Асуджанага на 18 гадоў па «справе Аўтуховіча» Уладзіміра Гундара асудзілі ў трэці раз


У Горадні напрыканцы студзеня пачаўся разгляд трэцяй крымінальнай справы супраць баранавіцкага актывіста Уладзіміра Гундара. Яго абвінавацілі ў абразе пракуроркі Людмілы Герасіменкі, якая прадстаўляла абвінавачванне па «справе Аўтуховіча». 17 красавіка яму вынеслі новы прысуд, паведамляюць праваабаронцы.

Уладзімір Гундар за кратамі.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Актывісту Уладзіміру Гундару прысудзілі яшчэ 2,5 года зняволення па трэцяй крымінальнай справе па арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Вядома, што палітзняволены адмовіўся даваць паказанні.

Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Гундара асудзілі да 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Уладзімір Гундар – актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы: мужчына не мае адной нагі. Яго затрымалі 30 снежня 2020 года па «справе Аўтуховіча» – нібыта за «падрыхтоўку тэракту». Першы суд па крымінальнай справе над ім прайшоў у траўні 2021 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 366 КК («Гвалт ці пагроза ў дачыненні да службовай асобы»). Сцвярджалася, што падчас вобшуку пры затрыманні мужчына пагражаў следчым і разбіў свой мабільны тэлефон. Берасцейскі абласны суд 20 траўня 2021 года асудзіў Гундара да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Разгляд «справы Аўтуховіча» распачаўся ў траўні мінулага года ў гарадзенскім СІЗА. Падчас суда палітвязня неаднаразова выдалялі з пасяджэнняў, а таксама адпраўлялі ў карцар. Паведамлялася, што на адным з чэрвеньскіх пасяджэнняў Уладзіміра змясцілі ў клетку ў адных майтках, а рукі прышпілілі кайданкамі да кратаў у расцяжцы, бо той адмаўляўся распранацца, калі праводзілі асабісты вобшук перад уваходам у залу. Супраць такіх дзеянняў адміністрацыі Уладзімір абвесціў галадоўку, якую трымаў 11 дзён. У выніку 17 кастрычніка 2022 года Гундару прысудзілі 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).

Аналітыка
Палітвязень Уладзімір Гундар зноў галадае. Што вядома і чаму закрылі працэс у «справе Аўтуховіча»
2022.09.20 18:38

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў