У Беларусі растуць афіцыйныя заробкі. Ці багацеюць беларусы?


Калі верыць Белстату, нягледзячы на шэраг крызісаў, усё зусім не кепска, амаль як да выбараў 2020 года. Падрабязна разгледзелі афіцыйныя лічбы – і спыталі эканаміста, ці верыць сваім вачам.

20 капеек і беларускія рублі.
Фота: Белсат

Пандэмія, палітычны крызіс і масавыя рэпрэсіі, вайна між суседзямі і суўдзел у ёй… А заробкі растуць – прынамсі, афіцыйна. Сярэднестатыстычны беларус усё яшчэ не атрымлівае на рукі сакральных пяцісот долараў, але паглядзіце на гэтыя графікі – усё нібыта рухаецца ў слушным кірунку.

Сярэдні налічаны заробак пачаў рост

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага ўпраўлення, у чэрвені 2022 года сярэдні налічаны заробак да вымання падаткаў і збораў склаў 1626 руб. 50 кап. Гэта на 4,2 % менш за тое, што было ў чэрвені мінулага года. Сярэдні заробак за паўгода, са студзеня да чэрвеня, склаў 1571 руб. 30 кап., што на 0,3 % менш за студзень – чэрвень 2021 года.

Трэба ўлічваць, што ад гэтых лічбаў адымаюцца падаткі і зборы, а «на рукі» даходзіць звычайна на 14 % менш (13 % – падаходны падатак, 1 % – збор у пенсійны фонд). То бок «чыстымі» сярэдні заробак у чэрвені – 1351 руб. 32 кап.

Афіцыйная статыстыка заробкаў у Беларусі: сярэдні заробак. Крыніца: Белстат. Выява: Белсат

Выглядае, што пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне не асабліва ўдарыў па заробках: у красавіку – траўні было прасяданне, але ў чэрвені сярэдні заробак зноў вырас. Калі адкінуць снежаньскі скачок (ён адбываецца штогод за кошт гадавых прэміяў), дык заробак у рублях высокі як ніколі.

І ў доларах усё выглядае някепска. Пасля пандэмійнага абвалу за долар прасілі 2 руб. 40 кап. – 2 руб. 60 кап., пасля нападу Расеі на Украіну рубель падаў, але ўжо аднавіўся да звыклага курсу. І сярэдні заробак у доларах зноў звыш 600 долараў – як у найлепшыя гады (больш за 600 долараў было ў 2013–2015 гадах).

Інфляцыя з’ела не ўсё

Рост цэнаў ужо «з’еў» павышэнне пенсіяў. Індэкс спажывецкіх цэнаў, паводле звестак «Белстату», у чэрвені быў на 13,1 % вышэйшы, чым у канцы мінулага года. А сярэдні заробак з таго снежня не павялічыўся, а нават зменшыўся на 48 руб. 80 кап.

Афіцыйная статыстыка індэксу спажывецкіх цэнаў у Беларусі. Крыніца: Белстат. Выява: Белсат
Hавiны
Інфляцыя ў Беларусі – амаль 18%. Найбольш падаражэлі нехарчовыя тавары
2022.07.11 22:00

Ды з заробкамі ўсё не так і кепска, нават калі не ўлічваць снежаньскага скачка. Калі паглядзець на заробкі з папраўкай на індэкс спажывецкіх цэнаў, дык у чэрвені не горш за студзень, на ўзроўні, як перад выбарамі 2020 года. І нават з улікам інфляцыі заробкі цяпер пайшлі ўгару.

Афіцыйная статыстыка заробкаў у Беларусі: сярэдні заробак з папраўкай на індэкс спажывецкіх цэнаў. Крыніца: Белстат. Выява: Белсат

Сярэднестатыстычны беларус столькі не атрымоўвае

Сярэдні заробак – не найлепшы паказнік таго, колькі зарабляюць людзі. Калі тры чалавекі заробяць 1 рубель, а адзін чалавек – 5 рублёў, дык сярэдні заробак між імі будзе два рублі. Напрыклад, у мінулым лістападзе (навейшых звестак няма) прыблізна сярэдні заробак, 1400–1500 рублёў, атрымоўвалі 4,5 % беларусаў, а 67,6 % мелі меншы.

Медыянны заробак – гэта такі, які атрымлівае сярэднестатыстычны чалавек. Калі ўзяць спіс з усімі заробкамі і адсартаваць ад найменшага да найбольшага, то сярэдні ў гэтым спісе – медыянны. Белстат пачаў рэгулярна публікаваць гэты паказнік толькі ў траўні 2018 года і выдае лічбы раз на паўгода, апошні раз – за травень 2022 года.

Афіцыйная статыстыка заробкаў у Беларусі: медыянны заробак. Крыніца: Белстат. Выява: Белсат

І нават медыянны заробак выглядае някепска: як ніколі высокі ў рублях (у траўні 1166 руб. 70 кап. да падаткаў і збораў, то бок 1003 руб. 36 кап. «чыстымі»), з папраўкай на інфляцыю – на «давыбарным» узроўні, вышэйшы за «давыбарны» ў доларах (460 долараў да падаткаў і збораў, амаль 400 «на рукі»).

Хто стаў зарабляць менш, а хто больш

Ёсць і дэталізаваная статыстыка таго, хто колькі набыў і страціў у заробках.

Калі агулам сярэдні заробак у чэрвені 2022 года меншы, чым у чэрвені 2021 года на 4,2 %, то ў «дапаможнай дзейнасці паветранага транспарту» заробкі ўпалі на 24,9 %, у «дзейнасці грузавога паветранага транспарту» – на 15,3 % (якраз у мінулым чэрвені паветраны транспарт стаў лётаць фактычна ў адзін бок, з прычыны захопу самалёта «Ryanair»). У «вытворчасці хімічных прадуктаў» (а гэта і «Беларуськалій», і нафтаперапрацоўчыя заводы) заробкі ўпалі на 15 %, у лясной гаспадарцы – на 11,6 %, у вытворчасці нафтапрадуктаў і коксу – на 8 %, агулам у прамысловасці – на 3,8 % (відавочны ўплыў санкцыяў). У ахове здароўя заробкі ўпалі на 11,8 %, у будаўніцтве – на 8,5 %, у IT – на 7,2 %…

Але заробкі выраслі ў некаторых нечаканых галінах: у «дзейнасці пасажырскага паветранага транспарту» – на 2,4 % (гаворка пра высокакваліфікаваны персанал, заробкі там больш за 3000 рублёў), у адукацыі – на 4,2 %, у горназдабывальнай прамысловасці – на 6,8 % (гэта здабыча вугалю, нафты, металічных рудаў, калійнай солі). Найбольш выраслі заробкі ў вытворчасці паперы і цэлюлозы – на 11 %, у дапаможнай дзейнасці ў фінансавых паслугах і страхаванні – на 11,8 %, у паліграфічнай дзейнасці – на 13,4 %, у турыстычнай дзейнасці – на 13,6 %.

Аналітыка
Дзе таннейшыя прадукты? «Закупіліся» на 50 тавараў у Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве і Грузіі
2022.06.19 09:05

У Беларусі амаль увесь час звальняюць больш людзей, чым набіраюць на працу, але пры тым падае і колькасць людзей у так званай працоўнай сіле: хтосьці выходзіць на пенсію, хтосьці эмігруе, а са спадам нараджальнасці рабочая сіла папаўняецца ўсё слабей. Напрыклад, у ІІ квартале 2022 года ў працоўную сілу залічвалі 5 041 700 чалавек – на 103 100 менш, чым пяць гадоў таму. Толькі за травень у Беларусі звольнілі на 16 770 чалавек больш, чым прынялі на працу, а за студзень – травень – на 43 200 чалавек.

Гэтым лічбам можна верыць?

Эканаміст Леў Марголін, паглядзеўшы на графікі, раіць не верыць такім лічбам: ён не давярае інфармацыі Белстату і гэтай статыстыцы ў прыватнасці.

Леў Марголін.
Фота: прэс-служба АГП

Марголін расказвае: вось адкрыў сайт з вакансіямі ў Менску, глядзіць сённяшнія – і не бачыць ніводнай прапановы на больш як 2000 рублёў, акрамя вакансіі сістэмнага адміністратара. А паводле Белстату, у Менску сярэдні налічаны заробак – 2264 рублі. І ёсць жа неблагія спецыяльнасці: зваршчык арматурных сетак, маркетолаг, аўтаэлектрык, нават перакладчык з кітайскай – але ўсім прапаноўваюць менш за афіцыйны сярэдні заробак. Хто ж тады атрымлівае сярэдні?

«Я ведаю шмат прыёмаў, з дапамогай якіх можна штучна завышаць сярэднія заробкі, – тлумачыць эканаміст. – Скажам, калі на нейкім прадпрыемстве людзі працуюць не пяць дзён, а чатыры, і зарабляюць паўтары тысячы рублёў, то калі пералічыць на поўную занятасць, заробкі адразу падвышаюцца на 20 %. Гэта так і робіцца ў статыстыцы».

Нядаўна мы зазіралі ў дзяржаўны банк вакансіяў: медыянны заробак, які прапаноўвалі там, быў усяго 624 руб. на месяц, хоць была вакансія і на 10 500 руб. Пры тым калі сярэднестатыстычная абвестка аб працы прыбіральнікам абяцала 482 руб., то дырэктарам – усяго 1000 руб.

Таксама эканаміст адзначае цікавую асаблівасць абвестак пра вакансіі: паўсюль ёсць нейкі дыяпазон прапанаваных заробкаў, як то 800–1200 руб. Але знаёмыя з працэсам уладкавання на працу кажуць, што верхняя мяжа – гэта з прэміямі і надбаўкамі, а прынамсі першы час плацяць ніжнюю мяжу. То бок у вакансіі на «800–1200 руб.» плаціць будуць 800.

Аналітыка
Зазірнулі ў беларускі банк вакансіяў. Ёсць прапанова нават на 10,5 тысячаў рублёў
2022.07.06 19:27

Адчуваюць беларусы сябе бяднейшымі ці заўважаюць рост заробкаў, сказаць цяжка. Апошняе апытанне на гэтую тэму было ў красавіку – тады заробкі пачалі падаць, а цэны працягвалі імкліва расці (пік інфляцыі прыпаў на сакавік). 65 % тады казалі, што сталі часцей эканоміць, 97 % – што сталі часцей шукаць акцыі і зніжкі. 36 % былі вельмі занепакоеныя эканамічным станам сям’і, 45 % – «хутчэй занепакоеныя».

Марголін дапускае, што за апошні месяц ці два заробкі маглі і падрасці – пацвердзіць ці аспрэчыць гэта складана. Але тое, што яны выраслі да пачатку года, ён называе «зусім неверагодным». Хоць нядаўніх сацыялагічных апытанняў ён не бачыў, але рабіў апытанні сярод знаёмых. Пакупніцкая здольнасць безумоўна знізілася – гэта яму казалі ўсе: і працоўныя, і пенсіянеры. Цэны выраслі не на тыя адсоткі, што дае афіцыйная статыстыка, а нашмат больш.

Афіцыйна сярэдні заробак даўно вагаецца каля 500 долараў, цяпер дасягнуў нават 600. Але справа і ў курсе рубля да долара: калі б той курс быў адэкватны, дык можна было б на 100 долараў купіць прыблізна тое ж, што год ці два таму. Цяпер жа можна набыць нашмат менш.

Hавiны
Каля чвэрці беларусаў эканомяць на прадуктах – даследаванне
2022.06.21 11:51

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў