У порце Санкт-Пецярбургу спынілі перавалку беларускіх угнаенняў. Расейцаў не задавальняе кошт


Кампанія «Балтыйскі судамеханічны завод» (БСМЗ) у пецярбургскім порце прыпыніла перавалку мінеральных угнаенняў па кантракце з «Беларуськаліем», піша расейскае выданне «Фонтанка».

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота:  Scanpix / delfi.lt

Бакі не дамовіліся па кошце: беларускія калійшчыкі не пагадзіліся з выстаўленымі коштамі перавалкі. Пры гэтым у Балтыйскім суднамеханічным заводзе заявілі, што фінансавае пытанне з «Беларуськалій» абмяркоўваецца, у выніку чаго працэс у будучыні будзе адноўлены.

Замест беларускіх калійных угнаенняў у гэтым порце цяпер грузяць расейскі вугаль. На тэрмінал ужо прыйшлі першыя тры саставы з Кемераўскай вобласці, далейшыя пастаўкі таксама ўжо закантрактаваныя.

Нагадаем, расейскія парты сталі адзіным шляхам для марскіх паставак беларускіх угнаенняў пасля ўвядзення супраць Беларусі санкцыяў і адмовы літоўскай чыгункі ад дастаўкі беларускіх грузаў. Як плануецца, да 2028 года ў Мурманскай вобласці можа быць пабудаваны беларускі порт.

Раней, пакуль у Беларусі і Расеі быў доступ да партоў у краінах Балтыі, завод заўсёды перагружаў невялікія аб’ёмы камерцыйных грузаў і лічыўся ў другім дзясятку такіх кампаній пецярбургскага порта без асаблівых перспектыў. Але траплянне рэжыму Лукашэнкі пад заходнія санкцыі, а пасля і пачатак вайны ў 2022 годзе надалі гэтаму прадпрыемству другое дыханне. Транспартную апрацоўку ўгнаенняў «Беларуськалію» на тэрмінале Балтыйскага суднамеханічнага заводу запусцілі ў канцы 2022 года.

Незалежныя эканамісты раней адзначалі, што высокая ступень залежнасці беларускіх экспарцёраў ад РФ ставіць іх ва ўразлівае становішча. Сам жа экспарт становіцца адчувальным да палітычнага і эканамічнага ўздзеяння з боку Расеі: яна можа або заблакаваць частку патокаў, або зрабіць пастаўкі для Беларусі больш дарагімі, павысіўшы тарыфы. Адмовіцца працаваць па новых правілах беларускія фірмы не здолеюць, бо ў іх не засталося альтэрнатывы.

Аналітыка
Экспарт беларускага калію вырас удвая ў 2023 годзе – Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі
2024.03.14 09:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў