Новыя палітвязні і затрыманні за перакрыцці дарогі ў 2020-м


«Белсат» збірае выпадкі палітычнага пераследу, які чыніцца беларускімі ўладамі і дасягнуў неверагодных памераў у апошнія гады.

Магілёўская папраўчая калонія №15, дзе адбывае пакаранне Валянцін Стэфановіч.
Крыніца: Зеркало

Стала вядома, што праваабаронцу «Вясны» Валянціна Стэфановіча, якога ў сакавіку 2023 года асудзілі на дзевяць гадоў пазбаўлення волі, перавялі ў ПКТ на 6 месяцаў. Пра гэта ўдалося даведацца ад аднаго са зняволеных ПК-15, дзе адбывае пакаранне Стэфановіч. Са словаў сведкі, палітзняволенага нават з ПКТ рэгулярна саджаюць у ШІЗА – «Бывае, што і больш як на адзін дзесяцідзённы тэрмін».

На канале сілавікоў з’явілася «пакаяльнае відэа» з затрыманым мужчынам, які нібыта даслаў у «Чорную кнігу Беларусі» інфармацыю пра суддзю Кастрычніцкага раёну Менска. Паводле звестак выдання «Медыязона», затрыманага завуць Іван Царык.

Гомельскі абласны суд 17 чэрвеня вынес прысуд былому палітвязню і праваабаронцу Леаніду Судаленку. Суд праходзіў завочна. Паводле новай справы Судаленку прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму і штраф у 26 тысяч рублёў, абвінаваціўшы паводле частках 1 і 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). На дадзены момант Леанід Судаленка знаходзіцца па-за межамі Беларусі.

За заклікі блакаваць рух транспарту ў 2020 годзе быў затрыманы індывідуальны прадпрымальнік Кірыл Чалядзінскі. Паведамляецца, што свае каментары мужчына пакідаў у «дэструктыўным тэлеграм-чаце».

Праваабаронцы прызналі пяць новых палітзняволеных. Імі сталі Вячаслаў Негадзенка, Аляксандр Іода, Язэп Дулеба, Анатоль Валадзько, Аксана Ляпко. На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1409 палітвязняў.

Міністэрства інфармацыі папоўніла спіс «экстрэміцскіх матэрыялаў». У яго трапілі: тэлеграм-канал «PETLYARIS», YouTube-канал «Простымі словамі», а таксама TikTok-старонкі «NARODNYREPORTER» і «SIARHEI PIATRUKHIN».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў