Жонка Аляксея Навальнага: «Пуцін і ягоны рэжым павінны панесці адказнасць»


На Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы 16 лютага выступіла Юлія Навальная – жонка Аляксея Навальнага. Яна казала пра адказнасць Уладзіміра Пуціна за меркаваную смерць мужа. Ейныя словы «Белсат» трансляваў у спецыяльным эфіры «Вот Так».

Упраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе паведаміла 16 лютага пра смерць Аляксея Навальнага – найбольш вядомага расейскага апазіцыйнага палітыка і палітвязня.

Юлія Навальная ўдзельнічае ў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (MSC) у дзень абвяшчэння пра смерць мужа Аляксея Навальнага ў Мюнхене, Нямеччына. 16 лютага 2024 года.
Фота: Kai Pfaffenbach / AFP / East News

Ягоная жонка Юлія Навальная выступіла на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, дзе сустракаюцца лідары краін NATO, палітыкі, вайскоўцы і бізнесмены.

«Я хачу заклікаць усю сусветную супольнасць, усіх, хто знаходзіцца ў гэтай зале, людзей ва ўсім свеце, каб мы разам з’ядналіся і перамаглі гэтае зло, перамаглі жахлівы рэжым, які цяпер у Расеі, – сказала Юлія Навальная. – І гэты рэжым, і Уладзімір Пуцін павінны панесці персанальную адказнасць за ўсе тыя жахлівыя рэчы, якія яны робяць з маёй краінай, з нашай краінай, Расеяй, у апошнія гады».

Пра смерць Навальнага выказаліся замежныя лідары, у тым ліку канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак і іншыя. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наўпрост заявіў пра смерць Навальнага: «Відавочна, што яго забіў Пуцін». Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль распавёў, што «ЕЗ ускладае на расейскі рэжым аднаасобную адказнасць за гэтую трагічную смерць».

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ў Telegram напісала: «Гэтая смерць – чарговы доказ, што для дыктатараў чалавечае жыццё не мае ніякай каштоўнасці. Рэжым Пуціна, як і рэжым Лукашэнкі, у імкненні захаваць уладу пазбаўляецца ад апанентаў любымі спосабамі».

Абнаўляецца
«Відавочна, ён забіты Пуціным». Сусветныя лідары каментуюць смерць Навальнага
2024.02.16 15:46

belsat.eu / ЮК

Стужка навінаў