Па БТ паказалі відэа з Шарэнадай-Панасюк, якую тры гады збіваюць і катуюць у зняволенні


У эфіры дзяржаўнага тэлебачання паказалі сюжэт з палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк. Прапагандыстка «Беларусь 1» Анастасія Бенедзясюк прыехала да Паліны ў рэчыцкую калонію.

Паліна Шарэнда-Панасюк. Скрыншот з
відэа: Беларусь 1

На вопратцы Паліны Шарэнды-Панасюк была заўважаная жоўтая бірка, якую даюць усім, хто асуджаны паводле пратэставых артыкулах. Выглядала яна не вельмі добра. Размову яе прымусілі весці па-расейску, хоць сам сюжэт вядоўца пачала па-беларуску.

Падчас размовы палітзняволеная расплакалася, калі ёй паказалі відэа ейных дзяцей, якіх яна не бачыла ўжо некалькі гадоў. Яна таксама распавяла, што хоча пабыць з мужам у цішыні на незаселеным востраве.

«Якую б лухту сёння не паказвалі лукашысцкія памыйкі, трэба разумець, што Паліна ратуе свае жыццё. І верыць лукашысцкім памыйкам нельга. Нармальнай сувязі з Палінай няма ўжо тры месяцы. Мы нават блізка не ведаем, што здарылася з ёй за гэты час», – адзначыў у Facebook муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда, які праз рэпрэсіі быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Тэлеканал «Беларусь 1» паказаў відэа з палітзняволенай неўзабаве пасля таго, як Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (КЛДЖ) 19 сакавіка запрасіў Беларусь прыняць часовыя меры для яе абароны. Камітэт папрасіў Беларусь «у тэрміновым парадку забяспечыць Паліне Шарэнда-Панасюк паўнавартасную і належную медычную дапамогу і стварыць умовы, якія б спрыялі захаванню яе жыцця, фізічнага і псіхалагічнага здароўя». Меры КЛДЖ абавязковыя да выканання. 

Гэта зварот таксама згадваўся ў сюжэце. Адмысловымі пытаннямі зняволеную прымушалі казаць, што з ёю ўсё добра і ўмовамі ўтрымання яна задаволеная.

Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ва ўласным доме 3 студзеня 2021 года. А праз паўгода асудзілі на два гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. У красавіку 2022 г. яна атрымала яшчэ адзін год калоніі па арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Гэты тэрмін павінен быў скончыцца 6 жніўня 2023 года, але на жанчыну завялі яшчэ адну справу за «непадпарадкаванне» і дадалі 1 год пазбаўлення волі.

Hавiны
Паліна Шарэнда-Панасюк – суддзю: Крэсла, на якім вы седзіце, і тое праўдзівейшае за вас
2021.06.08 14:46

На працягу ўсяго знаходжання ў месцах зняволення Паліна падвяргалася бесчалавечнаму і прыніжаючаму годнасць абыходжанню. Яе неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, пазбаўлялі спатканняў і кантактаў са сваякамі, збівалі. У яе не было доступу да сродкаў гігіены і цёплай вады, ёй даводзілася спаць на халоднай падлозе без пасцельнай бялізны і матраца, ёй блакавалі перапіску і не выдавалі неабходныя медычныя прэпараты. Таксама за Палінай і яе сукамерніцамі назіралі супрацоўнікі-мужчыны, якія мелі кругласутачны доступ да відэа і бачылі жанчын, пакуль тыя пераапраналіся і хадзілі ў прыбіральню. Жанчыне нават не перадавалі фотаздымкі дзяцей, якіх яна не бачыла тры гады. 

А на ейных вачах сілавікі парэзалі ліст з пералікам лекаў, якія яна хацела атрымаць ад сваякоў.

Пры гэтым Паліна, здароўе якой моцна падарванае, абвяшчала галадоўку праз нязгоду з пастаяннымі дадатковымі турэмнымі тэрмінамі.

Жанчына папярэджвала, што можа не дацягнуць да вызвалення і прасіла зрабіць усё магчымае дзеля ейнага вызвалення.

Муж палітзняволенай Андрэй Шарэнды апавядаў, што са студзеня 2024 года пра Паліну нічога невядома. У дачыненні да яе, як і шэрагу іншых палітзняволеных, быў ужыты рэжым інкамунікада. Гэты тэрмін апісвае чалавека ў няволі, якога пазбавілі ліставання і спатканняў з адвакатамі і сваякамі.

Hавiны
«Выглядае кепска». З палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк сустрэліся сваякі
2023.10.26 16:26

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў