Палітзняволеную журналістку Ксенію Луцкіну пачнуць судзіць 1 верасня


У Менскім гарадскім судзе 1 верасня пачынаецца разгляд справы былой журналісткі БТ Ксеніі Луцкіной, якую абвінавачваюць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

Ксенія Луцкіна.
Фота: Ксения Луцкина / Facebook

Ксенію Луцкіну затрымалі ў снежні 2020 году.

Паводле абвінавачання, журналістка займалася стварэннем «грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання», мэта якога – утойванне і скажэнне рэальных фактаў, эскалацыя пратэснай актыўнасці, стымуляванне расколу ў беларускім грамадстве, фармаванне ў людзей негатыўнага меркавання аб дзейнасці дзяржорганаў».

Пракуратура ставіць у віну журналістцы, што яна «рыхтавала і рэдагавала тэксты заяваў, зваротаў, іншых публічных выступаў і публікацыяў ад імя і ў інтарэсах «Каардынацыйнай рады» для дэстабілізацыі палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне», а таксама што яна не пазней за 17 жніўня 2020 года ўступіла ў склад так званай «Каардынацыйнай рады», у якой узначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ».

У зняволенні ў журналісткі пачаліся моцныя праблемы са здароўем – у яе расце пухліна ў галаўным мозгу. Вядома, што жанчына адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Справу Луцкіной будзе разглядаць суддзя Таццяна Фалькоўская.

Журналістцы пагражае ад 8 да 12 гадоў турмы.

Па стане на 24 жніўня ў Беларусі за кратамі знаходзяцца 27 супрацоўнікаў медыя.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў