«Лекар – чалавек, якому больш за ўсіх трэба». Як медыцына прывяла жыхарку Менску ў навуку, потым у ЗСУ. Цяпер яна шукае працу ў Польшчы


Альбіна Грамыка з Менску (імя змененае па просьбе гераіні і з меркаванняў бяспекі, з той жа прычыны не называюцца яе спецыялізацыя і былое месца працы) лясамі з’ехала з краіны крыху менш за год таму. У Беларусі яна займалася навуковымі даследаваннямі ў ахове здароўя. Пакінуць краіну ёй давялося пасля таго, як на працу прыйшла міліцыя. Альбіна абрала Украіну, дзе пасля пачатку вайны пайшла медыкам у ЗСУ, а праз некалькі месяцаў з’ехала ў Польшчу. Цяпер жанчына ўладкоўваецца на новую працу, ўскосна звязаную з медыцынай, і хоча займацца адаптацыяй салдат да мірнага жыцця.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Lara Hauser / Zuma Press / Forum

Медыцына была ў Альбіны марай дзяцінства, потым дзяўчына скончыла медуніверсітэт, інтэрнатуру, адпрацавала некалькі гадоў у паліклініцы – і расчаравалася. Колькасць пацыентаў за працоўны дзень часам даходзіла да 70-80, гэта знясільвала і не дазваляла працаваць з належнай дбайнасцю.

Яна стала шукаць новую працу, але з усіх устаноў аховы здароўя ў Менску гераіні спадабаўся толькі адзін з рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Альбіна паступіла ў ардынатуру ў год, калі пачалася пандэмія. РНПЦ не трапіў пад перапрафіляванне і працаваў штатна. Заканчэнне ардынатуры прыйшлося на жнівень 2020 года, дзяўчына правяла адпачынак на маршах пратэсту. Што было далей, яна распавядзе сама.

Як я збегла з краіны

1 верасня я вярнулася на працу, і ўсе калегі пыталіся, дзе ж я так удала адпачыла. Яны казалі: «Ты правяла адпачынак у спартзале?» Я адказвала: «Амаль».

25 сакавіка 2021 года мяне затрымалі на акцыі і адпусцілі ў той жа дзень. У канцы восені 2021 года на працу прыйшла міліцыя. Але мяне не было на месцы – з’ехала з дакументамі ў іншую медустанову. Спачатку патэлефанаваў мой начальнік, потым бясконца тэлефанавалі міліцыянты і патрабавалі вяртацца. Я паехала назад на метро і зазірнула ў ноўтбук. Там было ўсё, пачынаючы з інфармацыі па назіранні за выбарамі і заканчваючы фатаграфіямі з акцый. Я ўявіла сабе, колькі мне за гэта дадуць. Яшчэ ўявіла, як дачка піша мне лісты ў турму. Потым паглядзела на свае штаны, белую майку – і ўявіла сабе, як я сплю ў іх два тыдні. Развярнулася і паехала ў іншы бок.

Даведка
Улетку 2022 года, паводле дадзеных Фонду медыцынскай салідарнасці, сярод палітвязняў было не менш за 13 медыкаў.

Мяне абвясцілі ў вышук і пазней звольнілі за прагул на падставе маёй заявы аб тым, што я не выкрадзеная і не ў рэанімацыі, а знаходжуся ў іншай краіне.

Чаму прыходзіла міліцыя? Мяркую, што з-за назірання за выбарамі. Я так думаю, таму што пазней знайшла ў спаме ліст ад «Сумленных людзей». Там яны папярэджвалі, што назіральнікаў шукаюць па спісах.

У Львове я чакала свой дзень нараджэння – 24 лютага

Спачатку я паехала ў Кіеў, а потым у Адэсу, дзе адразу прапанавалі добрую працу і зарплату, з’явілася кола зносін. У той момант здавалася, што пераезд – правільнае рашэнне, а Украіна – краіна, дзе ты заўсёды можаш атрымаць годны ўзровень жыцця, калі нешта ўмееш. Туды ж я планавала забраць дзесяцігадовую дачку.

Праз два месяцы жыцця ва Ўкраіне я наняла кватэру, чакала моманту, калі змагу атрымаць дакументы і выйсці на працу. Навіны рабіліся ўсё больш трывожнымі, і я паехала ў Львоў. Напрасілася да знаёмага пажыць тыдзень. Мы збіраліся адзначыць мой дзень нараджэння 24 лютага: пайсці ў бар, паклікаць гасцей. Але пры гэтым купілі стратэгічны запас – сала і пяць літраў вады. Яны спатрэбіліся: ваду мы выпілі на другі ці трэці дзень вайны, калі нешта зламалася ў пад’ездзе, і людзям было не да рамонту.

Львоў.
Фота: з асабістага архіву Альбіны Грамыкі

Першыя тры дні падчас паветранай трывогі мы хадзілі ў бамбасховішча. Пазней хаваліся ў кухні, дзе не было вокнаў. Падчас вайны, мне здаецца, усе пачынаюць думаць аб сваёй фізічнай форме. Мы з сяброўкай таксама: бегалі па Львова са словамі, што калі горад захопяць, то трэба хоць бы яксьці ўцячы ад ворагаў.

Ішоў мой трэці месяц без працы, дакументы былі не гатовыя, і я забрала ВНЖ толькі ў сярэдзіне траўня. Дзень нараджэння мы так і не адсвяткавалі.

У той жа час на трэці тыдзень вайны я адчула сябе ў большай бяспецы, чым у Беларусі. Было ясна, што ў цябе ёсць вораг і ты можаш законна абараняцца, а ў Беларусі ты не можаш абараніцца ад мянтоў.

Чаму я пайшла ваяваць за Украіну

Было адчуванне, што калі ворагі напалі на Украіну, то яны напалі на цябе. Сядзець і чытаць навіны не здавалася выйсцем, і я пайшла ў валанцёрскі цэнтр. Там каля месяца сартавала скрынкі з лекамі для фронту, якія прыбылі з Захаду. Я падумвала вярнуцца ў Адэсу, але баялася, бо там блізка мора і мяжа.

Тут прыйшла прапанова з батальёна Каліноўскага, і я прыняла парадаксальнае рашэнне – ехаць на вайну. Там было значна больш небяспечна, але гэта было больш патрэбна. Я разлічвала прабыць у батальёне да лета, а потым вярнуцца ў Адэсу. Калі ж вайна не скончыцца хутка, то з’язджаць з Украіны – так яно ў выніку і выйшла.

Агляд
Паспалітае рушэнне, план «Перамога», полк Каліноўскага і полк «Пагоня» – чым яны адрозніваюцца?
2022.10.01 16:40

Я адправілася на вайну напачатку красавіка. Цягнік у Кіеў павінен быў ехаць чатыры гадзіны, але ехаў усе дзевяць. Мы прыбылі падчас каменданцкай гадзіны. Каля дзесяці вечара я распранулася і пайшла спаць (была здарожаная), але тут прыйшоў знаёміцца камандзір батальёна. Стала ясна, што мая асабістая прасторя скарацілася да мінімуму. Я страціла шчаслівую магчымасць спаць у трусах і папрасіла сяброўку перадаць піжаму.

Першае, што я ўбачыў у батальёне – лекара Насцю на парозе медпункту, заваленага такімі ж скрынкамі з таблеткамі, якія я сартавала ў Львове. Раніцай мы выцягвалі іх у хол, дзе ўсе гулялі ў настольны тэніс.

«Гэта мой аўтамат і котка, якую мы прыгарнулі на базе ў нашым пакоі».
Фота: з асабістага архіву Альбіны Грамыкі

Ужо пасля мы пазнаёміліся з Брэстам, і ён распавёў, што першы тыдзень мяне называлі – «тая жанчына, якая перашкаджае гуляць у настольны тэніс і ўвесь час стаіць ракам над скрынкамі».

Вайсковая медыцына ў вну – гэта савецкі падыход

Пасля вучэбкі ў медыкаў некалькі варыянтаў. Адзін з іх – стаць парамедыкам, байцом. Ён аказвае дапамогу ў выпадку ранення і перамяшчаецца з параненым у больш бяспечнае месца. У астатні час парамедык ходзіць з групай на заданні, поўзае, страляе і прыкрывае.

Мой варыянт быў іншы – кіраваць медыцынскай службай і буйным складам, а таксама навучальным працэсам, інструктаваць навабранцаў, весці прыём байцоў. У тым ліку ў мае абавязкі ўваходзіла назіранне за параненымі і іх рэабілітацыя.

Падчас вайны я хутка засвоіла набор прыёмаў, якія могуць быць выкарыстаныя ў полі – тактычную медыцыну.

[У батальёне] нас вучылі баявыя медыкі, якія займаюцца тактычнай медыцынай з малой вайны на ўсходзе. Яны расказвалі, што спачатку не ведалі, як падступіцца да заходняй дапамогі, таму што трэба было вывучыць сістэму тактычнай медыцыны НАТО. Потым па магчымасці перайшлі на яе. У Расеі ж, мяркуючы па знойдзеных аптэчках, усё знаходзіцца ў савецкім стане.

«Падчас аднадзённага звальнення гуляем з сябрам па Кіеве».
Фота: з асабістага архіву Альбіны Грамыкі

Хто ваюе ў палку Каліноўскага?

Адкуль узяліся беларусы ў Украіне? Касцяк складалі тыя, хто прымаў настолькі актыўны ўдзел у пратэстах, што давялося з’ехаць з Беларусі.

Падчас маёй службы ў беларусаў было спецыфічнае падраздзяленне, дзе ўсе размаўлялі па пазыўных, без імёнаў і прозвішчаў. Усіх папярэджвалі, што рассказы аб мінулым жыцці не вітаюцца. Аднак былі размовы пра тое, як каго затрымалі ці збілі ў аўтазаку, і яны ў свядомасці многіх дамінавалі над вайсковым досведам.

Аналітыка
«Падчас вайны шукаюць саюзнікаў, а не ствараюць праціўнікаў». Што не так з пазіцыяй Украіны наконт Беларусі
2022.10.20 08:00

У мяне адбылося інакш: траўма вайны вельмі хутка замяніла траўму пратэстаў. Хоць я была валанцёрам на Акрэсціна 12 або 13 жніўня, калі выпускалі ўсіх тых збітых людзей. Гэта было вельмі страшна, узровень гвалту на вайне значна вышэйшы.

Польшча – спрыяльная краіна для эміграцыі, калі ты лекар

Я прабыла на вайне тры месяцы, з красавіка да ліпеня. Потым звольнілася, таму што стала зразумела, што летам сітуацыя не нармалізуецца. Кажуць, на вайне месяц ідзе за год, і гэта адпавядае маім адчуванням.

Даведка
У Польшчы цяпер працуюць каля тысячы дактароў з Беларусі і прыкладна столькі ж з Украіны. З 2021 года для іх дзейнічае спрошчаны парадак уладкавання на працу.

Я збіралася з’ехаць і ўз’яднацца з дачкой, але ў выніку цяпер жыву ў Польшчы, а дачка ў Літве. Пакуль я паспрабавала ўладкавацца ў беларускае НКА не па спецыяльнасці, не магу сказаць яе назву. Але там пакуль не ўсё зразумела.

Перспектывы для беларускіх лекараў у Польшчы нядрэнныя, амаль заўсёды можна знайсці працу. Але трэба ведаць польскую мову, і я яе цяпер вучу. Трэба таксама мець пэўны набор даведак: ёсць спіс міністэрства. Але тут моцнае самакіраванне, і гарадскія аддзелы аховы здароўя могуць самі прымаць рашэнні.

«Раптам аказалася, што ты не набыў, а страціў – страціў здольнасць жыць звычайным жыццём»

Прайшло занадта мала часу пасля майго сыходу з ЗСУ. Гэты вопыт вельмі цяжка асэнсоўваць. Раптам аказалася, што ты не набыў, а страціў – страціў здольнасць жыць звычайным жыццём.

Вайна – гэта праца, дакладней, служба, якая ператвараецца ў жыццё, у тваё ўсё. Там я дакладна набыла сяброў. Пасля вайны патрэбна рэабілітацыя, асабліва тым, хто пабываў на фронце. Пасля фронту ў людзей мяняецца выраз твару, у кагосьці на больш суровы, а ў кагосьці наадварот, становіцца прасветленым. І амаль ніхто не застаецца тым, кім быў.

«Пернікі да Вялікадня напякла жонка стаматолага».
Фота: з асабістага архіву Альбіны Грамыкі

Быў адзін парамедык, з выгляду 20 гадоў, падобны на падлетка. Ён з’ехаў на ўсход і вярнуўся, не змяніўшыся. Я яго даймала пытаннем, як можна вярнуцца з тым жа выразам твару. На што ён мне адказаў: «Маё папярэдняе жыццё было настолькі суровае, што наўрад ці гэта магло мяне памяняць».

Раптам хтосьці прачытае гэтае інтэрв’ю і захоча мне нешта прапанаваць. Я думаю, што магла б змяніць медыцыну на працу з адаптацыяй людзей пасля вайны ва Украіне.


– Што было б, калі б ты дала гэтае інтэрв’ю пад сваім імем?

– Калі ты як баец ЗСУ становішся публічным, то шукаюць сваякоў, а на цябе заводзяць крымінальную справу – за ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці, за найміцтва. На некаторых хлопцаў 3-4 справы заведзеныя. Цяпер гэта класіфікуецца як тэрарызм, мне як жанчыне могуць даць да 25 гадоў. Мужчыну –да пажыццёвага тэрміну або смяротнага пакарання. І прапагандысцкія каналы вельмі стараюцца раскрыць імёны і асобы, каб ціснуць на блізкіх, якія засталіся ў Беларусі.

Гісторыі
Юрыстка ЦБС: Сітуацыя з падачаю дакументаў на гуманітарныя візы ў Польшчы пакуль не палепшылася
2022.10.11 19:36

Ганна Валынец / АА belsat.eu

Стужка навінаў