Генпракуратура Украіны пачала расследаванне супраць Беларускага Чырвонага Крыжа


Генпракурор Украіны Андрэй Косцін у сваім Twitter паведаміў пра расследаванне супраць Беларускага Чырвонага Крыжа ў звязку з імавернай датычнасцю арганізацыі да дэпартацыі дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў. Гэта – суўдзел у міжнародным злачынстве, упэўнены Косцін.

Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.
Фота: sb.by

Генпракурор Украіны Андрэй Косцін абвінаваціў Беларускі Чырвоны Крыж у суўдзеле ў здзяйсненні міжнароднага злачынства. Ён напісаў пра гэта ў Twitter:

«Гэтая арганізацыя груба парушае нормы Жэнеўскіх канвенцыяў, а таксама фундаментальныя прынцыпы руху Чырвонага Крыжа. Мы пачалі расследаванне, каб забяспечыць адказнасць за кожны выпадак прымусовага перамяшчэння або дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей».

Косцін таксама выказаў спадзеў, што Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа «разгледзіць гэтае парушэнне і прыме адпаведныя захады».

Між тым Беларускі Чырвоны Крыж – частка Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Раней міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба запатрабаваў ад Міжнароднага крымінальнага суда выдаць ордар на арышт кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, які заявіў аб датычнасці да вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.

Hавiны
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа прызнаў, што арганізацыя вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь
2023.07.19 13:55

18 ліпеня ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» паказалі рэпартаж з Данбасу, падчас якога Шаўцоў заявіў: «Мяне да глыбіні душы абурыў той факт, што людзі … лічаць, што так лагічна рабіць, калі абвінавацілі Беларусь у тым, што мы выкрадаем дзяцей, якія прыязджаюць да нас на аздараўленне. І шчыра кажучы, справа ў тым, што і Беларускі Чырвоны Крыж браў у гэтым – і бярэ, і будзе браць у гэтым – актыўны ўдзел».

Кіраўнік НАУ Павел Латушка, каментуючы «Белсату» гэтую заяву, запэўніў, што за дзейнасцю Беларускага Чырвонага Крыжа сочаць, і, калі з’явяцца доказы, іх перададуць пракурору Міжнароднага крымінальнага суда.

Каментар
Кіраўніку беларускага Чырвонага Крыжа прыгразілі трыбуналам за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей
2023.07.19 19:20

Латушка збірае звесткі аб датычнасці беларускай дзяржавы да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны, раней ён ужо перадаў суду ў Гаазе адпаведныя дакументы.

Праз гэтую дзейнасць, упэўнены кіраўнік НАУ, ён атрымлівае пагрозы забойства.

Hавiны
Паўла Латушку пагражаюць забіць за дзейнасць супраць вывазу ў Беларусь украінскіх дзяцей
2023.07.19 23:29

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў