Андрэй Шарэнда: Імаверна, супраць маёй жонкі ўключылі рэжым інкамунікада


Сваякі Паліны Шарэнды-Панасюк ужо паўтара месяца зусім не атрымліваюць інфармацыі пра жанчыну, якая знаходзіцца за кратамі больш за тры гады. Яе муж мяркуе, што Паліну вырашылі цалкам, як і іншых вядомых палітвязняў, ізаляваць, уключыўшы так званы рэжым інкамунікада.

Даведка

Што такое інкамунікада?

У міжнародным праве ёсць такі тэрмін, ён апісвае чалавека ў няволі, якога пазбавілі ліставання і спатканняў з адвакатамі і сваякамі. У такім стане ні зняволены не атрымлівае ніякай інфармацыі з волі, ні людзям па-за турмою пра яго нічога не вядома. У практыцы міжнародных праваабарончых механізмаў інкамунікада стаіць у адным шэрагу з гвалтоўнымі знікненнямі – адным з самых цяжкіх парушэнняў правоў чалавека.

Да сканчэння чарговага тэрміну Паліны Шарэнды-Панасюк засталося 99 дзён. Ейны муж заклікае ціснуць на рэжым Лукашэнкі.

Паліна ў жаночай калоніі № 24 знаходзіцца з 22 снежня. Пасля Новага году Паліна выйшла з каранціну і змагла даслаць некалькі лістоў, да нас дайшоў толькі адзін – але гэта цяжка назваць лістом, гэта проста спіс рэчаў, якія яна просіць перадаць у першую чаргу. Але з гэтага можна зрабіць выснову, што мая жонка ў калоніі вельмі мерзне. Мы адразу адправілі пасылку, але да сёння не зразумела, ці атрымала Паліна яе, бо ўжо паўтара месяца няма ніякай сувязі з ёю. Сувязь абарвалася раптоўна, некалькі тыдняў таму ў калонію ездзіў адвакат, але яму не далі сустрэцца з Палінаю. У калоніі сказалі, што яна не напісала заявы на сустрэчу з адвакатам, але гэта хлусня, яна гэта робіць у першую чаргу. У выніку мы нічога не ведаем пра стан яе здароўя, – кажа ў размове з «Белсатам» Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк з мужам Андрэем Шарэнда і дзецьмі.
Фота: асабісты архіў сям’і Шарэндаў

Мужчына адзначае, што да сканчэння чарговага тэрміну Паліны засталося крыху больш за тры месяцы, і хвалюецца, што па яго сканчэнні ягоную жонку зноў могуць не выпусціць, як гэта было ўжо два разы.

Сёння да сканчэння чарговага тэрміну Паліны застаецца 99 дзён, і я заклікаю ўсіх аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі, толькі такім чынам, пры ўключэнні максімальнага ціску на гэтую ўладу, мы можам вызваліць не толькі Паліну, а і ўсіх нашых палітвязняў, – адзначае Андрэй Шарэнда.

Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Першы раз ёй прызначылі 2 гады калоніі за нібыта гвалт у дачыненні міліцыянта, знявагу Лукашэнкі і знявагу прадстаўніка ўлады. Затым былі яшчэ два прысуды як пад капірку: па 1 году зняволення паводле абвінавачання ў злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі.

Вольга Зазулінская: Мы будзем прамаўляць галасамі тых, каго пазбаўляюць кантактаў са знешнім светам

Кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская адзначае, што ўлады ўключылі інкамунікада супраць вядомых палітвязняў.

Беларускія ўлады, акрамя таго, што ствараюць невыносныя ўмовы ўтрымання тым, хто знаходзіцца ў месцах несвабоды ў сувязі са сваімі палітычнымі поглядамі і грамадзянскай пазіцыяй, пазбаўляюць палітвязняў кантактаў са знешнім светам. На сённяшні дзень мы ведаем пра дзясяткі людзей, якія знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада, і, як правіла, гэта вядомыя людзі, за якімі сочыць грамадскасць. Напрыклад, сям’я Марыі Калеснікавай атрымала ад яе апошні ліст 15.02.2023, пра Мікалая Статкевіча нічога не вядома ўжо 375 дні, пра Сяргея Ціханоўскага – 349 дзён, пра Ігара Лосіка – 1 год, 09.02.2024 быў роўна год, як нічога не вядома пра Максіма Знака, ад Віктара Бабарыкі няма вестак ужо 299 дзён, – кажа ў размове з «Белсатам» Вольга Зазулінская.

Яна адзначае, што на сёння немагчыма сказаць, пра якую колькасць такіх палітвязняў мы не ведаем, бо сем’і неахвотна выводзяць інфармацыю ў медыяпрастору праз страх нашкодзіць самому палітвязню ці апынуцца на ягоным месцы за сувязі з арганізацыямі і ініцыятывамі, якія ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

– Безумоўна, гэта яшчэ адна мера ціску на палітвязняў, як і пазбаўленне спатканняў, перадачаў, змена рэжыму на больш строгі. Безумоўна, сілавікі разлічваюць такім чынам «зламаць» чалавека і прымусіць яго адмовіцца ад сваіх ідэалаў і прынцыпаў. І менавіта таму мы працягваем нагадваць пра беларускіх палітвязняў на кожнай міжнароднай пляцоўцы, на якой апынаемся, мы імкнёмся прамаўляць іхнымі галасамі, паколькі іхных галасоў пакуль не чуваць, – кажа Вольга Зазулінская.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў