Ціханоўская пра смерць Навальнага: Выглядае, што справа абмяжуецца «глыбокімі спачуваннямі»


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 16 лютага выступіла на мерапрыемстве, арганізаваным цэнтрам GLOBSEC у рамках Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Там сярод іншага яна згадала пра смерць у калоніі расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага.

Святлана Ціханоўская на мерапрыемстве GLOBSEC.
Фота: Офіс Ціханоўскай

«Забойства Навальнага – змрочны напамін аб тым, што бяспека, дэмакратыя і правы чалавека ўзаемазвязаныя. Калі ўрад не паважае сваіх грамадзянаў, ён не будзе паважаць міжнародны парадак – і наадварот. Гэта таксама напамін аб тым, чаму мы павінны зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы Украіне перамагчы і падтрымаць тых, хто змагаецца за свабоду ў Беларусі», – сказала Святлана Ціханоўская ў сваім выступе.

Hавiны
«Усе масты ўжо спаленыя»: ці зможа Захад адказаць на смерць Аляксея Навальнага?
2024.02.17 12:52

Паводле яе, «жыцці Мікалая Статкевіча, Віктара Бабарыкі, Машы Калеснікавай і тысячаў іншых людзей зараз наўпрост залежыць ад рэакцыі Захаду на забойства Аляксея Навальнага».

«Калі справа абмяжуецца «глыбокімі спачуваннямі» (а пакуль што гэта выглядае менавіта так), то нам трэба быць гатовымі да таго, што такія жудасныя навіны будуць з’яўляцца пастаянна», – сказала палітык.

Ціханоўская дадала, што ў змаганні за дэмакратыю немагчыма перамагчы ў адзіночку, для гэтага патрэбныя паплечнікі.

«Я заклікаю тэхналагічныя кампаніі заставацца на баку дабра. Нам трэба зрабіць так, каб лічбавая прастора заставалася прасторай свабоды. Нам патрэбныя надзейныя сродкі камунікацыі і платформы, якія ўзмоцняць нашы галасы. Нам усім трэба не толькі ўсвядоміць сваю сілу, але і выкарыстоўваць яе на карысць», – падкрэсліла яна.

Таксама ў кулуарах канферэнцыі Ціханоўская сустрэлася з дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам. Яна падзякавала за падтрымку Беларусі і адзначыла, што не можа быць міру ў рэгіёне без Беларусі.

Hавiны
19 лютага Еўразвяз будзе думаць над рэакцыяй на смерць Навальнага
2024.02.17 19:00

У рамках Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі правяла шэраг сустрэч з рознымі палітыкамі і прадстаўнікамі бізнесу. Гэтак, яна сярод іншага сустрэлася з Юліяй Навальнай і з віцэ-прэзідэнткай у глабальных пытаннях кампаніі «OpenAI» – Аннай Маканджу.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў