Якую зброю незаконна выкарыстоўвалі супраць пратэстоўцаў у Беларусі. Даклад праваабаронцаў


Праваабаронцы Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) не толькі сабралі сведчанні аб незаконным ужыванні зброі беларускімі сілавікамі, але і зрабілі агляд магчымых паставак зброі сілавікам і шляхоў прыцягнення пастаўляльнікаў да адказнасці.

Замежная агнястрэльная зброя, якую насілі беларускія сілавікі падчас «аховы» мірных сходаў. Выява: Remington Arms Company, LLC, O.F. Mossberg & Sons, Fabarm-Fabbrica Bresciana Armi SpA, Benelli Armi SpA, SIG Sauer, Glock GmbH / даклад FIDH

Міжнародная федэрацыя правоў чалавека падрыхтавала даклад аб незаконным ужыванні зброі для разгонаў дэманстрацыяў у Беларусі са жніўня 2020 года.

«Хаця ў пераважнай большасці выпадкаў гэтыя пратэсты мелі мірны характар, улады жорстка здушылі іх, – пішуць праваабаронцы. – Супрацоўнікі праваахоўных органаў, узброеныя стрэльбамі і пісталетамі, гумовымі кулямі і дубінкамі, святлошумавымі гранатамі і ірытантамі, сярод іншага, наўмысна, непрапарцыйна і нявыбарча ўжывалі сілу супраць удзельнікаў пратэстаў: жанчын, няпоўнагадовых і пажылых людзей ды інвалідаў, што прывяло да чатырох пацверджаных смярцяў».

Пасля разгонаў пратэстаў журналісты знаходзілі гільзы і боепрыпасы, вырабленыя пераважна ў Расеі і краінах Еўразвязу, а на кадрах з пратэстаў у руках беларускіх сілавікоў бачылі ў тым ліку зброю, якая магла трапіць у Беларусь у абыход эмбарга Еўразвязу, якое дзейнічае з 2011 года.

Беларускія праваабаронцы дакументавалі пранікальныя агнястрэльныя раненні, пераломы касцей, страту зроку і іншыя сур’ёзныя траўмы, якія атрымалі ўдзельнікі мірных пратэстаў. FIDH згадвае аўдыёзапіс, на якім намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў кажа сілавікам «выкарыстоўваць зброю і страляць проста ў лоб, проста ў твар» – гэта пацвярджае наўмысны і сістэматычны характар гвалту, каардынаваны на самым высокім узроўні.

Hавiны
Канцлагеры і санкцыя на беспакаранасць. Праваабаронцы звярнуліся ў ААН
2021.01.16 12:28

З еўрапейскай і амерыканскай зброі ў беларускіх сілавікоў заўважылі драбавікі амерыканскай кампаніі «Remington» і амерыканскай «Mossberg & Sons», італьянскіх «Fabarm-Fabbrica Bresciana Armi» і «Benelli Armi», пісталеты швейцарска-нямецкай «SIG Sauer» і аўстрыйскай «Glock», гумовыя кулі турэцкай «Sterling» і латышскай «Duplex», святлошумавыя патроны польскай «Fam-Pionki», расейскія аэразольныя і газавыя гранаты, святлошумавыя гранаты чэшскай кампаніі «Zeveta» (апошняя адмаўляе, што гранаты яе).

FIDH перадала некаторым згаданым кампаніям папярэднюю версію дакладу. Італьянскія кампаніі заявілі, што ў Беларусі маглі аказацца турэцкія копіі іх зброі.

Беларускі свет
«Глядзелі на рану і захапляліся, як гумовая куля разарвала мяккія тканкі»
2021.03.16 19:30

На думку праваабаронцаў, забарону Еўразвязу на пастаўкі ў Беларусь маглі таксама парушаць аўтамабільныя кампаніі «Mercedes-Benz» і «MAN Truck & Bus» з Нямеччыны і «Iveco» з Італіі, машыны якіх выкарыстоўвалі як базу для вадамётаў.

Праваабаронцы заклікалі Еўразвяз выканаць 21 пункт супраць незаконных паставак зброі ў Беларусь. У тым ліку забяспечыць належнае выкананне рэжыму эмбарга і санкцыяў, расследаваць парушэнні і не дапусціць паслаблення санкцыйнага рэжыму, забяспечыць больш эфектыўны ахоп Агульным вайсковым спісам Еўразвязу зброі «менш лятальнага дзеяння», узмацніць патрабаванні да нацыянальнай справаздачнасці ў экспарце зброі, прасоўваць эмбарга на пастаўкі зброі ў Беларусь на ўзроўні Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, запатрабаваць расследавання ад Нямеччыны, Італіі, Польшчы і Чэхіі, разглядзець магчымасць увядзення санкцыяў супраць нееўрапейскіх кампаніяў – пасталяльнікаў зброі.

Hавiны
Як сілавікі беспакарана забіваюць беларусаў: кажуць пра суіцыды і хваробы, садзяць сведкаў
2022.01.03 19:09

АА belsat.eu

Стужка навінаў