«Усе масты ўжо спаленыя»: ці зможа Захад адказаць на смерць Аляксея Навальнага?


Захад абяцаў сур’ёзны адказ, калі штосьці здарыцца з Аляксеем Навальным. Аднак цяпер цяжка ўявіць сабе больш сур’ёзныя санкцыі, чым тыя, што былі ўведзеныя пасля ўварвання Расеі ва Украіну, лічыць Бэн Нобл, дацэнт расейскай палітыкі Універсітэцкага каледжу Лондану і суаўтар палітычнай біяграфіі Навальнага.

Удзельнікі акцыі ў памяць аб Аляксеі Навальным трымаюць яго партрэт насупраць будынку пасольства Расейскай Федэрацыі ў Варшаве пасля навін пра смерць Аляксея Навальнага. Варшава, Польшча. 16 лютага 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Бэн Нобл чакае мноства жорсткіх выказванняў з еўрапейскіх сталіцаў і, магчыма, новых сімвалічных санкцыяў.

«Важна, каб заходнія краіны зрабілі жорсткія заявы і хаця б на словах заклікалі Крэмль да адказнасці, нават калі Навальнага ўжо не ўратаваць», – сказаў дацэнт.

У 2021 годзе прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падчас сустрэчы ў Жэневе прыгразіў Пуціну «разбуральнымі наступствамі» у выпадку смерці Аляксея Навальнага ў турме. У пятніцу 16 лютага Байдэн выступіў з кароткай прамовай з нагоды смерці расейскага апазіцыянера і заявіў, што за яе нясе адказнасць Пуцін. Аднак на пытанне журналіста, ці наступяць абяцаныя разбуральныя наступствы, адказаў:

«Гэта было тры гады таму. З тых часоў яны перажылі чортаву тучу наступстваў».

Акрамя Байдэна, канцлер Нямеччыны Олаф Шольц сказаў, што Пуцін мусіць «адказаць за тое, што зрабіў», прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон таксама абвінаваціў у смерці Навальнага расейскія ўлады.

Абноўлена
Байдэн: Пуцін адказны за смерць Навальнага
2024.02.16 20:40

Спецыяліст па еўрапейскай палітыцы і выкладчык Каралеўскага каледжу Лондану Алекс Кларксан лічыць, што смерць Навальнага ў расейскай турме магла б істотна паўплываць на ўзаемаадносіны Масквы і краінаў Еўразвязу яшчэ ў нядаўнім мінулым.

«Гадоў пяць таму гэта магло падштурхнуць Еўразвяз да адмовы ад спробаў дыялогу і пераходу да больш жорсткіх санкцыяў і варожасці. Але ўсе гэтыя масты ўжо былі спаленыя», – кажа Кларксан.

Цяпер, пасля амаль двух гадоў расейскай вайны ва Украіне адносіны Крамлю і краінаў ЕЗ, за выключэннем Вугоршчыны, сапсаваныя незваротна, зазначае палітолаг. Еўропа ўвяла мноства санкцыяў, а таксама нарошчвае вытворчасць боепрыпасаў для ўкраінскай арміі. Па стане на студзень 2024 года ЕЗ выдзеліў ці паабяцаў выдзеліць Украіне 144 мільярды еўраў.

«Не магу ўявіць, што еўрапейцы яшчэ могуць зрабіць», – кажа Кларксан.

З 2022 года па колькасці гандлёвых, фінансавых і персанальных санкцыяў Расея абышла папярэдніх лідараў – Іран і Паўночную Карэю. Захад адрэзаў Расею ад крэдытаў, замарозіў расейскія валютныя рэзервы, у Расеі спынілі працу сотні заходніх кампаніяў. Поўны разрыў з Захадам мог развязаць рукі расейскім уладам, якія і пачалі чыніць больш жорсткія рэпрэсіі ў бок сваіх апанентаў унутры краіны, зазначае Кларксан.

«Гэта нагадвае, як некаторыя рэжымы на Бліжнім Усходзе кшталту Хафеза аль-Асада ці Садама Хусэйна пачыналі больш жорстка пераследаваць апазіцыю, калі адносіны з Еўропай, а асабліва Амерыкай, псаваліся», – зазначае палітолаг.

Фота
Дзясяткі разоў арыштаваны, але нязломны. Якім было жыццё палітыка Аляксея Навальнага
2024.02.16 20:11

Смерць Навальнага можа паўплываць на ўнутрыпалітычныя дэбаты ў Еўропе, а таксама на дыскусіі падчас перадвыбарнай кампаніі ў ЗША, лічыць спецыяліст па постсавецкіх краінах Цімаці Фрай – яна «стане сурьёзнай перашкодай для спробаў каманды Дональда Трампа нармалізаваць Расею».

Па словах Фрая, Трампу цяпер будзе складаней пераканаць амерыканскае грамадства ў неабходнасці больш мяккай пазіцыю ў дачыненні да Крамлю. Акрамя таго, тое, што адбываецца, можа падштурхнуць рэспубліканцаў у Кангрэсе зацвердзіць новы пакет дапамогі Украіне пасля амаль двух месяцаў дыскусіяў.

Пра тое, што Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, дзе адбываў 19-гадовы тэрмін пакарання, 16 лютага паведаміла мясцовае ўпраўленне федэральнай службы выканання пакарання (ФСВП). Яму нібыта стала кепска пасля прагулкі. Міжнародныя і беларускія дэмакратычныя лідары ўсклалі адказнасць за смерць палітыка на расейскія ўлады. На апошнім відэа за дзень да смерці Навальны выглядаў бадзёрым. Палітык правёў у расейскай турме тры гады.

Hавiны
У Расеі на акцыях памяці Аляксея Навальнага затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек
2024.02.16 22:57

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў