Ціханоўская: Навальнага мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і ейны намеснік у Аб’яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка асудзілі ўлады Расеі за смерць у калоніі апазіцыйнага лідара Аляксея Навальнага.

Святлана Ціханоўская, Павел Латушка
Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Гэтая смерць – чарговы доказ, што для дыктатараў чалавечае жыццё не мае ніякай каштоўнасці. Рэжым Пуціна, як і рэжым Лукашэнкі, у імкненні захаваць уладу пазбаўляецца ад апанентаў любымі спосабамі», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Яна адзначыла, што Навальнага неаднаразова адпраўлялі ў штрафны ізалятар, што адбілася на ягоным стане здароўя.

«Менавіта таму ў мяне няма сумневаў у тым, што Навальнага мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым», – заявіла яна, выказаўшы «шчырыя спачуванні сям’і, блізкім і калегам Аляксея Навальнага».

Ціханоўская таксама нагадала, што ў Беларусі цяпер дзясяткі палітвязняў трымаюць у рэжыме інкамунікада – «жыцці Мікалая Статкевіча, Машы Калеснікавай, майго мужа Сяргея і іншых цяпер пад прамой пагрозаю». Яна адзначыла, што Вітольд Ашурак, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч ужо памерлі ў зняволенні, а «яшчэ сотні людзей трымаюць у нечалавечых умовах і без усялякай дапамогі».

Патрэбныя руйнавальныя санкцыі

Намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка таксама назваў першапрычынай смерці палітыка «рэжым, які дзее ў Расеі».

«Гэтая трагедыя – чарговы сігнал, што задачай усяго цывілізаванага свету ёсць ліквідацыя такіх рэжымаў. Калі дэмакратычны свет не дасць жорсткага і прынцыповага адказу на смерць Навальнага, дыктатары адчуюць беспакаранасць», – сказаў ён.

Паводле Латушкі, «у выпадку, калі свет не дасць жорсткага і прынцыповага адказу на смерць Аляксея Навальнага, гэта развяжа рукі як Пуціну, так і Лукашэнку для павольнага забойства палітычных апанентаў у турмах».

На думку Латушкі, свет мусіць «прыцягнуць да крымінальнай адказнасці дыктатараў і ўвесці руйнавальныя санкцыі ў дачыненні рэжымаў у Беларусі і Расеі».

Абнаўляецца
У расейскай калоніі памёр Аляксей Навальны
2024.02.16 14:33

Пра тое, што Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, 16 лютага паведаміла мясцовае ўпраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў (ФСВП). Яму нібыта стала кепска пасля прагулкі.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што «медыкі разбіраюцца» з тым, што адбылося, і ўдакладніў, што прэзідэнту ўжо паведамілі пра смерць Навальнага.

Hавiны
У апошняй публікацыі Навальны прызнаваўся ў каханні жонцы, а на відэа выглядаў бадзёрым
2024.02.16 15:10

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў