Знікла палітзняволеная Шарэнда-Панасюк. Яе не могуць знайсці з 7 ліпеня


Ані сваякі, ані адвакату не атрымліваецца даведацца месцазнаходжанне палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк. Пра гэта ў Facebook паведаміў ейны муж Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Паводле яго, яшчэ 7 ліпеня палітзняволеную спецэтапам вывезлі з СІЗА №1 на Валадарскага ў Менску. З таго часу не атрымалася высветліць, дзе яна.

«Толькі зараз з ананімных крыніц атрымалася высветліць нейкія падрабязнасці, што здарылася з Палінай у пачатку чэрвеня перад этапам на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі. Адміністрацыя калоніі №24 арганізавала для Паліны так званую «прэсхату», падсадзіўшы да яе ў камеру ПКТ дзвух жанчын-првакатарак. Зразумела, што знясіленая многімі месяцамі знаходжання ў ШІЗА і ПКТ Паліна не змагла даць адпор і была моцна збіта. І так моцна, што ёй спатрэбілася шпіталізацыя ў санчастку калоніі. Па неправеранай інфармацыі ў Паліны было зламана рабро, ушыб ныркі і перабіта пераноссе. Нават праз амаль тры тыдні пасля збіцця 22 чэрвеня, калі Паліну бачылі ў СІЗА №1 на Валадарскага, у Паліны заставаліся шматлікія гематомы на твары і шныр на пераноссі», – паведаміў Андрэй Шарэнда.

Hавiны
Паліну Шарэнду-Панасюк моцна збілі ў калоніі
2023.07.19 14:16

Маці дваіх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Сілавікі са зброяй і ў бронекамізэльках выламалі дзверы ў ейную кватэру, учынілі ператрус, канфіскавалі маёмасць, а яе самую ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. 9 чэрвеня 2021 года суддзя Яўген Брэган прысудзіў Шарэндзе-Панасюк два гады калоніі агульнага рэжыму. Абвінавачанне падтрымліваў пракурор Павел Крупеніч.

Паліна мелася выйсці на свабоду 6 жніўня, але супраць яе ўжо другі раз была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Цяпер жанчыне пагражае да двух гадоў зняволення.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў