Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк дадалі яшчэ год калоніі


У Рэчыцкім судзе ў панядзелак, 9 кастрычніка, скончыўся разгляд справы супраць Паліны Шарэнды-Панасюк. Яе абвінавацілі ў злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі. Пракурор запатрабаваў для жанчыны адзін год зняволення. Суддзя Станіслаў Іванюценка роўна столькі і прызначыў, паведамляюць праваабаронцы.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк

У першы дзень разгляду судовай справы, 2 кастрычніка, Паліна Шарэнда-Панасюк скардзілася на жорсткія ўмовы ўтрымання і ціск у калоніі. Палітзняволеная распавяла, што за ўвесь час утрымання за кратамі больш за 200 дзён яна правяла ў ШІЗА, а ў Рэчыцкім ІЧУ, дзе яе ўтрымлівалі, пакуль ішоў суд, ёй не выдавалі пасцельных рэчаў.

Таксама Паліна згадала пра збіццё ў калоніі іншымі асуджанымі. На думку Паліны і ейных родных, збіццё было арганізаванае адміністрацыяй калоніі.

Гэта ўжо другі прысуд Паліне паводле арт. 411 КК РБ «Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы». Раней ёй ужо дадавалі адзін год, той суд адбыўся ў красавіку 2022 года. Тады Паліна сталася першаю палітзняволенаю жанчынаю, якую асудзілі паводле арт. 411 у Беларусі. Калі б не новая, другая справа паводле таго ж артыкулу, Паліна выйшла б на волю сёлета 6 жніўня.

Hавiны
«Зняволенне становіцца бясконцым». Паліна Шарэнда-Панасюк за кратамі ўжо 1000 дзён
2023.09.30 11:03

Маці дваіх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Сілавікі са зброяй і ў бронекамізэльках выламалі дзверы ў ейную кватэру, учынілі ператрус, канфіскавалі маёмасць, а яе самую ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. 9 чэрвеня 2021 года суддзя Яўген Брэган прысудзіў Шарэндзе-Панасюк два гады калоніі агульнага рэжыму. Абвінавачанне падтрымліваў пракурор Павел Крупеніч.

У лютым 2022 года з ініцыятывы начальніка гомельскай ПК № 4 падпалкоўніка Дзяніса Таўсцянкова суддзя Мікалай Крупадзёраў дадаў Паліне яшчэ год зняволення паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

Разбор
Як «шылі справу» супраць палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк
2023.06.01 14:50

У ліпені 2023 года муж Паліны паведамляў, што палітзняволеную моцна збілі ў калоніі: на твары было бачна шмат сінякоў і было перабітае пераноссе. Таксама жанчына адмовілася праходзіць псіхіятрычную экспертызу, на якую яе накіравалі з калоніі.

У калоніі Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася ад грамадзянства Беларусі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў