Жыхароў Баранавічаў масава судзяць за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»


Больш за тыдзень у Баранавічах працягваецца пераслед мясцовых жыхароў, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна». Да людзей урываюцца з ператрусамі, затрымліваюць, а потым кідаюць на содні. Затрыманым «прапаноўваюць» здаць «біяматэрыял».

Як стала вядома праваабаронцам, ператрусы ладзіць ГУБАЗіК. Яны шукаюць зброю, наркотыкі і сімволіку. Некаторых людзей вязуць праходзіць паліграф. Мясцовыя жыхары мяркуюць, што іх месцазнаходжанне высвятляецца праз спасылку, якую ім дасылаюць міліцыянты з розных акаўнтаў. Калі па ёй пераходзяць, то праз некалькі гадзінаў прыязджаюць сілавікі. А ў некаторых перад затрыманнем узламалі тэлеграм-акаўнт. Затрыманых утрымліваюць у баранавіцкім ІЧУ без матрацаў і бялізны, камеры перапоўненыя, ноччу двойчы будзяць для праверкі. Паведамляецца, што па палітычных матывах у ізалятары сядзяць некалькі дзясяткаў чалавек.

Затрыманыя распавядаюць праваабаронцам, што сілавікі пагражаюць зрабіць іх падазраванымі ў любой крымінальнай справе ці арыштаваць за супраціў.

21 сакавіка ў судзе Баранавіцкага раёну і г. Баранавічы разгледзелі мінімум сем справаў паводле арт. 19.11 КаАП – «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але насамрэч, як адзначаюць затрыманыя, судоў было значна больш. Судзяць за рэпосты з «экстрэмісцкіх каналаў», за каментары, а таксама за фота бюлетэняў, якія людзі дасылалі пасля рэферэндуму на платформу «Голас».

Hавiны
За фота вайсковай тэхнікі і перадачу яго «экстрэмісцкаму Telegram-каналу» затрымалі жыхара Пінску
2022.03.21 16:22

Вядомыя вынікі толькі трох судовых пасяджэнняў: двух жыхароў Баранавічаў арыштавалі на 5 і 9 дзён, а жанчыну пакаралі штрафам 15 базавых велічыняў (525 рублёў). Ва ўсіх траіх сканфіскавалі тэлефоны.

Пастановы ў адміністратыўных справах выносяць суддзі Іна Паўлоўская, Мікалай Кміта і Сяргей Данільчык.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў