Упершыню ў гісторыі: Камітэт ААН заклікаў Беларусь абараніць Паліну Шарэнда-Панасюк


Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (КЛДЖ) 19 сакавіка заклікаў Беларусь прыняць часовыя меры для абароны палітзняволенай актывісткі Паліны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы такі выпадак па справах супраць Беларусі, адзначаюць праваабаронцы з беларускай праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк

Камітэт зарэгістраваў скаргу Андрэя Шарэнды адносна дыскрымінацыі яго жонкі Паліны ў студзені 2024 года. У скарзе юрысты Respect-Protect-Fulfill прасілі прызнаць, што Беларусь парушыла Канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, паколькі Паліна Шарэнда-Панасюк падчас свайго зняволення падвергнулася дыскрымінацыі па палавой прыкмеце.

На працягу ўсяго знаходжання ў месцах зняволення Паліна падвяргалася бесчалавечнаму і прыніжаючаму годнасць абыходжанню. У яе не было доступу да сродкаў гігіены і цёплай вады, ёй даводзілася спаць на халоднай падлозе без пасцельнай бялізны і матраца, ёй блакавалі перапіску і не выдавалі неабходныя медычныя прэпараты. Яны таксама ўказалі, што той факт, што за Палінай і яе сукамерніцамі назіралі супрацоўнікі-мужчыны, якія мелі кругласутачны доступ да відэа і бачылі жанчын, пакуль тыя пераапраналіся і хадзілі ў прыбіральню, з’яўляецца неабгрунтаваным умяшаннем у іх асабістае жыццё і парушэннем іх правоў.

Камітэт пагадзіўся з выкладзенымі аргументамі і папрасіў Беларусь «у тэрміновым парадку забяспечыць Паліне Шарэнда-Панасюк паўнавартасную і належную медычную дапамогу і стварыць умовы, якія б спрыялі захаванню яе жыцця, фізічнага і псіхалагічнага здароўя». Меры КЛДЖ абавязковыя да выканання.

У 2021 годзе Паліну Шарэнда-Панасюк асудзілі на два гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў прымяненні гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. У красавіку 2022 г. яна атрымала яшчэ адзін год калоніі па арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Гэты тэрмін павінен быў скончыцца 6 жніўня, але на жанчыну завялі яшчэ адну справу за «непадпарадкаванне» і дадалі 1 год пазбаўлення волі.

Муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк 8 сакавіка апублікаваў допіс на сваёй старонцы ў Facebook, у якім апавёў, як Міжнародны жаночы дзень адзначаўся ў сям’і, а таксама, што ўжо два месяцы пра Паліну нічога невядома.

Hавiны
Андрэй Шарэнда: Імаверна, супраць маёй жонкі ўключылі рэжым інкамунікада
2024.02.20 19:05

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў