Еўрапейская рада заклікала Іран і Беларусь неадкладна спыніць падтрыманне Расеі


Лідары краінаў Еўрапейскага Звязу падчас сустрэчы ў Бруселі 20–21 кастрычніка выступілі з асуджэннем Ірану і Беларусі, якія сталі саюзнікамі Расеі ў вайне, якую яна развязала на тэрыторыі Украіны. Краіны ЕЗ узгаднілі рэзалюцыю, тэкст якой быў размешчаны на сайце Еўрапейскай рады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота Аліса Ганчар / Белсат

«Еўрапейская рада заклікае ўлады Беларусі спыніць падтрыманне расейскай агрэсіўнай вайны шляхам дазволу расейскім узброеным сілам выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі і праз падтрыманне расейскіх вайскоўцаў. Рэжым у Беларусі павінен у поўнай меры выконваць уласныя абавязкі ў адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам», – гаворыцца ў рэзалюцыі.

У рэзалюцыі сказана і аб тым, што Еўрапейскі Звяз застаецца гатовы хутка ўводзіць новыя санкцыі супраць Беларусі.

Таксама ў тэксце рэзалюцыі асуджаюцца дзеянні Ірану, які пастаўляе Расеі зброю.

«Еўрапейская рада таксама рашуча асуджае вайсковае падтрыманне агрэсіўнай расейскай вайны, якое аказваюць іранскія ўлады, і яно павінна быць спыненае. У сувязі з гэтым Еўрапейская рада вітае санкцыі ЕЗ, прынятыя 20 кастрычніка», – заявілі лідары краін Еўрапейскага Звязу.

Еўрапейская рада таксама пацвердзіла сваю далейшую падтрымку Украіны, якая будзе працягвацца столькі, колькі спатрэбіцца, уключаючы палітычныя, вайсковыя і фінансавыя захады. Лідары краінаў ЕЗ таксама заклікалі да больш хуткага вылучэння Украіне яшчэ 3 млрд еўраў фінансавай дапамогі.

Раней, 10 кастрычніка, пасля абвінавачанняў уладаў Беларусі на адрас Украіны Еўракамісія ўзняла пытанне новых санкцыяў супраць Беларусі. Прадстаўнік ЕЗ у замежных справах Пэтэр Стана заклікаў спыніць распаўсюд «ілжывых абвінавачанняў» на адрас Украіны і адклікаць супольную групоўку войскаў з Расеяй.

Hавiны
Украіна ўвяла санкцыі супраць Галіны Лукашэнкі, фізічных і юрыдычных асобаў Беларусі
2022.10.20 19:43

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў