Яна дапамагае людзям нават з-за кратаў: хто такая праваабаронца Наста Лойка, якую пачалі судзіць у Менску


У Менскім гарадскім судзе 13 чэрвеня распачаўся суд над праваабаронцай Настай Лойкай. Справу разглядае суддзя Алена Шылько. Насту затрымалі ў кастрычніку 2022 года. Яе абвінавачваюць у распальванні варожасці да працаўнікоў міліцыі: нагодаю стаў нібыта ўдзел Насты ў напісанні справаздачы аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год, дзе праваахоўнікам даецца крытычная ацэнка. За гэта ёй пагражае 12 гадоў зняволення. Распавядаем, хто такая Наста, што трымала яе ў Беларусі да апошняга і чаму справа супраць яе – фарс.

Наста Лойка падчас адпачынку ў Варшаве, Польшча. 2 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Наста за кратамі: дапамагае людзям, веганіць, вучыць мовы

Наста Лойка – вядомая ў праваабарончай супольнасці асоба. Як дзяўчына прыйшла ў праваабарону і чым займаецца цяпер за кратамі, распавядае ейная калега, праваабаронца «Human Constanta» Эніра Браніцкая.

«Мы пазнаёміліся з Настай у 2007 ці 2008 годзе. Я працавала ў Камітэце абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць». На адным праваабарончым мерапрыемстве, дзе было шмат людзей, да мяне падышла маладая дзяўчына, прадставілася Настай і сказала, што скончыла юрыдычны каледж, пачынае вучыцца на юрыдычным факультэце ва ўніверсітэце, яна вельмі цікавіцца праваабарончай дзейнасцю і марыць працаваць у праваабарончай арганізацыі. Але не ведае, з чаго пачаць. На той момант я была былой палітычнай зняволенай, Наста ведала пра мяне, таму падышла пазнаёміцца і параіцца. Я запрасіла яе да нас у камітэт, у выніку яе туды ўзялі на працу. Але Наста хацела займацца больш юрыдычнай дзейнасцю. Праз некалькі гадоў ПЦ «Вясна» прапанаваў ёй такую працу, бо ім вельмі падабалася, як яна працуе. Я тады сказала: добра, адпускаю цябе. Наста пайшла ў «Вясну», а праз некаторы час, пасля яе сыходу адтуль, мы зноўку пачалі працаваць разам, у «Human Constanta», – распавядае Эніра Браніцкая.

Паводле яе, Наста заўсёды арыентуецца на чалавека, шмат працавала з людзьмі ва ўразлівым стане і бралася за пытанні, якімі ніхто асабліва не займаўся. Напрыклад, займалася правамі людзей з досведам бяздомнасці, мігрантамі, пытаннямі мовы варожасці. Пры гэтым усё прапускала праз сябе. Таксама яна шмат працавала з адукацыяй у сферы правоў чалавека, сваім прыкладам паказвала, як гэта – паважаць правы.

«Наста вельмі прынцыповая. Не ў тым, што яна катэгарычная, а ў тым, што яна ва ўсім кіруецца сваімі каштоўнасцямі, тым, у што верыць: правы чалавека, гуманістычны падыход. Гэта праяўляецца не толькі ў працы, але і ў штодзённым жыцці: Наста веганка, бо гэта для яе як частка прынцыпу – нельга рабіць дрэнна жывёлінам. Яна вельмі экалагічна арыентаваная: Наста ніколі не будзе насіць скуру, карыстацца не экалагічнай касметыкай і бытавой хіміяй. Нават цяпер, калі яна ў СІЗА, Наста працягвае веганіць, хоць гэта вельмі цяжка: яна есць толькі тое, што ёй дасылаюць у перадачах і пасылках. Ведаю, што Наста будзе працягваць гэта рабіць, пакуль хопіць сілаў, але думае пра тое, што калі яе перавядуць у калонію, яна, магчыма, стане вегетарыянкай, і зможа спажываць нешта малочнае, не строга веганскае», – адзначае праваабаронца.

Наста Лойка і ейны сабака Эрык падчас адпачынку ў Варшаве, Польшча. 2 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Яна дадае: цяпер Наста, нягледзячы на тое, што не верыць у сістэму, працу закону, разумее, што ёсць яшчэ больш неабароненыя людзі, чым яна сама. Таму яна за кратамі дапамагае людзям пісаць апеляцыі, дае юрыдычныя парады, як абараняць свае правы. Магчыма, у непалітычнай справе гэта і спрацуе, і людзям перагледзяць тэрмін у меншы бок. У СІЗА ёсць некалькі людзей, якія не атрымліваюць перадачаў, – няма каму прыносіць, і Наста спрабуе арганізаваць для іх перадачы праз сваіх сяброў, каб дапамаглі і гэтым людзям. Яна не можа заставацца ўбаку.

«Мы намагаліся заставацца ў Беларусі як мага больш, бо ў краіне былі людзі, якія патрабавалі нашай дапамогі, сябры, якія сядзелі ў турмах. Мы ўвесь час спрабавалі аналізаваць, каго і за што «закрываюць». Можа, крыху наіўна, але спадзяваліся, што нас гэта не кране, і пакуль можна нешта рабіць – трэба рабіць. І вось Насту затрымалі, і далі ёй 30 содняў. Калі яна выйшла на волю, мы з ёй паразмаўлялі і вырашылі, што калі б яны хацелі зрабіць крымінальную справу, то за 30 дзён ужо б зрабілі, і яе пасадзілі б. Наста нават з’ездзіла ў Вільню да сяброў на пару дзён, але вярнулася – вырашыла, што яе папужалі, але для крымінальнай справы нічога не знайшлі», – згадвае Эніра Браніцкая.

Як падтрымаць Насту? Адправіць веганскую пасылку і напісаць ліст

Сувязь і ліставанне з Настай блакуецца, толькі цяжка сказаць, кім. Лісты ад яе і да яе даходзяць толькі ў перапісцы з маці. Адміністрацыя СІЗА паведаміла, што гэта не іх распараджэнне, а Следчага камітэту.

«Цяпер пачынаецца суд, магчыма, нешта зменіцца. Таму трэба спрабаваць пісаць, раптам лісты пачнуць даходзіць. Цяпер тое, што дакладна даходзіць да Насты, – гэта пасылкі. Ведаю, што атрымлівае іх з розных краінаў ад розных людзей. Калі нехта хоча яе падтрымаць, то можа даслаць веганскую пасылку», – раіць нашая суразмоўца.

Адрас для лістоў і пасылак: СІЗА № 1, 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, Анастасія Юр’еўна Лойка

За кратамі Наста пачала вучыць французскую мову, крыху польскую. Просіць слоўнікі, якія не вельмі проста даслаць у СІЗА, але нібыта ўдаецца. Радавалася, калі з ейнае камеры забралі тэлевізар, але праз нейкі час яго вярнулі. Чытае «Саўбелку». Кажа, што гэта не тая інфармацыя, якую яна хацела б атрымліваць.

«Насту проста мусяць вызваліць, бо яе няма за што прыцягваць да адказнасці»

Наста абвінавачваецца ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай і сацыяльнай варажнечы (арт. 130, ч. 3 КК). Яе абвінавачваюць у падрыхтоўцы справаздачы аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год. Следства вырашыла, што ў гэтай справаздачы яна распальвае варожасць да працаўнікоў праваахоўных органаў, бо яна як праваабаронца ацэньвала пераслед ад імя гэтых групаў.

Наста Лойка падчас адпачынку ў Варшаве, Польшча. 2 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Наста займаецца гэтай тэмай прафесійна – маніторынгам і ацэнкай справаў распальвання варожасці. Міжнародныя стандарты кажуць, што групы, якія трэба абараняць, гэта ўразлівыя групы людзей, напрыклад, мігранты, жанчыны, але ў нашым выпадку ва ўсіх справах уразлівая сацыяльна група – гэта працаўнікі праваахоўных органаў. Паводле міжнародных стандартаў, дзяржаўныя супрацоўнікі, якія выконваюць сваю працу, не могуць быць групай, якую абараняюць. Тым больш калі гэта ацэнка ці крытыка іх працы праваабаронцамі і журналістамі. Ёсць рашэнне Еўрапейскага суда правоў чалавека, якое пацвярджае гэтую тэзу. Тут нават не трэба дамагацца справядлівага суда, Насту проста мусяць вызваліць, бо яе нельга прыцягваць да адказнасці. Тое, у чым яна абвінавачваецца, не можа быць крымінальным учынкам», – канстатуе Эніра Браніцкая.

Паводле яе, апошнія некалькі гадоў Наста прафесійна займалася маніторынгам кейсаў  ужывання экстрэмісцкага заканадаўства, аб распальванні мовы варожасці, гэта ейны прафесійны інтарэс, яна прасоўвала найлепшыя практыкі. Тое, што яе менавіта паводле гэтага артыкулу прыцягваюць да адказнасці, для яе асабіста – пэўны здзек.

«Ведаю, што ёй вельмі цяжка рыхтавацца да суда. З аднаго боку, яна разумее сістэму, што закон ужо не працуе, ніхто не будзе яе слухаць. З іншага боку, як прафесіянал, яна не можа здацца. Таму вагаецца: ці нешта казаць, спрабаваць удзельнічаць у сваёй абароне, адстойваць найлепшыя стандарты, ці сказаць, што гэта фарс, і маўчаць, каб гэты суд хутчэй скончыўся, бо гэта цяжка – дзёрганне, этапы на суд і гэтак далей», – адзначае праваабаронца.

«Наста навучыла мяне прыслухоўвацца да людзей, любіць людзей»

У Насты ёсць шмат сяброў, якія шчыра перажываюць за яе і чакаюць на волі.

«Мы пазнаёміліся з Настай гадоў дзесяць таму на адной з праваабарончых школаў, дзе яна выкладала. Наста распавяла, што замежнікі, якія нелегальна былі ў Беларусі, чакалі вырашэння свайго лёсу на Акрэсціна. Яны маглі месяцамі жыць без зубной шчоткі, шкарпэтак. Гэта тое, што адбываецца апошнія гады з адміністрацыйна затрыманымі палітычнымі. Тады мяне гэта вельмі закранула. Ну як гэта жыць без зубной шчоткі?! І я стала дапамагаць Насце. Яна гуманіст, шмат чаму мяне навучыла. Навучыла прыслухоўвацца да людзей, любіць людзей. Мы шмат вандравалі разам, яна была сведкай на маім вяселлі. Да таго ж мы з Настай нарадзіліся ў адзін дзень», – распавядае ў гутарцы з «Белсатам» сяброўка Насты Ірына Арахоўская.

Наста Лойка і ейны сабака Эрык у Варшаве, Польшча. 2 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Яна падкрэслівае: Наста вельмі светлы чалавек з вельмі моцным падмуркам каштоўнасцяў. Яна дапамагла сотням людзей: кагосьці кансультавала як юрыстка, кагосьці знаёміла і звязвала, некаму проста дапамагала добрым словам.

«У Насты ёсць пёс Эрык. Яна знайшла яго ў прытулку дзякуючы праваабаронцы Марфе Рабковай, дзе тая валанцёрыла. Ад Эрыка адмовіліся, ён быў не сацыялізаваны пёс. Наста вельмі шмат прыклала намаганняў, каб яму дапамагчы, і ў яе атрымалася. Цяпер Эрык у Чэхіі, у цудоўных людзей, у прыватным доме з відам на горы. Я думаю, Наста вельмі радая за яго, нягледзячы на тое, што яны могуць з ім больш не пабачыцца», – адзначае Ірына Арахоўская.

Наста напiсала з СIЗА лiст-развiтанне са сваiм сабакам. Сябры размясцілі гэты лicт у адмысловым Instagram-профiлi.

Чаму Наста не з’язджала з Беларусі? Як згадвае Ірына, Наста казала, што не парушала закону і таму не баіцца.

«У яе да гэтых справаў была крымінальная справа ад ДФР. Падчас следства яе два разы выпускалі за мяжу на лекаванне. Наста лячылася і вярталася назад. У адзін з такіх разоў яе сабраліся праводзіць сябры, якіх багата за мяжой. Калі аўтобус у Менск адʼехаў, я зразумела, што некалькі чалавек плачуць. Уладам страшна так моцна, што яны хочуць пакараць Насту за тое, што яна працавала над захаваннем правоў чалавека ў Беларусі, на тэрмін ад 5 да 12», – падсумавала нашая суразмоўца.

Справа Насты

Сілавікі схапілі Насту каля будынку Менскага гарадскога суда 6 верасня 2022 года. Наста прысутнічала на судовым паседжанні ў справе групы «Рэвалюцыйнае дзеянне», у выніку якой актывісты і праваабаронцы, у тым ліку Марфа Рабкова, былі асуджаныя на тэрміны ад 5 да 17 гадоў пазбаўлення волі. 7 верасня 2022 года Насту асудзілі на 15 содняў адміністрацыйнага арышту за «дробнае хуліганства» – парушэнне артыкулу 19.1 КаАП РБ.

22 верасня 2022 года суд Фрунзенскага раёну Менску асудзіў Насту яшчэ на 15 содняў адміністрацыйнага арышту паводле таго ж артыкулу. Наста не мела доступу да сваёй адвакаткі, бо суд не задаволіў хадайніцтва аб запрашэнні абаронцы. У ізалятары Наста не магла атрымаць ні лекаў, ні цёплых рэчаў, ні прадметаў гігіены.

Наста Лойка гуляе з сабакам Эрыкам у Варшаве, Польшча. 2 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

6 кастрычніка 2022 года яна выйшла з-за кратаў. Праз тры тыдні, 28 кастрычніка 2022 года, яе арыштавалі трэці раз.

31 кастрычніка 2022 года Насту асудзілі на 15 содняў адміністрацыйнага арышту, а 14 лістапада 2022 года яшчэ на 15 содняў адміністрацыйнага арышту паводле абвінавачання ў «дробным хуліганстве». 29 лістапада, а затым 14 снежня 2022 года Насту чарговы раз арыштавалі на 15 содняў паводле таго ж артыкулу.

Калі яна адбыла агулам пяць адміністрацыйных пакаранняў запар з 28 кастрычніка 2022 года, 24 снежня 2022 года ёй выставілі абвінавачанне ва ўчыненні крымінальнага злачынства, у тым ліку паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («арганізацыя групавых дзеянняў і парушэнне грамадскага парадку»). Насту перавялі ў СІЗА № 1.

Паводле інфармацыі «Human Constanta», на судзе Наста заявіла, што падчас арышту яе двойчы вадзілі на гутаркі з працаўнікамі ГУБАЗіКу, дзе адзін раз яе ўдарылі электрашокерам, а 11 лістапада адзін з працаўнікоў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзінаў. Наста моцна захварэла. За ўвесь гэты час на Акрэсціна ўдалося перадаць лекі, аднак ёсць інфармацыя, што яны так і не дайшлі да Насты. Яна доўгі час заставалася ў зняволенні без цёплых рэчаў і сродкаў асабістай гігіены.

У сярэдзіне лютага 2023 года стала вядома, што Насту таксама абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці і варожасці).

Наста – лаўрэатка Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год. Яна прызнаная палітзняволенай.

Наста Лойка скончыла юрыдычны каледж БДУ, юрыдычны факультэт БДУ і магістратуру ЕГУ (магістр міжнароднага і еўрапейскага права). Восем гадоў працавала ў грамадскім прыёмным пакоі праваабарончага цэнтру «Вясна». Сузаснавальніца «Human Constanta». Абедзве гэтыя праваабарончыя арганізацыі зліквідаваў рэжым Лукашэнкі.

Hавiны
Праваабаронцу Насту Лойку білі электрашокерам каб атрымаць пароль ад Telegram
2023.01.31 18:34

СП belsat.eu 

Стужка навінаў