не самыя высокія, але кошт жыцця значна вырас пасля пачатку вайны ва Украіне. Таксама цяжка стала знайсці арэнднае жытло, а ў расейскамоўных школах і дзіцячых садках бракуе месцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грузінская паліцыя. Балнісі, Грузія. 28 сакавіка 2020 года.
Фота: police.ge

Арменія і іншыя краіны АДКБ і СНД – тэарэтычна могуць выдаць ці выслаць палітычных уцекачоў

У Арменію з Беларусі лятаюць самалёты. Без візы ў Арменіі можна заставацца толькі 180 дзён на год, і магчымасці «абнулення» тэрміну праз выезд і вяртанне афіцыйна няма, хоць у інтэрнэце можна знайсці інфармацыю, што схема працуе. У краіне ўжо набралася шмат беларускіх рэлакантаў. Большасць жыхароў Арменіі разумее расейскую мову, легалізацыя і працаўладкаванне лёгкія. Хоць цэны на жытло істотна выраслі пасля пачатку вайны ва Украіне, агулам жыць у Арменіі нядорага, адзначаюць у фондзе.

Ды для палітычных уцекачоў BYSOL бачыць праблему: Арменія ўваходзіць разам з Беларуссю і Расеяй у Арганізацыю дамовы калектыўнай бяспекі і Садружнасць незалежных дязржаваў. Праз гэта нельга выключаць магчымасць палітычнай дэпартацыі, хоць такіх выпадкаў пакуль не было (нядаўна Арменія выдала беларуса, якога на радзіме вінавацяць у растраце дзяржаўнай маёмасці і ўхіленні ад прызыву ў войска). Акрамя таго, у Арменіі напружаная сітуацыя пасля леташняга ўзброенага канфлікту з Азербайджанам з прычыны Нагорнага Карабаху.

У АДКБ і СНД таксама ўваходзяць Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан, у СНД – яшчэ Азербайджан, Малдова і Узбекістан. У Азербайджан, Казахстан і Узбекістан з Беларусі лятаюць самалёты.

Разбор
Куды беларусы могуць надоўга з’ехаць без візы? Казахстан змяніў правілы бязвізавага ўезду
2023.01.20 19:10

Нямеччына – высокі ўзровень жыцця і высокія цэны, ёсць гуманітарныя візы

Нямеччына выдае беларусам візы, у тым ліку нацыянальныя гуманітарныя візы рэпрэсаваным або актывістам, якім пагражаюць рэпрэсіі. Але для атрымання гуманітарнай візы патрэбныя важкія доказы, як мінімум крымінальная справа. І немцы славяцца складанымі бюракратычнымі працэдурамі, у тым ліку для легалізацыі.

Гэта адна з наймацнейшых эканомік свету, і, як кажуць у BYSOL, папулярны напрамак для такіх рэлакантаў, якія шукаюць высокі ўзровень жыцця і добрыя перспектывы на будучыню. Але такіх рэлакантаў менавіта з Беларусі там не так шмат.

ЗША – эканоміка, правы і свабоды, але візу атрымаць няпроста

Злучаныя Штаты – папулярны кірунак для працоўных мігрантаў, спецыялістаў-славянаў там цэняць, расказвае BYSOL. Гэта адна з найлепшых эканомік свету са зручным заканадаўствам для самарэалізацыі і развіцця, высокім узроўнем абароны правоў і свабодаў.

Але да ЗША дабірацца доўга і дорага, візу атрымаць няпроста. Для атрымання палітычнага прытулку патрэбная важкая база доказаў, а прасіць прытулак можна толькі на тэрыторыі краіны, куды без візы не пусцяць. У выніку гэта не самы папулярны напрамак у палітычных рэлакантаў.

Парады
Што трэба ведаць пра псіхалогію міграцыі і як не ўпасці ў дэпрэсію
2021.09.01 08:30

Турэччына – добры перавалачны пункт, але без плюсаў для палітычных уцекачоў

У Турэччыну з Беларусі лятаюць самалёты. Безвізавы рэжым дае толькі 30 дзён на паездку і сумарна 90 дзён на год, асаблівых палёгкаў для палітычных уцекачоў няма.

Але краіна даволі зручная для працоўнай міграцыі, адзначае BYSOL, адносна папулярная ў беларускіх рэлакантаў. Кошт жыцця там невысокі, а краіна даволі вялікая і разнастайная, з «варыянтамі на любы кашалёк».

Расея – рызыкоўная задума, але часам адзіны шлях

Андрэй Стрыжак кажа, што Расею можна выкарыстоўваць хіба для транзіту, а заставацца там BYSOL нікому не раіць. Сілавыя структуры Расеі і Беларусі супрацоўнічаюць, у Расеі часам хапаюць беларусаў і выдаюць у Беларусь.

Але бывае, што іншага выйсця няма:

«Кіруешся думкамі пра тое, дзе ў цябе большая рызыка: ці ты сядзеш у турму і будзеш катаваны ці паспрабуеш праз Расею прайсці, – кажа Стрыжак пра тых, хто ўцякае з Беларусі праз Расею. – Толькі ў транзітных мэтах і з поўным разуменнем рызыкаў, якія гэта за сабой цягне, можна карыстацца гэтым шляхам».

У Казахстане ці Узбекістане рызыка не такая высокая, але туды не паехаць на аўтобусе, не заехаўшы ў Расею, а пры пасадцы на самалёт у Беларусі – не пазбегчы праверкі дакументаў.

Беларуска-расейская мяжа на шашы М1. Красная Горка, Расея. 26 жніўня 2012 года.
Фота: Фотобанк Moscow-Live / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

Інтэрпол можа затрымаць дзе заўгодна і не паўсюль адпусціць

Стражак адзначае, што Беларусь усё яшчэ можа рабіць запыты ў Інтэрпол. Там ведаюць асноўных актараў беларускай дэмакратычнай супольнасці і ведаюць, што Беларусь можа звяртацца па іх затрыманне з палітычных прычынаў. Праз запыт па лініі Інтэрполу беларускага актывіста тэарэтычна могуць затрымаць – але правераць і адпусцяць.

Ды існуюць міждзяржаўныя дамоўленасці па лініі Інтэрполу, якія не кантралюе галоўнае бюро Інтэрполу. Стрыжак раіць тым, хто можа быць «вельмі цікавым» уладам Беларусі, выбіраць краіны Еўразвязу, ЗША, Канаду, Японію ды іншыя краіны, якія дакладна ні пры якіх акалічнасцях не стануць без разбору выдаваць чалавека ўладам Беларусі.

Аб’ектыў
Да канца стагоддзя беларусаў можа застацца толькі 4 мільёна чалавек
2023.01.17 21:59

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў