«Я буду працягваць справу Аляксея Навальнага». Жонка памерлага ў калоніі палітыка кінула выклік Пуціну


Юлія Навальная заявіла, што працягне справу свайго мужа, апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, які памёр у калоніі. «Я не маю права здавацца. Я буду працягваць змагацца за нашую з вамі краіну, і я заклікаю вас стаць поруч са мною», – сказала яна ў адмысловым звароце, апублікаваным на YouTube.

Юлія Навальная заявіла, што ейнага мужа Аляксея Навальнага забіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Яна паабяцала хуткім часам абнародаваць падрабязнасці:

«Мы ведаем, праз што канкрэтна Пуцін забіў Аляксея тры дні таму. Мы хутка вам пра гэта раскажам. Мы абавязкова даведаемся і тое, хто менавіта і як менавіта выканаў гэтае злачынства. Мы назавём прозвішчы і пакажам твары».

Яна адзначыла, што спадара Аляксея катавалі за кратамі: часта кідалі ў карцар, не давалі ежы.

Фота
«Пуцін – забойца». Акцыі памяці Навальнага прайшлі ў розных гарадах свету
2024.02.16 22:19

«Майго мужа было не зламаць, і менавіта таму Пуцін яго і забіў. Ганебна, баязліва, так і не наважыўшыся зірнуць яму ў вочы ці проста назваць ягонае імя. І гэтак жа подла і баязліва яны зараз хаваюць ягонае цела, не паказваюць яго маці, не аддаюць, і нікчэмна хлусяць і чакаюць, калі там знікнуць сляды чарговага пуцінскага “Навічка”».

Паводле спадарыні Юліі, галоўнае, што можна цяпер зрабіць «для Аляксея і для сябе», – працягваць змагацца: больш адважна і больш люта.

Агляд
«Пакуль трэба не здавацца». Памёр Аляксей Навальны. Якім быў шлях расейскага апазіцыянера
2024.02.16 17:33

«Я ведаю, здаецца, што больш ужо немагчыма. Але трэба больш. Згуртавацца ў адзін моцны кулак і стукнуць ім па гэтым звар’яцелым рэжыме, па Пуціну, па ягоных сябрах, па бандытах у пагонах, па зладзеях і забойцах, якія скалечылі нашую краіну», – сказала Навальная.

Яна падкрэсліла, што не мае права здавацца:

«Я буду працягваць справу Аляксея Навальнага, працягваць змагацца за нашую з вамі краіну, і я заклікаю вас стаць поруч са мною. Я прашу вас падзяліць са мною лютасць, злосць, нянавісць да тых, хто асмеліўся забіць нашую будучыню. Я звяртаюся да вас словамі Аляксея, у якія вельмі веру: “Не сорамна зрабіць мала, сорамна не зрабіць нічога, сорамна даць сябе запалохаць”».

Як сказала Юлія Навальная, расейцам патрэбна змагацца супраць вайны, карупцыі і супраць несправядлівасці. «Змагацца за сумленныя выбары і свабоду слова. Каб вярнуць нашую краіну сабе», – дадала яна, адзначыўшы, што ахвяра, якую прынёс Аляксей, «можа стаць недарэмнаю». «Змагайцеся і не здавайцеся. Я не баюся, і вы нічога не бойцеся», – заклікала спадарыня Юлія.

Пра смерць Аляксея Навальнага ў калоніі расейскія ўлады паведамілі 16 лютага. Яму было 48 гадоў. Інфармацыі пра прычыны смерці пакуль няма.

Hавiны
«Усе масты ўжо спаленыя»: ці зможа Захад адказаць на смерць Аляксея Навальнага?
2024.02.17 12:52

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў