Сяргей Пеляса: Пагрозы наступу на Кіеў з Беларусі на сёння няма


Ці застаецца яшчэ небяспека наступу на Украіну з тэрыторыі Беларусі? Што абазначае прывядзенне частак беларускага войска ў баявую гатоўнасць нумар адзін і чаму рэжым адмяняе адтэрміноўку службы ў войску для студэнтаў, якія вучацца за мяжой. Пра гэта вялася размова ў студыі «Белсату» з аўтарам і вядоўцам міжнароднай праграмы «ПраСвет» Сяргеем Пелясой.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: svaboda.org

Расейскія вайсковыя рэсурсы вычарпаныя

Сяргей Пеляса лічыць, што расейскія вайсковыя рэсурсы моцна вычарпаныя, пра што сведчыць вывад расейскай тэхнікі з Беларусі і перакідванне яе ў зону ваенных дзеянняў. Акрамя таго, у сувязі з вывадам тэхнікі ён адзначыў, што «прывід яшчэ аднаго расейскага наступу на поўнач Украіны, на Кіеў фактычна ўжо пахаваны». Магчыма, у будучыні Расея яшчэ паспрабуе хаця б стварыць ілюзію пагрозы з поўначы. Але на сённяшні дзень такой пагрозы няма, лічыць журналіст.

Факт таго, што Аляксандр Лукашэнка вярнуўся пасля хваробы і паведаміў аб тым, што войскі Беларусі прыведзены ў гатоўнасць нумар адзін, Сяргей Пеляса патлумачыў вялікай занепакоенасцю беларускага кіраўніка. Бо падчас хваробы Лукашэнку паведамлялі, што ў Бранскай вобласці былі збітыя некалькі верталётаў і самалётаў, і таму ён аддаў такі загад, бо думае, што Беларусі пагражае падобная небяспека. Але на самой справе, лічыць Сяргей Пеляса, такой пагрозы нашай краіне зараз няма. У першую чаргу таму, што з Беларусі не адбываецца атак на Украіну. А таму перарываць сваю хваробу з гэтай прычыны і ехаць у цэнтральны каманды пункт ВПС і войскаў СПА Лукашэнку не было ніякай патрэбы.

«Гэта проста піяр-акцыя, гэта праца на камеру, каб паказаць, што вось, ён моцны, у мундзіры, абаронца, усё нармальна і спакойна. Вось для чаго гэта было зроблена. А пагрозы ніякай няма з Беларусі. Канечне, калі сунуцца з Беларусі, то могуць і атрымаць», – адзначыў Сяргей Пеляса.

Пры гэтым журналіст звярнуў увагу на той момант, што прыведзеныя ў баявую гатоўнасць былі толькі вайскова-паветраныя сілы і супрацьпаветраная абарона. То бок боегатоўнасць усяго войска не павышалася.

Лукашэнку патрэбны жаўнеры

Што ж тычыцца «закручвання гаек» у плане мабілізацыі і скасавання адтэрміноўкі службы ў войску студэнтам, якія вучацца за мяжой, то Сяргей Пеляса адзначыў, што гэта тлумачыцца вельмі проста: у Беларусі «не хапае жаўнераў», і Лукашэнку яны вельмі патрэбныя. Журналіст нагадаў, што пасля пратэстаў 2020 года з краіны выехала некалькі соцень тысяч маладых людзей, а зусім нядаўна было анансавана павелічэнне войска да 80 тысячаў чалавек. «Але адкуль іх узяць? – пытаецца Сяргей Пеляса, – калі колькасць насельніцтва Беларусі падае, ідзе палітычная міграцыя, сыход беларусаў з Беларусі». Менавіта таму ва ўладаў і ўзнікла ідэя скасоўвання адтэрміноўкі. Тым не менш ён скептычна выказваецца пра тое, што нехта з маладых людзей вернецца з гэтай прычыны назад у Беларусь. Хутчэй за ўсё, яны будуць шукаць усе магчымыя спосабы, каб застацца за мяжой.

Hавiны
Беларускія войскі пераведзены ў гатоўнасць нумар адзін пасля інцыдэнтаў у Бранскай вобласці
2023.05.15 22:40

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў