«Найлепшыя кандыдатуры на працяг ягонай спадчыны»: што вядома пра жонку і дачку Аляксея Навальнага?


Заходнія палітолагі мяркуюць, што пасля смерці Аляксея Навальнага найлепшымі кандыдатурамі для працягвання ягонай справы з’яўляюцца жонка і дачка палітыка – Юлія і Дар’я Навальныя. Юлія ўжо выступіла з заявай, што цяпер яна возьме на сябе місію мужа. Дар’я раней казала, што будзе змагацца, пакуль Расея не стане свабоднай. Мы паглядзелі, што вядома пра абедзвюх жанчын.

Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны і яго жонка Юлія на мітынгу ў падтрымку незалежных кандыдатаў на выбарах у Маскоўскую гарадскую думу. Масква, Расея. 20 ліпеня 2019 года.
Фота: Tatyana Makeyeva / Reuters / Forum

Курортны раман, які стаў моцным шлюбам

Юлія Навальная (да шлюбу – Абросімава) нарадзілася 24 ліпеня 1976 года ў Маскве. Бацька Юліі быў навуковым супрацоўнікам, маці працавала ў Міністэрстве лёгкай прамысловасці. Яны развяліся, калі дачка вучылася ў пятым класе, ва ўзросце 18 гадоў Юлія даведалася, што бацька сышоў з жыцця.

Юлія скончыла факультэт міжнародных эканамічных зносінаў Расейскай эканамічнай акадэміі ім. Пляханава. Праходзіла стажыроўку за мяжой, вучылася ў аспірантуры, некаторы час працавала ў адным з маскоўскіх банкаў.

З Аляксеем Навальным яна пазнаёмілася ў 1998 годзе падчас адпачынку ў Турцыі. Аляксей распавядаў, што Юлія скарыла яго сваім інтэлектам.

«Памятаю, яна мяне ўразіла на першых сустрэчах: бландзінка, прыгожая, ды яшчэ і прозвішчы ўсіх міністраў ведае», – казаў Навальны пра знаёмства з будучай жонкай.

У 2000 годзе маладыя людзі ажаніліся.

«Я не выходзіла замуж за перспектыўнага юрыста ці апазіцыйнага лідара. Я выходзіла замуж за маладога чалавека з імем Аляксей», – казала Юлія пра шлюб з Навальным.

У 2001 годзе ў сужэнцаў нарадзілася дачка Дар’я, а ў 2008 – сын Захар. Пасля заключэння шлюбу Юлія працавала ў бізнесе бацькоў Навальнага, звязаным з пляценнем мэблі з лазы. Пасля 2007 года жанчына не працавала афіцыйна, называла сябе «галоўнай у пытаннях побыту і выхавання дзяцей». У 2000 годзе Юлія разам з мужам уступіла ў партыю «Яблоко», з якой выйшла ў 2011 годзе.

Hавiны
Ціханоўская пра смерць Навальнага: Выглядае, што справа абмяжуецца «глыбокімі спачуваннямі»
2024.02.17 20:32

«Юля, ты мяне ўратавала»

Пасля 2007 года Юлія часта суправаджала мужа, выступала на мітынгах, хоць адмыслова да публічнасці не імкнулася. У 2015 годзе, паводле версіі «Эха Москвы», Юлія Навальная ўвайшла ў сотню самых уплывовых жанчын Расеі.

Пасля таго як Навальнаму прысудзілі ўмоўны тэрмін, з’явіліся чуткі, што Юлія можа вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцтва на выбарах 2018 года, аднак гэтага так і не здарылася.

У 2020 годзе, калі Навальны быў атручаны, Юлія дамаглася, каб яго выпусцілі на лячэнне ў Нямеччыну, пісала ліст Пуціну, у якім патрабавала дазволіць вываз мужа за мяжу. Аляксей, прыйшоўшы ў прытомнасць пасля комы, напісаў у сваім акаўнце ў Instagram пост: «Юля, ты мяне ўратавала».

Пра гэты допіс «Новая газета» пісала, што ён, «здаецца, назаўжды ўвойдзе ў гісторыю расейскай палітыкі». Таксама, паводле версіі «Новай газеты», Навальная стала «Героем года – 2020».

У студзені 2021 года Юлія разам з Аляксеем вярнулася ў Расею. Пасля затрымання мужа яна заявіла:

«Аляксей сказаў, што ён не баіцца. І я таксама не баюся. І вас усіх заклікаю не баяцца».

Жанчыну затрымалі 23 студзеня на акцыі пратэсту, але ў той жа вечар адпусцілі.

«Навальны-палітык – гэта два чалавекі: Юлія і Аляксей»

Юлія заўсёды была побач з мужам, падтрымлівала яго, насіла перадачы ў СІЗА, калі яго арыштоўвалі, ратавала, калі ён ледзь не страціў зрок пасля нападу, а таксама пасля атручвання «Навічком», ездзіла на спатканні ў калонію.

Юлія Навальная галасуе за рашэнне мужа балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах у Расеі ў 2018 годзе. Масква, Расея. 24 снежня 2017 года.
Фота: Sergei Fadeichev / TASS / Forum

Блізкія да сям’і людзі казалі, што Юлія – моцная асоба, не засмучаецца дробязямі, умее глядзець наперад, захоўваць добры настрой нават у цяжкія хвіліны.

Сябры і калегі Навальнага называлі Юлію закрытым чалавекам, але пры гэтым распавядалі, што яна актыўна ўдзельнічала ў працы мужа.

«Навальны-палітык – гэта два чалавекі: Юлія і Аляксей, – казала журналістка Яўгенія Альбац. – Яна ягоны галоўны рэдактар, яна чытае ўсё, што ён піша, перш чым яно будзе апублікавана».

Палітык Любоў Собаль распавядала, што Навальны абмяркоўваў з жонкай свае палітычныя праекты. А яшчэ Юлія дапамагала мужу ствараць ягоны публічны вобраз. Ейная крытыка трымала яго ў тонусе і прымушала памятаць, што ён – не самы вялікі чалавек у свеце, распавядаў эканаміст, сябар сям’і Сяргей Гурыеў. Сам Навальны казаў, што ягоная жонка мае больш радыкальныя палітычныя погляды, чым ён.

Заходнія СМІ зазначалі, што прысутнасць жонкі палітыка разам з ім у публічным полі зусім не характэрная для Расеі, дзе жанчыны найчасцей – непублічныя фігуры. А з 2013 года, пасля разводу Уладзіміра Пуціна, у Расеі і ўвогуле няма першай ледзі.

Юлія Навальная звязвала адсутнасць жонак у публічнай прасторы не толькі з патрыярхальнасцю расейскага грамадства, але і з карупцыяй:

«Публічнай палітыкі ў Расеі не існуе, вось жонкі чыноўнікаў не на мітынгах з імі за ручку стаяць, а выкарыстоўваюцца для легалізацыі вялізных ценявых даходаў», – казала яна ў адным з інтэрв’ю.

Аналітыка
Юлія Навальная: «Не здавацца – галоўны ўрок 2020 года». Ці стане яна расейскай Ціханоўскай?
2024.02.19 21:21

Моцная і валявая жанчына

У інтэрв’ю «Harperʼs Bazaar» у 2021 годзе Юлія Навальная казала, што пакуль не збіраецца станавіцца палітыкам.

Апошнія гады жонка апазіцыйнага палітыка жыла за мяжой. Яна ўваходзіць у раду дырэктараў міжнароднага Фонду барацьбы з карупцыяй ACF, які ў Расеі ўнеслі ў спіс так званых «непажаданых арганізацыяў».

Неўзабаве пасля таго, як Федэральная служба выканання пакаранняў па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе паведаміла пра смерць Аляксея Навальнага 16 лютага 2024 года, Юлія выступіла на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы і ў сваёй заяве абвінаваціла ў смерці мужа расейскія ўлады. Таксама ў Мюнхене Навальная сустрэлася з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, кіраўніцай Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен і абранай прэзідэнткай Беларусі Святланай Ціханоўскай.

Hавiны
Святлана Ціханоўская сустрэлася з Юліяй Навальнай
2024.02.16 22:08

Адразу некалькі экспертаў пасля смерці Навальнага дапусцілі, што Юлія можа заняць ягонае месца галоўнага праціўніка Пуціна. Такое меркаванне выказаў прафесар Стэнфардскага ўніверсітэту ЗША, палітолаг Фрэнсіс Фукуяма. Таксама ён зазначыў, што справу Навальнага можа працягнуць ягоная дачка Дар’я.

«Я думаю, што няма нікога нават аддалена, хто мог бы заняць месца Навальнага. Юлія – вельмі валявая жанчына, так што, магчыма, яна зможа прыняць эстафету. Але гэта будзе вельмі і вельмі цяжка. У яго было ўнікальнае пачуццё гумару, і ён мог размаўляць са звычайнымі людзьмі так, як не маглі многія іншыя дзеячы апазіцыі. Ці ёсць у яе такая здольнасць, мы яшчэ ўбачым», – сказаў прафесар.

«Я працягну справу Аляксея Навальнага»

Палітолаг Таццяна Станавая таксама зазначыла, што Юлія Навальная «робіцца палітычнай фігурай, хоча яна таго ці не».

«Яе слова цяпер набывае асаблівую значнасць і вагу ў апазіцыйным асяроддзі (вонкавым, унутраным, у палітычных і дыпламатычных колах). Яна будзе вымушаная гэтым рэсурсам распараджацца», – сказала палітолаг.

Hавiны
«Я буду працягваць справу Аляксея Навальнага». Жонка памерлага ў калоніі палітыка кінула выклік Пуціну
2024.02.19 16:02

Пасля атручвання палітыка ў верасні 2020 года Юлію Навальную не раз параўноўвалі са Святланай Ціханоўскай і прадказвалі ёй такую ж ролю ў расейскім грамадстве, якую Святлана мае ў беларускім. Тое самае казалі і пасля арышту Навальнага ў студзені 2021 года – што Юлія зможа ўзначаліць усю расейскую апазіцыю.

19 лютага 2024 года Юлія Навальная абвесціла, што працягне справу Аляксея.

«Я не маю права здавацца. Я буду працягваць змагацца за нашую з вамі краіну, і я заклікаю вас стаць поруч са мною», – сказала яна ў адмысловым звароце, апублікаваным на YouTube.

Як сказала Юлія Навальная, расейцам патрэбна змагацца супраць вайны, карупцыі і супраць несправядлівасці. «Змагацца за сумленныя выбары і свабоду слова. Каб вярнуць нашую краіну сабе», – дадала яна, адзначыўшы, што ахвяра, якую прынёс Аляксей, «можа стаць недарэмнаю». «Змагайцеся і не здавайцеся. Я не баюся, і вы нічога не бойцеся», – заклікала Юлія.

Таксама ўдава палітыка анансавала расследаванне забойства мужа:

«Мы неўзабаве вам пра гэта абавязкова распавядзём і даведаемся, і пра тых, хто і як менавіта здзейсніў гэтае злачынства. Мы назавём прозвішчы і пакажам».

Дачка вучыцца ў ЗША і паўсюль кажа пра бацьку

Дачцэ Навальных Дар’і цяпер 22 гады. Яна нарадзілася 6 верасня 2001 года. Дзяўчына вучылася ў маскоўскай гімназіі № 45 з паглыбленым вывучэннем замежных моваў. Ва ўзросце 17 гадоў Дар’я пачала весці youtube-блог «Голос моего поколения».

У 2019 годзе скончыла школу і паступіла ў адну з самых прэстыжных ВНУ свету – Стэнфардскі ўніверсітэт у ЗША. У адным з інтэрв’ю дачка палітыка распавядала, што вывучае псіхалогію і паліталогію, а пасля бакалаўрыяту плануе ісці ў магістратуру.

Дачка Аляксея Навальнага Дар’я Навальная, прэзідэнт Еўрапарламенту Давід-Марыя Сасолі і кіраўнік штабу Навальнага на прэзідэнцкіх выбарах 2018 года Леанід Волкаў падчас цырымоніі ўручэння прэміі Сахарава ў Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу, Францыя. 15 снежня 2021 года.
Фота: Pool / Reuters / Forum

За свае поспехі ў навучанні дзяўчына ўдзячная маці. У допісе з нагоды дня народзінаў Юліі Дар’я пісала:

«Дзякуй, што прымушаеш мяне працаваць мацней… У нас былі рознагалоссі, як і ў кожнага падлетка са сваёй мамай, але я радая і ганаруся, што магу назваць цябе сёння сваёй сяброўкай».

У снежні 2021 года Дар’я атрымала за бацьку галоўную праваабарончую ўзнагароду Еўразвязу – прэмію «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава. Сам Аляксей у той час знаходзіўся ў расейскай калоніі і прысвяціў прэмію змагарам з карупцыяй. На трыбуну ў Еўрапарламенце Дар’я тады паднялася з партрэтам бацькі.

«<…> Дзе цяпер знаходзяцца папярэднія лаўрэаты Сахараўскай прэміі? Пераважна ў турме. Дзе цяпер лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2010 года Лю Сяў Бо? Ён памёр у труме, – казала Дар’я. – Я задаюся пытаннем: чаму настолькі цяжка вызваліць тых, хто змагаецца за правы чалавека? Чаму ў ХХІ стагоддзі закрываюць у турмах не толькі па ўсім свеце, але і ў геаграфічна еўрапейскіх краінах?».

«Працягну казаць праўду і змагацца, пакуль Расея не стане свабоднай»

У прамове Дар’я казала пра Лукашэнку, згадвала пасадку самалёту «Ryanair» у Менску, міграцыйны крызіс на мяжы з Польшчай, казала, што заігрыванні заходніх палітыкаў з Пуціным дазволілі яму развязаць вайну ва Украіне. Таксама нагадвала пра забойства Барыса Нямцова і казала, што расейскія ўлады амаль забілі ейнага бацьку. Таксама Дар’я перадала словы Навальнага: «Няхай ніхто не смее прыраўноўваць Расею да пуцінскага рэжыму».

«Уся сутнасць аўтарытарнай улады трымаецца на павелічэнні ставак, агрэсіі і пошуку новых ворагаў. І тыя людзі, якія кажуць: “Давайце не будзем ціснуць на Лукашэнку”, – і працягваюць весці дыялог, калі ён збіваў людзей і кідаў іх за краты, дабіліся таго, што Лукашэнка саджае цэлыя пасажырскія самалёты, каб затрымаць аднаго чалавека», – казала дзяўчына.

Дар’я Навальная не раз падкрэслівала, што яе бацька – супраць вайны Расеі з Украінай, а таксама казала, што ганарыцца быць дачкой палітыка.

«Я ганаруся быць дачкой свайго бацькі і ведаю, што, нягледзячы на бесчалавечныя ўмовы, ён выступае супраць пуцінскай вайны ва Украіне і заклікае расейскі народ зрабіць усё магчымае для барацьбы з ёй, – пісала дзяўчына ў сваёй калонцы ў “Time”. – Ён кідае Пуціну выклік штодня, але разам мы можам зрабіць так, каб ягоныя высілкі не былі марнымі і каб ягоныя словы былі пачутыя ва ўсім свеце».

Дар’я Навальная распавядала пра бацьку ў інтэрв’ю CNN, а таксама разам з маці – на ўручэнні прэміі «Оскар» у 2023 годзе. Тады ў намінацыі «Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм» атрымала перамогу стужка канадскага дакументаліста Дэньела Рора «Навальны», якая распавядала гісторыю атручвання апазіцыянера, ягонага лячэння і вяртання ў Расею.

У 2023 годзе Дар’я выступіла на цырымоніі ўручэння дыпломаў у Школе дыпламатычнай службы Джорджтаўнскага ўніверсітэту ЗША. Напярэдадні выступу студэнты і выкладчыкі патрабавалі адмяніць выступ Навальнай праз выказванні Аляксея пра анексію Крыму Расеяй у 2014 годзе. Падчас выступу некаторыя студэнты са сцягамі Украіны павярнуліся спінай да сцэны, калі на яе паднялася Дар’я Навальная.

«Заўсёды памятайце, што адзінае, што неабходна для трыумфу зла, – гэта каб добрыя людзі нічога не рабілі», – такімі словамі Дар’я завяршыла прамову.

У кастрычніку 2023 года дачка палітыка выступіла на канферэнцыі TED, на якой таксама распавядала пра бацьку. У прамове дзяўчына паабяцала, што будзе змагацца за свабоду Расеі:

«Я вам абяцаю, што працягну казаць праўду і змагацца да таго часу, пакуль Расея не стане свабоднай дэмакратычнай краінай».

Hавiны
«Усе масты ўжо спаленыя»: ці зможа Захад адказаць на смерць Аляксея Навальнага?
2024.02.17 12:52

Пра тое, што расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, дзе адбываў 19-гадовы тэрмін пакарання, 16 лютага паведаміла мясцовае ўпраўленне Федэральнай службы выканання пакарання (ФСВП). Яму нібыта стала кепска пасля прагулкі. Міжнародныя і беларускія дэмакратычныя лідары ўсклалі адказнасць за смерць палітыка на расейскія ўлады. На апошнім відэа за дзень да смерці Навальны выглядаў бадзёрым. Палітык правёў у расейскай турме тры гады.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў