Стаўка рэфінансавання ў Беларусі змяншаецца да 11,5 % гадавых


Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 23 студзеня 2023 года зніжаецца з 12 % да 11,5 % гадавых, стаўка для крэдытаў оўвэрнайт – з 13 % да 12,5 % гадавых, стаўка для дэпазітаў оўвэрнайт – з 11 % да 10,5 % гадавых. Адпаведныя пастановы прынятыя кіраўніцтвам Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь мінулым тыднем.

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь.
Фота: ІА / Белсат

Як адзначылі ў Нацбанку, апошнія месяцы назіраецца ўстойлівае запаволенне інфляцыі, а таксама зніжэнне інфляцыйных чаканняў насельніцтва. У снежні мінулага года гадавы прырост спажывецкіх цэнаў склаў 12,8 %.

«Такая дынаміка спажывецкіх цэнаў станоўча адбіваецца на інфляцыйных чаканнях эканамічных агентаў. Згодна з вынікамі апытанняў, чаканая насельніцтвам у наступныя 12 месяцаў інфляцыя ў снежні 2022 года зменшылася да 12,6 % з 14 % у верасні 2022 года», – гаворыцца ў паведамленні.

У цэлым ашчаджальная актыўнасць застаецца стрыманай на фоне зніжэння ставак для дэпазітаў.

«У гэтых умовах, з улікам чаканага далейшага запаволення інфляцыі, кіраўніцтва Нацыянальнага банку пастанавіла знізіць стаўку рэфінансавання на 50 базісных пунктаў. Наступныя пастановы адносна стаўкі рэфінансавання Нацыянальны банк будзе прымаць з улікам фактычнай і чаканай дынамікі інфляцыі, а таксама ацэньваючы рызыкі з боку ўнутраных і вонкавых умоваў і рэакцыі на іх фінансавых рынкаў», – паведамляецца ў прэс-рэлізе.

У штотыднёвым аглядзе аналітыкаў Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР) гаворыцца, што стаўка рэфінансавання ў Беларусі ў 2023 годзе можа быць зніжаная Нацыянальным банкам да 10 % пры ўмове запаволення інфляцыі.

На думку аналітыкаў ЕАБР, «зніжэнне стаўкі рэфінансавання, хутчэй за ўсё, не паўплывае на адсоткавыя стаўкі крэдытна-дэпазітнага рынку, бо яны рэзка знізіліся ў другой палове мінулага года ва ўмовах прафіцыту ліквіднасці банкаў».

Нацбанк падняў стаўку рэфінансавання да 12 % гадавых пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у канцы леташняга лютага, і з таго часу яна не мянялася.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў