У палітэмігрантаў канфіскуюць маёмасць у Беларусі. Якім можа быць адказ?


Колькасць з’ехаўшых беларусаў, якім пагражае страта пакінутай на радзіме нерухомасці, «падыходзіць да 1000». Такую лічбу агучыў у эфіры тэлеканалу ОНТ прапагандыст Ігар Тур. Якім можа быць адказ дэмакратычных сіл на канфіскацыю маёмасці беларусаў і ці можна ў адказ на такія дзеянні канфіскоўваць маёмасць дзяржавы і памагатых рэжыму за мяжой, распавёў у каментары «Белсату» лідар НАУ і намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Лідар НАУ Павел Латушка прамаўляе падчас адкрыцця выставы праекту «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 10 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Паводле яго слоў, фактычна Беларусь не мае вялікай дзяржаўнай маёмасці за мяжой.

«Калі я працаваў амбасадарам Беларусі ў Францыі, кожны год мы адпраўлялі ў камітэт дзяржаўнай маёмасці Беларусі даведку, дзе пазначалася, якая дзяржаўная маёмасць знаходзіцца на тэрыторыі Францыі, Гішпаніі і іншых краінах, дзе я быў адказным як амбасадар. Такая маёмасць была адна – будынак пасольства Беларусі ў Францыі. Ёсць прыклады, калі дзяржава праз суб’екты гаспадарання дзяржаўнай формы ўласнасці мае некаторую маёмасць. Напрыклад, санаторый «Беларусь» у Друскенінкаі, альбо тэрмінал Беларуськалію ў Клайпедзе. Але гэта суб’екты гаспадарання.

Паспрабаваць спагнаць з Беларусі сродкі за мяжой практычна нерэальна, бо яны абароненыя Венскай канвенцыяй, калі мы кажам пра дыпламатычныя і консульскія ўстановы. Калі нават такое ажыццявіць, гэта будзе парушэннем Венскай канвенцыі аб дыпламатычных і консульскіх зносінах, такія ж захады будуць зробленыя ў адносінах да той дзяржавы, якая канфіскуе маёмасць амбасады.

Калі мы кажам пра суб’екты гаспадарання, то з-за санкцый можна накласці арышт на такую маёмасць, але канфіскаваць таксама немагчыма. У дэмакратычных краінах уласнасць – тая сфера, якая абараняецца і Канстытуцыяй, і заканадаўствам», – кажа Павел Латушка.

Ён адзначае, што калі гаворка ідзе пра маёмасць прыватных асобаў за мяжой, на яе можна накласці арышт, але канфіскаваць яе таксама немагчыма.

«У Беларусі дзейнічае арганізаваная злачынная групоўка. У Беларусі, як сказаў Лукашэнка, не да законаў. У дэмакратычных краінах дзейнічаюць законы і забраць прыватную ўласнасць немагчыма», – дадаў наш суразмоўца.

Каментар
Кватэру журналіста Змітра Казакевіча канфіскуюць: «Рана ці позна я вярну свой дом»
2024.05.21 22:21

Што могуць у такой сітуацыі рабіць дэмакратычныя сілы? Прасоўваць увядзенне санкцый, блакаваць маёмасць памагатых рэжыму, не даваць ім права карыстацца ёю і ўязджаць у ЕЗ.

«Чамусьці зараз існуе негалосная квота на ўвядзенне персанальных санкцый да рэжыму Лукашэнкі ў 5-10 чалавек у санкцыйны пакет, хоць дэмсілы перадалі ўжо тысячы прозвішчаў. Мы намагаемся гэта выправіць. І хаўруснікам рэжыму трэба разумець: пры змене ўлады ўся канфіскаваная маёмасць вернецца да гаспадароў. Прывяду прыклад Румыніі. У камуністычныя часы ў людзей быў канфіскаваны будынак, які быў перададзены СССР, а пасля вернуты прыватным гаспадарам назад. Зараз гэты будынак здаецца ў арэнду пасольству Беларусі.

Таму беларусам за мяжой, у якіх адбіраюць маёмасць, важна:

  1. Захоўваць усе дакументы на маёмасць.
  2. Фіксаваць незаконныя дзеянні.

Гучыць прапанова стварэння адпаведнай платформы па фіксацыі маёмасці, якую незаконна адбірае рэжым, і мы далучыліся да гэтай ініцыятывы», – рэзюмаваў Павел Латушка.

Улады Беларусі практыкавалі канфіскацыю маёмасці апанентаў і раней. Але найбольш маштабнай яна зрабілася пасля таго, як Лукашэнка зазнаў паразу на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і ў выніку развязаў у краіне тэрор. За апошнія гады былі прададзеныя лецішча Ніны Багінскай, кватэры Сяргея і Святланы ЦіханоўскіхВалера і Веранікі Цапкалаў, Уладзіміра Лабковіча, дом Алены Янушкоўскай. Маёмасць вялікай колькасці дэмакратычных актывістаў і журналістаў можа быць выстаўленая на аўкцыён ужо неўзабаве – шмат у каго на яе ўжо накладзены арышт.

Колькасць такіх кватэраў і дамоў толькі павялічваецца. У канцы траўня Следчы камітэт паведаміў, што пачаў крымінальныя справы ў дачыненні 257 кандыдатаў на выбарах у Каардынацыйную раду. Перад тым крымінальныя справы былі заведзеныя ў дачыненні больш як 200 беларусаў замежжа, якія ўдзельнічалі ў акцыях за мяжою. У абодвух выпадках улады падкрэсліваюць, што на беларускую маёмасць падазраваных накладаецца арышт «для забеспячэння прынцыпу непазбежнасці пакарання і кампенсацыі стратаў, у тым ліку ў рамках спецыяльнага вядзення».

Агляд
Дэмсілы ствараюць рэестр канфіскаванай маёмасці. Як яе будуць вяртаць і ў каго забяруць
2024.06.04 16:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў