Вайсковец тэрміновай службы сапраўды пакінуў палігон, але не ўцякаў, а згубіўся


На палігоне ўнутраных войскаў МУС РБ каля вёскі Аколіца (Менскі раён) 19 кастрычніка знік салдат тэрміновай службы. Пра гэта паведамляў Telegram-канал «МотолькоПомоги». Але ў МУС аператыўна зняпраўдзілі гэтую інфармацыю. Вось толькі насамрэч, як высветліў блогер, інцыдэнт меў месца, сілавікі ўводзілі на ўсёй Менскай вобласці план «Сірэна» па пошуку зніклага вайскоўца.

Беларускія вайскоўцы.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Салдат тэрміновай службы Мікіта Юр’евіч В. вайсковай часткі 3214 Унутраных войскаў МУС РБ 19 кастрычніка сапраўды пакінуў размяшчэнне палігона. Але зрабіў ён гэта не спецыяльна, так сталася, што вайсковец, у якога пры сабе была зброя, проста згубіўся.

Падчас выхаду на перакур гэты вайсковец адстаў ад сваіх калегаў. У выніку салдат з аўтаматам пайшоў у кірунку, які абраў не задумваючыся.

На палігоне, калі недалічыліся вайскоўца, агучылі трывогу і на тэрыторыі ўсёй Менскай вобласці ўводзілі план «Сірэна». У выніку праз пару гадзінаў салдата знайшлі.

Адметна, што інфармацыю пра ўцёкі салдата аператыўна абверглі прадстаўнікі УУС Гарадзенскага аблвыканкаму. Яны паведамілі, што «салдат тэрміновай службы в/ч 3214 самавольна не пакідаў размяшчэнне часткі. Не верце фэйкам дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсаў!»

Блогер удакладняе, што адрэагавалі на інфармацыю менавіта ў Горадні, хоць палігон знаходзіцца ў Менскай воласці, паколькі вайсковец з’яўляецца жыхаром Ваўкавыскага раёну.

Hавiны
З вайсковай часткі збег салдат з аўтаматам
2022.10.19 18:41

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў