Праваабаронца Наста Лойка зноў не выйшла на волю пасля содняў


Праваабаронца Наста Лойка зноў не выйшла на волю пасля чарговых содняў адміністратыўнага арышту за «дробнае хуліганства». Ёй прысудзілі яшчэ 15 содняў арышту. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал, які вядзе беларуская каманда «Human Constanta».

Наста Лойка. Менск, Беларусь, 2 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Праваабаронцы паведамляюць, што няма ніякай інфармацыі пра тое, дзе цяпер Наста Лойка.

За апошні час Насце ўжо чацвёрты раз прысуджалі 15 содняў арышту. Падчас аднаго з судоў праваабаронца здолела паведаміць пра ўжываныя да яе катаванні: супрацоўнік ГУБАЗіКу ўдарыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІПу вывеў ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзінаў. Раней паведамлялі, што перадачы Насце ды іншым адміністратыўна арыштаваным на Акрэсціна не прымаюць, увесь гэты час яна без лекаў і сродкаў асабістай гігіены.

Насту затрымалі 28 кастрычніка. У той жа дзень на праўладных тэлеграм-каналах зʼявілася «пакаяннае» відэа, на якім яна «прызнавалася», што нібыта «атрымоўвала фінансаванне ад замежных арганізацыяў». Пазней Лойцы прысудзілі 15 содняў арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП). За апошнія чатыры месяцы Насту затрымлівалі і каралі адміністратыўным арыштам некалькі разоў, але яна не збіралася з’язджаць з Беларусі.

У жніўні 2021 года Наста Лойка сталася падазраванай у спрыянні нявыплаце падаткаў (арт. 243 КК РБ) у справе супраць праваабарончага цэнтру «Вясна». Праваабаронца была пад падпіскаю пра нявыезд і абавязальніцтвам пра яўку. 13 жніўня 2021 года работнікі ДФР затрымалі Лойку, а пасля ператрусу ў ейнай кватэры праваабаронца звязалася з адвакатам і сказала, што яе пакідаюць у ІЧУ.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў