ISW раіць NATO рыхтавацца да акупацыі Расеяй Беларусі


NATO павінна сур’ёзна падрыхтавацца да магчымага будучага расейскага кантролю над Беларуссю. Пра гэта паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) з нагоды імаверных планаў Крамля адносна паглынання Беларусі.

Расейскія вайскоўцы ў Беларусі. 23 кастрычніка 2022 года.
Фота: Мінабароны Беларусі / Telegram

«Пуцін, хутчэй за ўсё, дабʼецца значных поспехаў у аднаўленні сюзерэнітэту Расеі над Беларуссю, незалежна ад выніку ягонага ўварвання ва Украіну», – гаворыцца ў аналізе ISW.

На думку аналітыкаў, «калі Захад дазволіць Пуціну захаваць свае цяперашнія дасягненні ва Украіне, асабліва ў Крыме і ўсходняй частцы Херсонскай вобласці, тады Крэмль зможа выкарыстоўваць як акупаваныя беларускія, так і ўкраінскія тэрыторыі, каб яшчэ больш пагражаць Украіне і ўсходняму флангу NATO».

ISW прапануе Захаду зрабіць Украіну «надзейным вайсковым партнёрам у абароне ўсходняга флангу NATO ад Расеі і акупаванай Расеяй Беларусі». Пры гэтым выказваецца сумнеў, што «Захад зможа перамагчы або эфектыўна адрэагаваць на расейскую кампанію паглынання Беларусі без папярэдняй паразы расейскага ўварвання ва Украіну».

Аналітыка
Медыі распавялі пра план Крамля па паглынанню Беларусі. На што варта звярнуць увагу
2023.02.21 17:31

Напярэдадні ў рукі журналістаў трапіў дакумент з адміністрацыі прэзідэнта РФ пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Федэрацыі на беларускім кірунку», згодна з якім Масква плануе ўзяць Беларусь пад поўны кантроль да 2030 года.

Паводле дакументу, Крэмль мае намер падпарадкаваць сабе палітычнае, эканамічнае і культурніцкае жыццё Беларусі, прывесці беларускае заканадаўства ў адпаведнасць з расейскім, значна павысіць узровень вайсковай супрацы, забяспечыць дамінаванне расейскай мовы над беларускай. План разбіты на тры этапы: да 2022, 2025 і 2030 года.

Дакумент быў падрыхтаваны ўлетку 2021 года Упраўленнем прэзідэнта РФ у пытаннях памежнай супрацы, якое курыруе намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Козак, а непасрэдна ўзначальвае Аляксей Філатаў. Раней Філатаў прадстаўляў інтарэсы Крамля ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, займаўся палітычным і гуманітарным узаемадзеяннем з «ЛДНР».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў