Перадвыбарчая раздача грошай і праца на вайну. Рэцэпт эканамічных поспехаў Беларусі


Калі верыць Белстату і чыноўнікам, у 2023 годзе значна палепшыўся стан эканомікі і дабрабыт беларусаў. Лічбы сапраўды выглядаюць няблага. Эксперты тлумачаць, што шмат у чым гэта вынік працы на вайну Расеі супраць Украіны. Але нават пры гэтым справы не такія радасныя, мяркуюць эксперты. Даведаліся, што стаіць за эканамічнымі перамогамі і дзе падвох.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія рублі.
Фота: Фотобанк Moscow-Live / Flickr

«Перадвыбарчая раздача грошай»

ВУП Беларусі вырас на 3,8 % за 11 месяцаў, рэальныя заробкі ў гадавым выражэнні станам на кастрычнік – на 15,9 %. Адпаведна, людзі трацілі грошы – раздробны тавараабарот у студзені – лістападзе вырас на 8,2 % у параўнанні з тым жа перыядам 2022 года. Яшчэ беларусы актыўна бяруць крэдыты і ўкладаюць іх у тым ліку ў нерухомасць. З пачатку года да 1 снежня сумы крэдытаў, выданыя юрыдычным асобам павялічыліся больш як на 13 %, а фізічным – на 16,5 %.

Дынаміка прапановы і колькасці ўгодаў аб продажы кватэраў у Менску.
Фота: «Твая сталіца»

Нават адкрываюцца новыя кампаніі. Колькасць юрыдычных асобаў з пачатку года да 1 лістапада павялічылася на 2,5 %. Праўда, колькасць ІП скарацілася на 2,7 % – у Менску новых проста не рэгіструюць.

«На рост ВУП Беларусі маглі паўплываць некалькі фактараў. Па-першае, гэта перадвыбарчая раздача грошай насельніцтву. У прыватнасці, намінальны заробак у студзені – кастрычніку 2023 года вырас на 16,2 %, агульная велічыня трансфертаў насельніцтву (пенсіі, дапамогі ды іншае) павысілася на 13,1 %», – апавядае пра крыніцы росту навуковы працаўнік BEROC Алег Мазоль. Другі фактар, на ягоную думку, – гэта Расея.

Зарабілі на вайне?

Сваю ролю ў росце ВУП адыграў інвестыцыйны попыт. Падвысіліся інвестыцыі ў асноўны капітал. Гэта азначае, што прадпрыемствы выдаткоўвалі грошы на набыццё і паляпшэнне абсталявання, машынаў, будынкаў і гэтак далей. На думку эксперта, гэта спатрэбілася, каб дапамагаць ВПК Расеі:

«З пункту гледжання паставак з Беларусі прадукцыі для патрэбаў расейскага ВПК, пакуль можна казаць пра актыўнае нарошчванне магутнасцяў у 2023 годзе. Калі па выніках 2022-га інвестыцыі ў асноўны капітал скараціліся на 19,1 %, то ў студзені – кастрычніку 2023-га рост склаў 13,3 %. Пры гэтым асноўная частка інвестыцыяў скіроўвалася менавіта ў набыццё абсталявання».

Таксама рэжым, імаверна, бярэ ўдзел у пастаўцы ў Расею падсанкцыйнай прадукцыі, адзначае Алег Мазоль:

«Пра гэта сведчыць дастаткова нетыповая сітуацыя для вонкавага гандлю Беларусі – станоўчае сальда вонкавага гандлю таварамі з краінамі СНД. У 2022 годзе станоўчае сальда склала 2,3 мільярда долараў, а за дзесяць месяцаў 2023 года – 3 мільярды. Характэрна, што ў студзені – кастрычніку 2023 года адначасова істотна выраслі аб’ёмы імпарту з краін па-за СНД: рост у параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года – на 4,9 мільярда долараў, і абʼёмы экспарту ў краіны СНД – рост на 1,8 мільярда.

Істотны дысбаланс прыросту імпарту з краінаў па-за СНД у параўнанні з адпаведным прыростам экспарту ў краіны СНД можа быць звязаны з тым, што частка санкцыйнай прадукцыі адразу далей экспартуецца ў Расею, а частка выкарыстоўваецца для вытворчасці вайсковай прадукцыі, экспарт якой у адкрытую статыстыку не трапляе».

Агляд
«Якія шэрыя схемы?!» Як Беларусь дапамагае Расеі абыходзіць санкцыі на люксавыя аўты
2023.12.11 09:10

Стан прадпрыемстваў пагаршаецца

Паводле Белстату, у студзені – кастрычніку 2023 года рост прамысловай вытворчасці склаў 8 %. За той жа перыяд 2022-га падзенне было на 5,9 %.

«Можна казаць пакуль пра аднаўленне прамысловай вытворчасці да ўзроўню 2020 года», – тлумачыць Алег Мазоль.

Перашкодзіў большаму росту Кітай са сваймі таварамі. Але і без Кітаю не ўсе добра.

«Дзяржаўная прапаганда паводле старой савецкай традыцыі надае ўвагу валавым паказнікам. Пры гэтым, калі паглядзець на фінансавыя вынікі прадпрыемстваў прамысловасці, то колькасць стратных у 2023 годзе вырасла на 21,9 %, чысты прыбытак знізіўся на 14,5 %, сабекошт вытворчасці павысіўся на 13,1 %. Прадпрыемствы Беларусі традыцыйна кампенсуюць зніжэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі пастаўкамі ў крэдыт: на 1 кастрычніка 2023 года дэбіторская запазычанасць перад беларускімі вытворцамі вырасла на 10,8 %», – падкрэслівае наш суразмоўца.

Гэта азначае, што насамрэч прадпрыемствам усё складаней жыць без дзяржаўнага падтрымання, што ідзе з кішэняў беларусаў. Вядома, важная дапамога і замовы Расеі.

«Эканоміка Беларусі цалкам залежыць ад стану эканомікі Расеі, таму пакуль нарошчвае ваенную эканоміку Пуцін, у Лукашэнкі ўсе будзе добра. Захад задоўга лічыў на калькулятары, колькі яму абыдуцца санкцыі. За гэты час дыктатары адаптаваліся», – адзначае Алег Мазоль.

Hавiны
«Горадня Азот» выпусціў токены на € 3 млн, каб правесці мадэрнізацыю
2023.12.18 15:54

Інфляцыя на 10 адсоткавых пунктаў большая, чым малюе Белстат?

Між тым, паводле экспертаў, улады крыху «хімічаць» з лічбамі. Эканаміст, кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін  у эфіры «Еўрарадыё» падзяліўся думкаю, што прыгожыя лічбы, у прыватнасці адносна заробкаў ды інфляцыі, атрымаліся не без хітрыкаў статыстыкі. Калі спытаць людзей пра дабрабыт, то яны не пагаджаюцца з тым, што ён палепшаў, падкрэслівае эканаміст:

«Мы рабілі некалькі апытанняў гэтым годам. Інфляцыя не такая, як малюе Белстат. Жыць стала цяжэй. Белстат падлічвае інфляцыю на сваім спажывецкім кошыку, які можа не ўтрымліваць тых артыкулаў, якія людзі насамрэч спажываюць у большасці. Там могуць быць артыкулы, на якія цэны кантралююцца. Для людзей, якія жывуць у маленькіх гарадах, райцэнтрах, інфляцыя будзе невялікая на базавыя спажывецкія тавары нізкай якасці.

Калі мы кажам пра сярэдні клас, які жыве ў буйных гарадах Беларусі, у заможных людзей будзе зусім іншы ўзровень інфляцыі. Бо яны будуць набываць тавары больш высокай якасці, на якія цэны не кантралююцца».

Кавалкін паведаміў, што, згодна з апытаннямі «Кошту ўрада», людзі адчуваюць інфляцыю на 10 адсоткавых пунктаў вышэйшаю, чымся паказвае Белстат:

«Чаму гэта робіць урад – ясна. Каб паказаць рэальны рост заробкаў і рэальны рост ВУП. І праз гэта ёсць дзве Беларусі: у БТ і сапраўдная».

Агляд
У Беларусі найгоршыя вынікі ў ЕАЭС: ЕАБР зрабіў эканамічны прагноз на 2024 год
2023.12.14 15:44

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў