Звальняюць дырэктарку Гомельскага моладзевага тэатру Алену Маставенку


Дырэктарцы Гомельскага моладзевага тэатру Алене Маставенцы ўручылі паведамленне пра непрацяг кантракту, які сканчаецца 25 студзеня. Прычынаў звальнення пакуль не называлі.

Алена Маставенка.
Фота: Анастасия Панкратова/Facebook

«Беларускія ўлады працягваюць зачышчаць тэатр ад яскравых, неардынарных, таленавітых дзеячаў. На гэты раз дабраліся да Гомельскага маладзёжнага тэатру. Два дні таму дырэктару Алене Маставенцы ўручылі апавяшчэнне пра непрацяг кантракту», – напісала ў Facebook тэатральны крытык Настасся Панкратава.

Паводле Панкратавай, акторы тэатру пішуць лісты ў абарону сваёй кіраўніцы, але шанцаў змяніць сітуацыю мала. «Бэкграўнд двух апошніх гадоў пакідае вельмі мала надзеі на хоць нейкую справядлівасць. Каму патрэбная творчасць, калі ў аснову кладзецца ідэалогія?», – кажа яна.

Як кажа тэатральны крытык, мясцовыя газеты называлі «Маладзёжку» самым лямпавым тэатрам у горадзе, але цяпер атмасферны тэатр імкліва адкаціўся да безаблічнага калектыву, якіх сёння стае ў Беларусі.

За час кіравання Алены Маставенкі Гомельскім моладзевым тэатрам – з 2017 года – там з’явілася шмат небанальных аўтараў і яскравых рэжысёраў. На яго сцэне працавалі такія рэжысёры, як Юрый Дзівакоў, Дзяніс Паршын, Віталь Краўчанка. Для спектакляў браліся п’есы сучасных беларускіх і замежных драматургаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў