У Менску пачалі судзіць сына палітыка Анатоля Лябедзькі


У Менскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы Арцёма Лябедзькі. Яго абвінавачваюць у «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання». Відэа з судовай залі апублікавала агенцтва «Sputnik Беларусь».

Арцёму Лябедзьку пагражае ад трох да пяці гадоў калоніі. Працэс вядзе суддзя Яўген Пісарэвіч.

Сына палітыка Анатоля Лябедзькі затрымалі ў сакавіку. Двойчы мужчыну прызначылі 15 содняў арышту, а пасля выставілі абвінавачванне паводле крымінальнага артыкулу.

Праваабаронцы прызналі спадара Арцёма палітвязнем.

Анатоль Лябедзька раней казаў, што справа супраць ягонага сына – «вышэйшы пілатаж бесчалавечнасці і мярзотнасці»:

«Свядома, мэтанакіравана ідуць па жывых людзях, па сям’і, па дзіцяці. Пад падэшвай беззаконня хлюпаюць слёзы, хрусцяць косці, краваточыць боль».

Спадар Анатоль упэўнены: пераслед учынены толькі таму, што Арцём – ягоны сын. «Самае мярзотнае, калі пачынаюць распраўляцца з роднымі, бяруць у закладнікі тваіх блізкіх», – адзначаў палітык.

Hавiны
Справу палітвязня Арцёма Лябедзькі перадалі ў суд
2023.07.18 19:08

Таксама сёння, як піша БелТА, у тым жа Менскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы аб нападзе на беларускую амбасаду ў Лондане. Працэс адбываецца ў межах гэтак званага спецыяльнага вядзення. Чацвярых фігурантаў будуць судзіць завочна, бо Вялікая Брытанія адмовілася іх выдаваць.

Інцыдэнт ля пасольства адбыўся ў снежні пазалетась. Паводле версіі ўладаў Беларусі, некалькі асобаў закідалі будынак яйкамі, а затым напалі на дыпламатаў, якія прыбылі на месца.

У Беларусі арыштавалі маёмасць фігурантаў справы на 73,5 тысячы рублёў.

Hавiны
У Беларусі пачалі спецыяльнае вядзенне супраць удзельнікаў канфлікту каля амбасады ў Лондане
2023.04.15 09:44

Фота вокладкі: BELTA / Telegram

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў