Святлана Ціханоўская папрасіла «Google» і «YouTube» не дыскрымінаваць беларускай мовы


Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінету 18 лютага сустрэліся з віцэ-прэзідэнткай «YouTube» у справе сувязяў з урадамі Лэслі Мілер і віцэ-прэзідэнткай «Google» у справе публічнай палітыкі і сувязяў з урадамі ў Еўропе Анэтэ Крэбэр-Рыль.

Анэтэ Крэбэр-Рыль, Святлана Ціханоўская і Лэслі Мілер.
Фота: прэс-служба Ціханоўскай

Як паведамляе прэсавая служба абранай прэзідэнткі, падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская падняла пытанні, якія дапамогуць развязаць праблему беларускай мовы ў прадуктах «Google» і «YouTube»:

  • дазволіць манетызацыю кантэнту на беларускай мове ў прадуктах «Google» і «YouTube»;
  • дазволіць рэкламаваць беларускамоўныя відэаролікі на «YouTube»;
  • спыніць злоўжыванне рэкламнымі інструментамі з боку расейскіх і лукашэнкаўскіх прапагандыстаў;
  • забяспечыць доступ да сайтаў і каналаў незалежных медыяў, прызнаных рэжымам Лукашэнкі экстрэмісцкімі, праз пошукавыя сістэмы і іншыя інструменты «Google».

Прэс-служба Ціханоўскай падкрэслівае, што гэта не першая сустрэча з прадстаўнікамі «Google» і «YouTube» у гэтых пытаннях – бакі падтрымліваюць пастаянную камунікацыю на працоўным узроўні. Кампаніі аператыўна рэагуюць на запыты Офісу Святланы Ціханоўскай, блакуюць непраўдзівую інфармацыю, а таксама «пакаянныя» відэа на «YouTube».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў