Заробак сярэдняга беларуса не дацягнуў 50 капеек да 1500 рублёў


Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў новыя звесткі пра медыянны заробак у Беларусі – гэта паказнік таго, колькі атрымлівае (да вынятку падаткаў і збораў) сярэдні чалавек у спісе людзей, адсартаваным паводле заробкаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Статыстыку медыяннага заробку публікуюць раз на паўгода, у адрозненне ад статыстыкі сярэдняга заробку (сумы ўсіх заробкаў, падзеленых на колькасць працаўнікоў), якую выдаюць штомесяц. 16 студзеня 2024 года апублікавалі звесткі за лістапад 2023-га.

Медыянны заробак бліжэй да таго, што атрымлівае сярэднестатыстычны чалавек: паказнік сярэдняга заробку не адлюстроўвае тое, што адзін багаты начальнік можа істотна падняць сярэдні заробак значна бяднейшых падначаленых.

Медыянны заробак у мінулым лістападзе, паводле Белстату, склаў 1499 рублёў 50 капеек. Як і ў мінулы раз, лічба надзіва блізкая да круглай: у траўні было 1400,9 рубля. Такім чынам, медыянны заробак за паўгода вырас на 98,6 рубля або на 7 %.

Тым часам сярэдні заробак, на які ўлады звяртаюць больш увагі, у лістападзе быў роўны 1975,6 рубля – на 476,1 рубля больш за медыянны.

Рост заробкаў сам па сабе не азначае, што ў эканоміцы ўсё добра: частку росту з’ядае інфляцыя, якая цяпер паскараецца.

Аналітыка
Перадвыбарчая раздача грошай і праца на вайну. Рэцэпт эканамічных поспехаў Беларусі
2023.12.22 08:00

Паводле гэтай статыстыкі можа здацца, што найбольш зарабляе не сярэдні айцішнік, а сярэдні гарняк: у горназдабывальнай прамысловасці медыянны заробак склаў 3781,2 рубля, у галіне «інфармацыі і сувязі» – 3171,5. Але ў гэтай статыстыцы ў катэгорыю «інфармацыя і сувязь» уключаюць таксама супрацоўнікаў медыяў і тэлекамунікацыяў, у якіх заробкі ніжэйшыя: сярэднія, адпаведна, былі роўныя ў лістападзе 2223,1 і 3 087,7 рубля, тады як супрацоўнікі сферы інфармацыйных тэхналогіяў мелі сярэдні заробак 6919,4 рубля.

Найменшы медыянны заробак – у сферы «творчасць, спорт, забавы і адпачынак», усяго 1000,9 рубля. У адукацыі медыянны заробак склаў 1098,3 рубля, у ахове здароўя – 1362,5 рубля.

У большай часткі галінаў заробак вырас, але ў сельскай гаспадарцы ўпаў на 0,9 %. У раслінаводстве, жывёлагадоўлі і паляванні ўпаў на 2,2 %, затое ў рыбнай лоўлі вырас аж на 18,5 %. У дзейнасці трубаправоднага транспарту медыянны заробак упаў на 5,2 %.

Калі пералічыць у долары паводле сярэднямесячнага курсу Нацыянальнага банку, у лістападзе-2023 медыянны заробак складаў 478,11 долара. Гэта значыць, больш за палову беларусаў не мелі славутыя «па пяцьсот» нават да вынятку падаткаў і збораў. У траўні медыянны заробак складаў 483,92 долара – было на 5,8 долара больш, бо з таго часу беларускі рубель стаў слабейшым да амерыканскай валюты.

Ды ад усіх гэтых лічбаў трэба адымаць 13 % на падаткі і яшчэ 1 % на ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны.

Эканамісты выказваюць сумневы ў праўдзівасці лічбаў Белстату. Заробкі можна «падкруціць», напрыклад, за кошт няпоўнай занятасці: замест 5-дзённага працоўнага тыдню даць працаўнікам 4-дзённы, і калі рапартаваць пра заробкі, лічыць іх паводле поўнай занятасці. Ды ў вакансіях нават на поўную стаўку рэдка прапануюць заробак, блізкі да сярэдняга. Нават сярэднестатыстычнаму дырэктару дзяржаўнага прадпрыемства прапануюць заробак, ніжэйшы за сярэдні налічаны паводле Белстату.

Аналітыка
Як санкцыі паўплывалі на заробкі дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі? Лічым у чызбургерах
2023.11.01 12:25

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў