У Расеі паведамілі пра смерць Аляксея Навальнага. Што вядома – спецэфір «Вот Так»


Упраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе паведаміла 16 лютага пра смерць Аляксея Навальнага – найбольш вядомага расейскага апазіцыйнага палітыка і палітвязня. Што вядома, расказваем у спецыяльным эфіры праграмы «Вот Так».

Аляксею Навальнаму было 47 гадоў. Стваральнік «Фонду барацьбы з карупцыяй», праектаў «Умное голосование», «РосПил» і іншых, найбольш вядомы апанент Уладзіміра Пуціна быў у зняволенні з 17 студзеня 2021 года. У той дзень ён вярнуўся ў Расею пасля лячэння ад наступстваў атручвання баявым хімічным рэчывам класу «Навічок», у арганізацыі атручвання ён падазраваў расейскія ўлады (і сцвярджаў, што гаварыў з выканаўцамі).

«16.02.2024 года ў папраўчай калоніі №3 асуджаны Навальны А.А. пасля прагулкі адчуў сябе дрэнна, практычна адразу страціўшы прытомнасць. Неадкладна прыбылі медычныя работнікі ўстановы, была выкліканая брыгада хуткай медычнай дапамогі. Праведзены ўсе неабходныя рэанімацыйныя мерапрыемствы, якія станоўчых вынікаў не далі. Лекары хуткай медычнай дапамогі канстатавалі смерць асуджанага», – паведаміла ўпраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў.

Прэс-сакратар Аляксея Навальнага Кіра Ярмыш паведаміла ў X (былы Twitter), што пацверджання смерці палітвязня пакуль няма: «Адвакат Аляксея цяпер вылятае ў Харп. Як толькі ў нас будзе нейкая інфармацыя, мы яе паведамім».

Начальнік штабу Навальнага Леанід Волкаў у X заклікаў не верыць паведамленням прапаганды: «Мы не маем ніякіх падставаў верыць дзяржпрапагандзе. Калі гэта праўда, дык не «Навальны памёр», а «Пуцін забіў Навальнага», і толькі так. Але я ім не веру ні на каліва».

Алексей Навальный на заседании суда
Аляксей Навальны на пасяджэнні Каўроўскага суда праз відэасувязь з калоніі № 3 Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі, Расея. 15 лютага 2024 года. Скрыншот: SOTAvision / Telegram

Паводле непацверджаных звестак выдання «Baza», Навальнаму стала дрэнна сёння каля гадзіны дня, яму выклікалі хуткую дапамогу. Медыкі аказвалі яму дапамогу, але ў 14:17 Навальны памёр.

Рэаніматолаг Аляксандр Палупан, які ўваходзіў у кансіліум, які працаваў з Навальным у Омску пасля атручвання, распавёў выданню Meduza, што ў Навальнага не было ніякіх аб’ектыўных рызык тромбаэмбаліі, хоць відавочна, што «здароўе ў яго было дрэннае – як і ў любога чалавека, які будзе змешчаны ў такія ўмовы».

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што «медыкі разбіраюцца» з тым, што адбылося. Ён удакладніў, што Пуціну пра смерць Навальнага паведамілі.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ў Telegram напісала: «Гэтая смерць – чарговы доказ, што для дыктатараў чалавечае жыццё не мае ніякай каштоўнасці. Рэжым Пуціна, як і рэжым Лукашэнкі, у імкненні захаваць уладу пазбаўляецца ад апанентаў любымі спосабамі».

Hавiны
У апошняй публікацыі Навальны прызнаваўся ў каханні жонцы, а на відэа выглядаў бадзёрым
2024.02.16 15:10

Юлія Навальная: Рэжым Пуціна павінен панесці адказнасць

На Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы 16 лютага выступіла Юлія Навальная – жонка Аляксея Навальнага. Яна казала пра адказнасць за смерць мужа:

«Я хачу заклікаць усю сусветную супольнасць, усіх, хто знаходзіцца ў гэтай зале, людзей ва ўсім свеце, каб мы разам з’ядналіся і перамаглі гэтае зло, перамаглі жахлівы рэжым, які цяпер у Расеі, – сказала Юлія Навальная. – І гэты рэжым, і Уладзімір Пуцін павінны панесці персанальную адказнасць за ўсе тыя жудасныя рэчы, якія яны робяць з маёй краінай, з нашай краінай, Расеяй у апошнія гады».

Цютрын: Было відавочна, што пуцінскі рэжым хоча забіць Навальнага

Ярмыш паведамляла 14 лютага, што Аляксея Навальнага дваццаць сем разоў за час зняволення кідалі ў штрафны ізалята.

Сузаснавальнік фонду «Свабодная Расея» Іван Цютрын у эфіры «Белсату» адзначыў, што першыя думкі пасля навіны пра смерць Навальнага ў яго былі такія ж, як пасля пачатку вайны ва Украіне:

«Ты ведаеш, што да гэтага ўсё ішло, але, калі сутыкаешся з гэтай рэальнасцю, яе надта цяжка ўсвядоміць».

Паводле яго, было відавочна, што пуцінскі рэжым хоча забіць Навальнага, бо палітвязня ставілі ў катавальныя ўмовы, у якіх смерць – справа часу. Цютрын падкрэслівае: «Гэта не смерць, а забойства з асаблівай жорсткасцю».

Пра смерць Навальнага выказаўся шэраг замежных лідараў, у тым ліку канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Рышы Сунак і іншыя. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прямо заявил о смерти Навального: «Відавочна, ён забіты Пуціным».

Старшыня Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль паведаміў, што «ЕЗ ускладае на расейскі рэжым аднаасобную адказнасць за гэтую трагічную смерць».

Іван Цютрын мяркуе, што нейкія наступствы для Крамля ад гэтага могуць быць, але на фоне вайны ва Украіне не зразумела, як яшчэ Захад можа адрэагаваць акрамя рэзалюцый і слоў шкадавання. Магчыма, будуць нейкія санкцыі, але вайна ўжо стала «жудаснай нармальнасцю», таму санкцыйная праца ідзе ўсё больш складана.

Але Цютрын хацеў бы, каб Захад пачаў успрымаць рэжым Пуціна як «злачынную таталітарную дыктатуру, якая павінна быць знішчаная». Перамагаць гэтую дыктатуру можна толькі на полі бою ва Украіне, мяркуе сузаснавальнік фонду «Свабодная Расея», а значыць, трэба максімальна падтрымліваць Украіну.

Ні пра якую апазіцыйную дзейнасць унутры Расеі цяпер не можа быць гаворкі, мяркуе Цютрын: «Апазіцыя можа быць або ў турме, або за мяжой». У Расеі магчымая хіба што партызанская барацьба, але мірныя пратэсты не будуць эфектыўнымі, упэўнены суразмоўца.

На 23–24 лютага ў літоўскай Вільні запланаваная канферэнцыя расейскай апазіцыі – «Форум свободной России». Цютрын лічыць, што «цяпер наш абавязак – узмацніць нашу працу, каб прыбіць пуцінскі рэжым».

Hавiны
Ціханоўская: Навальнага мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым
2024.02.16 15:30

Марозаў: Гэта безумоўна палітычнае забойства

Палітолаг Аляксандр Марозаў у эфіры «Белсату» сказаў, што згодны з заявамі накшталт той, што зрабіў Зяленскі: смерць Навальнага ў зняволенні – гэта следства доўгай і паслядоўнай дзейнасці Крамля з мэтай забіць апазіцыянера, «гэта безумоўна палітычнае забойства». І тое, што Навальнага спрабавалі забіць раней, толькі пацвярджае гэта, падкрэслівае суразмоўца.

«Якія б цяпер не прывёў Крэмль паперы, або экспертызы, або сведчанні сваіх лекараў, яны нічога не будуць каштаваць, – мяркуе Марозаў. – Таму што Крэмль шматкроць хлусіў на міжнароднай арэне і ў міжнародных арганізацыях, прад’яўляючы рознага роду дакументы або нібыта доказы».

На думку Марозава, пуцінскі рэжым нават па мерках аўтарытарных рэжымаў «жахлівая цынічная дыктатура», якая заслужыла «аглушальнага правалу» і лёсу дыктатуры Беніта Мусаліні. Навальны ж прадэманстраваў, як кажа суразмоўца, «бяспрыкладны гераізм, паслядоўнасць, далёка праўзыходную рацыяналізм і інстынкт самазахавання здольнасць ісці да канца ў сваёй пазіцыі».

Прэзідэнцкія выбары ў Расеі прызначаныя на 15–17 сакавіка 2024 года, апазіцыйных кандыдатаў на іх не дапусцілі. Марозаў лічыць, што ў Пуціна «мазоль набітая» на экстрэмальных падзеях, чакаць асаблівай рэакцыі ад яго не варта. І хоць словы Навальнага адклікаліся ў сэрцах многіх расейцаў, падчас вайны «пуцінізм знаходзіцца ў сваёй самай агрэсіўнай і мабілізаванай форме», выкарыстоўвае цэнзуру і запалохванне насельніцтва, фактычна ўвёў надзвычайнае становішча.

Паўлаў: Cупрацоўнікі ФСВП – выканаўцы забойства

Адвакат і заснавальнік праекту «Команда 29» Іван Паўлаў у эфіры «Белсату» прызнаў: паплечнікі Навальнага чакалі, што такое можа адбыцца, але не ведалі, калі. Ён упэўнены: смерць Навальнага – «спланаванае і добра арганізаванае забойства», пры чым не першая спроба забойства.

«У любога злачынства ёсць выканаўцы, ёсць арганізатары, ёсць заказчыкі, – адзначыў Паўлаў. – Ясна, што заказчык проста відавочны. Гэта чалавек, які сядзіць у Крамлі. Гэта Уладзімір Пуцін. Гэта прэзідэнт Расеі. Гэта чалавек, які развязаў вайну ва Украіне»

Выканаўцаў жа, лічыць суразмоўца, шмат. Гэта супрацоўнікі Службы выканання пакаранняў, якія стварылі Навальнаму невыносныя ўмовы, бо адміністрацыя калоніі не магла па сваёй волі ствараць такія ўмовы і пастаянна перасаджваць зняволенага з карцэру ў ізалятар і назад пры такой увазе грамадства.

Але Паўлаў сумняваецца, што хтосьці не будзе «прызначаць вінаватых». Укід інфармацыі пра тромб – наўрад ці афіцыйная версія, бо каб усталяваць прычыну смерці, патрэбны афіцыйны агляд, які наўрад ці паспелі б правесці.

Суразмоўца нагадаў пра крылатую фразу: «Ноч цямней за ўсё перад світаннем». Ён упэўнены, што хоць Навальнага не стала, ягоная справа будзе жыць, а каманда Навальнага працягне працаваць, падтрымліваць ягоную справу.

Праабражэнскі: Гэта можа быць дэманстрацыяй «безальтэрнатыўнасці» Пуціна

Расейскі палітолаг Іван Праабражэнскі ў эфіры «Белсату» распавёў, што днём раней абмяркоўваў з калегам магчымасць смерці Навальнага. Не было зразумела, чаму Крэмль працягвае трымаць Навальнага ў жывых, не выкарыстоўваючы ў якасці закладніка, і навошта столькі чакае, каб забіць. Хоць перавод у аддаленую калонію, «у мядзведжы кут», выклікаў у многіх адчуванне, што Навальнага накіроўваюць на смерць.

Турэмныя лекары сцвярджаюць, што даехалі да Навальнага менш, чым за сем хвілін. Праабражэнскі лічыць, што гэта выглядае як спроба апраўдацца, ды і трэба пацікавіцца, ці ёсць наогул у тым населеным пункце, дзе размешчаная калонія, брыгада медыкаў-рэаніматолагаў. Але ў расейскіх уладаў, дадае Праабражэнскі, можа і не быць жадання перад кімсьці апраўдвацца.

«Гэта абсалютна цынічнае, спакойнае, халаднакроўнае забойства чалавека, якое доўжылася проста дастаткова доўга, некалькі гадоў», – кажа Праабражэнскі пра смерць Навальнага.

Расейскія ўлады хацелі б, каб грамадства было ў жаху ад смерці Навальнага, але такога не будзе, мяркуе палітолаг. Гэта не нечаканая навіна, а тыя, каго Навальны хвалюе, даўно абмяркоўвалі магчымасць яго забойства. Ды і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў расейцаў з’явіліся «іншыя праблемы». Будзе хіба што «сурʼёзнае расчараванне здаровай часткі расейскага грамадства». Для астатніх жа гэта толькі пакажа безальтэрнатыўнасць Пуціна – магчыма, у гэтым і была галоўная мэта дзеянняў расейскіх уладаў.

Смерць найбольш вядомага праціўніка Пуціна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў наўрад ці неяк паўплывае на галасаванне, мяркуе Праабражэнскі. Дэлегітымізацыя гэтых выбараў правалілася яшчэ раней, апазіцыя не прыдумала добрых спосабаў сарваць тое, што палітолаг называе «спецаперацыяй па перазацверджанню Пуціна на пасадзе прэзідэнта». Акцыі памяці, вядома, будуць, але Праабражэнскі сумняваецца, што выйдзе «нешта палітычнае» з такой трагедыі.

Наўрад ці еўрапейскія палітыкі масава назавуць Пуціна нелегітымным на фоне смерці Навальнага. Праабражэнскі адзначае, што на Захадзе палітыкі лічаць, што ў Расеі ў Пуціна высокая падтрымка. І хоць знаходжанне Пуціна на пасадзе прэзідэнта незаконнае ўжо шмат гадоў, гэта не перашкаджала Захаду ўзаемадзейнічаць з Пуціным. Будуць хіба што асобныя палітыкі, якія не прызнаюць Пуціна прэзідэнтам, але да ўрадаў заходніх краін пакуль не ўдаецца дастукацца.

Будзе хіба што «момант урачыстасці» расейскіх уладаў, прадказвае Праабражэнскі:

«Пуцін, вядома, будзе ад радасці выскокваць са штаноў. І абавязкова гэта нам прадэманструе».

Z-прапаганда тым часам запусціла стандартную для палітычных забойстваў «версію» пра тое, што гэта праціўнікі Пуціна нібыта хацелі стварыць «сакральную ахвяру», а Пуціну гэта нібыта нявыгадна.

Ганчарэнка: Адзіны спосаб спыніць Пуціна – даць зброю Украіне

Тым часам у Нямеччыне праходзіць Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы, дзе сустракаюцца лідары краін NATO, палітыкі, вайскоўцы і бізнесоўцы. Карэспандэнт «Белсату» Аляксандр Папко распавёў, што смерць Навальнага стала шокам для ўдзельнікаў канферэнцыі, зрабіла атмасферу сустрэчы яшчэ больш напружанай. Пакуль палітыкі толькі коратка каментуюць журналістам гэтую смерць.

Дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Аляксей Ганчарэнка распавёў журналісту «Белсату» у Мюнхене, што не бачыць нічога дзіўнага ў смерці Навальнага:

«Пуцін гэтым пасылае мэсідж Захаду, што ўвогуле пляваць на яго хацеў, выцірае аб яго ногі чарговым разам, што ён забіваў, забівае і будзе забіваць», – мяркуе Ганчарэнка.

Для Украіны, адзначыў дэпутат, у гэтым нічога новага – Крэмль цяпер штодня забівае ўкраінцаў.

На думку Ганчарэнкі, сёння не варта чакаць масавых пратэстаў у Расеі, а гэта кажа пра тое, што ўсё гэта «падабаецца расейскаму грамадству», што той жа напад на Украіну – «гэта не вайна Пуціна», «гэта не Пуцін адзін хворы, гэта хворае ўсё расейскае грамадства».

Якой павінна быць рэакцыя цывілізаванага свету на смерць Навальнага? Ганчарэнка адзначае, што гэта смерць расейскага грамадзяніна на тэрыторыі Расеі, а нават на напад Расеі на Украіну рэакцыя непераканаўчая.

Калі не спыніць Пуціна і не знішчыць ягоную дыктатуру, ён будзе і далей забіваць і ў Расеі, і не толькі, упэўнены Ганчарэнка. А адзіны спосаб спыніць Пуціна – даць зброю Украіне, якая змагаецца з Расеяй.

У Еўропе Ганчарэнка бачыць пазітыўныя змены ў дачыненні да падтрымкі Украіны. Але заўважае: калі Паўночная Карэя здольная паставіць Расеі больш снарадаў, чым увесь Еўразвяз Украіне, то «гэта не смешна».

Абнаўляецца
«Відавочна, ён забіты Пуціным». Сусветныя лідары каментуюць смерць Навальнага
2024.02.16 15:46

Рэзнік: Навальнага забівалі кожны дзень

Расейскі апазіцыйны палітык, сузаснавальнік руху «Европейский Петербург» Максім Рэзнік у эфіры «Белсату» сказаў, што Пуціна і раней нічога не магло спыніць, а смерць – дакладней, відавочнае забойства – Навальнага гэта не зменіць.

«Я не думаю, што неяк спецыяльна падгадвалі гэтае забойства, – разважае Рэзнік. – Я думаю, што ў дадзеным кантэксце наўрад ці Пуціну патрэбная была ў рамках ягонай «спецыяльнай выбарнай аперацыі« гэтая падзея. Але тут ужо ў любы момант гэта магло здарыцца: калі чалавека катуюць кожны дзень, калі над чалавекам здзекуюцца кожны дзень… Яго забівалі кожны дзень».

Ён нагадвае, што Навальнага спрабавалі забіць яшчэ ў 2020 годзе. І якім бы не было моцным здароўе Навальнага, ён не мог бы трымацца вечна. І нагадвае, што Навальны заклікаў не здавацца нават у выпадку смерці, нават з калоніі заклікаў кожны дзень змагацца супраць Пуціна. Навальны ўсё роўна застанецца сімвалам супраціву Пуціну.

Чаму наогул Навальнага трымалі ў такіх умовах? На думку Рэзніка, адказ просты: «Пуцін – дыктатар, а Навальны быў найбольш яркім, паслядоўным і, напэўна, найбольш папулярным крытыкам гэтай дыктатуры», а яшчэ «адзін не можа жыць, пакуль жывы іншы».

У расейскіх калоніях ёсць і іншыя палітычныя зняволеныя, як Ілля Яшын або Уладзімір Кара-Мурза малодшы. Не ўсе палітвязні – асабістыя ворагі Пуціна, як Навальны, адзначае Рэзнік, але ўсе яны пад пагрозай. Усе, хто змагаецца з дыктатурай Пуціна, пад прамой пагрозай, што відавочна як мінімум з моманту забойства Барыса Нямцова ў 2015 годзе.

Рэзнік упэўнены, што пераважная большасць праціўнікаў Пуціна выйдзе на волю, хай нават ва ўсіх тэрмін зняволення – «пакуль Пуцін жывы». Палітык падкрэсліў, што палітычныя зняволеныя стаяць у адным шэрагу з тымі, хто змагаецца з Пуціным са зброяй у руках, бо свядома выбралі супраціў Пуціну, ведаючы кошт гэтаму і разумеючы, што бяспечных спосабаў барацьбы няма.

Бароўскіх: Навальнага як «зняволенага № 1» змясцілі ў вельмі жорсткія ўмовы

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Русь сидящая» Юрый Бароўскіх распавядае, што калонія «Палярны воўк», у якой сядзеў Навальны, гэта калонія асаблівага рэжыму на крайняй поўначы Расеі. Яна знаходзіцца ў пасёлку Харп каля горада Лабытнангі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Умовы ў ёй вельмі жорсткія. І побач з ёй знаходзіцца калонія для асуджаных на пажыццёвае зняволенне.

«Гэта экстрэмальныя тэмпературы зімой, і летам гэта вельмі шмат камароў, вельмі шмат насякомых, – распавядае Бароўскіх. – Калі зняволеныя выходзяць на праверку, яны не маюць права нават рухацца. За любы рух іх караюць. Іх альбо паліваюць вадой, альбо гэта нейкія дысцыплінарныя спагнанні».

На думку праваабаронцы, Навальнага як «зняволенага № 1» і палітычнага ворага Пуціна змясцілі туды, каб стварыць яму максімальна дрэнныя ўмовы.

Навальны больш за 300 дзён правёў у штрафным ізалятары. Бароўскіх распавядае: камера штрафнога ізалятару – зусім невялікае памяшканне, у якім няма ніякай магчымасці прылегчы, а часам і прысесці. Нары апускаюцца толькі на начны час, а з раніцы падымаюцца, і добра, калі ў камеры ёсць хоць бы стул. Безумоўна, на здароўе Навальнага, які раней перажыў атручэнне, зняволенне ў такіх умовах моцна паўплывала.

УФСВП паведамляў, што Навальны адчуў сябе дрэнна пасля прагулкі. Праваабаронца адзначае, што зняволеных нават з ШІЗА сапраўды выводзяць на шпацыр на гадзіну-паўтары.

Палупан: прычыну смерці тэхнічна не маглі назваць

Другая частка версіі УФСВП выклікае сумневы. Супрацоўніца Грамадскай назіральнай камісіі па абароне правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі Ганна Карэтнікава, якая працавала таксама вядучым аналітыкам Маскоўскага ўпраўлення ФСВП, напісала на Facebook, што тромбаэмбалія лёгачнай артэрыі – гэта захворванне, якое «турэмнымі медыкамі ўжываецца як бы ў такім… пераносным трохі, пашыраным сэнсе». Гэта ўніверсальны дыягназ, складана даказальны і гэтым у чымсьці зручны: «Гэта тое, чым можна патлумачыць усё».

Лекар-рэаніматолаг Аляксандр Палупан у эфіры «Белсату» адзначыў, што на момант размовы не было ніякіх звестак, якія дазвалялі б паставіць гэты дыягназ. Каб паставіць такі, патрэбныя альбо прыжыццёвыя даследаванні, якія не маглі быць выкананыя ў тых умовах, у якіх знаходзіўся Навальны, альбо ў выніку медычнай экспертызы і выкрыцця, а гэта яшчэ не было выканана. Пакуль толькі вырашаецца пытанне, дзе будзе выкрыццё.

«Ніякіх тэхнічных магчымасцяў усталіць прычыну спынення сэрца ў такіх умовах у іх не было, – падкрэслівае рэаніматолаг. – Тое, што нам ужо даюць гатовы дыягназ, не можа не выклікаць дастаткова абгрунтаваных сумневаў у тым, што гэты дыягназ хоць неяк аб’ектыўны».

Пакуль жа любыя меркаванні пра дыягназ – «чыстай вады спекуляцыя», робіць ён выснову. Ці могуць быць высветленыя сапраўдныя прычыны смерці, залежыць ад таго, хто будзе высвятляць. Незалежная экспертыза можа ўсталіць прычыны, але няма ўпэўненасці, што ў Расеі яна будзе менавіта незалежнай.

Палупан адзначае, што ў атручвання Навальнага ў 2020 годзе маглі быць і, хутчэй за ўсё, былі доўгатэрміновыя наступствы, але не такія, якія б пагражалі жыццю. Ён лічыць, што прамая сувязь атручвання і смерці малаверагодная, хутчэй прычына ў новым уздзеянні або ў бесчалавечных умовах утрымання.

Інфармацыі пра здароўе Навальнага ў зняволенні было вельмі мала. Палупан нагадвае, што медычная супольнасць не раз патрабавала аказаць яму медычную дапамогу праз пагаршэнне здароўя. Але на апошнім запісе з судовага працэсу Навальны не рабіў уражання чалавека, у якога абвастрыліся хранічныя захворванні.

Дамажыраў: Раз Навальны верыў у шчаслівую Расею будучыні, то расіянам нельга губляць гэтай веры

Расейскі апазіцыйны палітык і актывіст Яўген Дамажыраў, які ў 2017–18 гадах узначальваў штаб Навальнага ў Волагдзе, у эфіры «Белсату» распавёў, што з Навальным пазнаёміўся ў 2011 годзе, удзельнічаў у стварэнні «Партыі прагрэсу» і рэгулярна вырашаў з Навальным партыйныя пытанні.

Ён згодны з жонкай Навальнага: адказнасць за смерць Навальнага павінен панесці Пуцін, незалежна ад таго, якая непасрэдная прычына смерці Навальнага будзе названая.

«Пуцін забіў Навальнага, – заяўляе Дамажыраў. – Пуцін хацеў забіць Навальнага, спрабаваў гэта зрабіць яшчэ ў 2020 годзе, тры з паловай гады таму. Тады Аляксею ўдалося выжыць. І ў прынцыпе ўсе гэтыя тры гады яго забівалі. Мы разумеем, што апошнія паўтара года ён практычна не вылазіў з ШІЗА».

Свету даўно было пара прыняць максімальна жорсткія пастановы што да ўсёй верхавіны пуцінскай Расеі і іх сваякоў, сяброў-алігархаў Пуціна, мяркуе палітык. Але зразумела, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Пуціна наўрад ці нешта магло спыніць, калі гаворка пра забойства аднаго чалавека.

Дамажыраў прызнаецца, што страціў надзею ў шчаслівую Расею будучыні, і што не ведае, як Расея можа выйсці з развязанай вайны. Але «раз Аляксей верыў, застаецца верыць і нам».

Панамароў: Смерць Навальнага павінна падштурхнуць заходніх палітыкаў да думкі пра дэмантаж пуцінізму

Былы дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі, апазіцыйны палітык Ілля Панамароў у эфіры «Белсату» сцвярджае: незалежна ад таго, ці даваў Крэмль загад забіць Навальнага, гэта можна інтэрпрэтаваць толькі як палітычнае забойства.

Навальны рэгулярна «парушаў усе канвенцыі», адзначае Панамароў. Крэмль палічыў, што даў Навальнаму магчымасць застацца на Захадзе, а той вырашыў вярнуцца.

«Цяпер ужо тыя часы, калі ніякія галасы на волі ўнутры Расеі з пункту гледжання крамлёўскай адміністрацыі і асабіста Пуціна гучаць не павінны, – мяркуе Панамароў. – Пачынаючы з шырокамаштабнага ўварвання ва Украіну на гэтай вольніцы пастаўленая канчатковая кропка. Цяпер адзіны спосаб супраціву ўнутры Расеі, які можа працаваць, гэта сілавы».

З боку краін Захаду ён не чакае адчувальнай для Крамля рэакцыі на смерць Навальнага: ужо два гады ідзе гарачая фаза вайны з ваеннымі злачынствамі і сотнямі тысяч забітых, з абстрэламі, пад якія траплялі ў тым ліку заходнія палітыкі.

Але ён спадзяецца, што смерць Навальнага падштурхне заходніх палітыкаў да думкі аб тым, што вайна не можа завяршыцца пры захаванні Пуціна ва ўладзе і пуцінізму як палітычнай сістэмы.

belsat.eu / ЮК/ІР

Стужка навінаў