Аляксандр Класкоўскі: Прапаганда дае эфект ва ўмовах зачысткі інфармацыйнай прасторы


У новым апытанні аналітычнага цэнтру «Chatham House» каля 75 % беларусаў выступаюць супраць размяшчэння ў нашай краіне расейскай ядравай зброі. У сваю чаргу чытачы «Белсату» не зусім пагаджаюцца з такімі высновамі. У рэдакцыю пішуць, што або беларусы абыякава ставяцца да гэтага, або яшчэ больш асобаў нават станоўча, прычым апошнія абгрунтоўваюць сваю думку словамі з экранаў дзяржтэлебачання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стратэгічная ядравая ракета паветрана-касмічных сілаў Расеі.
Фота: Пресс-служба Минобороны РФ/ Interfax

Аналітычны цэнтр «Chatham House» у даследаванні ў справе размяшчэння ядравай зброі паведамляе, што адмоўна ставяцца да факту з’яўлення гэтай зброі ў Беларусі 44 % апытаных. Яшчэ 30 % хутчэй адмоўна ставяцца да ідэі размяшчэння ядравай зброі ў нашай краіне. Чытачы «Белсату» праз формы зваротнай сувязі пішуць у рэдакцыю, што не зусім згодныя з гэтымі высновамі, бо, паводле назіранняў беларусаў з розных рэгіёнаў, значная частка людзей або абыякава ставіцца да гэтага, або нават выступае за размяшчэнне ядравай зброі, аргументуючы сваю пазіцыю словамі з экранаў беларускага дзяржаўнага тэлебачання.

Людзі вераць прапагандыстам

Гэтак, напрыклад, Анатоль з Віцебшчыны кажа, што ў ягоным раённым цэнтры ледзь не кожны трэці пазітыўна ацэньвае зʼяўленне ў Беларусі ядравай зброі.

«Пачуў нават думку, што Беларусь цяпер увойдзе ў склад ядравых дзяржаваў. Маўляў, такое прагучала ў навінах на тэлебачанні. Людзі нават не цікавяцца падрабязнасцямі і акалічнасцямі гэтай справы, а думаюць так, як ім сказалі прапагандысты. І гэта вельмі засмучае», – распавядае «Белсату» Анатоль.

Агляд
Ядравая зброя зʼявіцца, беларуская лацінка знікне. Галоўныя беларускія падзеі ў малюнках
2023.04.08 12:00

Падобнае кажа і Васіль з Берасцейшчыны. Паводле яго, усё больш жыхароў невялікіх гарадоў атрымліваюць інфармацыю менавіта з дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Шмат хто баіцца чытаць навіны ў інтэрнэце, бо гэта можа быць небяспечна, дый на працы патрабуюць выдаліць Telegram і пагражаюць прыцягнуць да адказнасці за чытанне «экстрэмісцкіх» артыкулаў.

«Даволі шмат беларусаў цяпер у сеціве атрымліваюць навіны з TikTok. Але якраз у гэтай сацсетцы актыўна працуе крамлёўская і беларуская прапаганда. Гэтай нішы практычна не занялі незалежныя медыі. І на падставе кароткіх відэа яны лічаць, што зʼяўленне ядравай зброі будзе карысным для Беларусі», – распавядае Васіль.

У якасці доказу ён даслаў сюжэты з TikTok, якія маюць дзясяткі тысячаў лайкаў і тысячы каментароў у тым ліку грамадзянаў Беларусі.

https://www.tiktok.com/@algenagelina_777/video/7215670172634402075?is_from_webapp=1&sender_device=pc

Калі казаць пра сацыялогію «Chatham House», то катэгарычна супраць і хутчэй супраць ядравай зброі агулам каля 75 % апытаных, і гэта сапраўды даволі шмат, кажа ў размове з «Белсатам» палітычны аглядальнік @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі. Але, звяртае ўвагу аналітык, апытанне было праведзенае сярод жыхароў гарадоў, сярод тых, хто карыстаецца інтэрнэтам, і самыя даследнікі акцэнтуюць на гэтым увагу.

«Калі ў некаторых медыях падаецца, што 75 % беларусаў выступаюць супраць ядравай зброі, то гэта ёсць момантам маніпуляцыі, паколькі вядзецца пра меркаванне больш адукаваных і прасунутых беларусаў, якія жывуць у гарадах, карыстаюцца інтэрнэтам. Я думаю, што ў сельскай мясцовасці з улікам меней адукаваных людзей прапорцыя змяняецца і не на карысць праціўнікаў ядравай зброі. Бо людзі меней адукаваныя болей паддаюцца маніпуляцыям прапаганды», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Страх у беларускім грамадстве не толькі перад ядравай зброяй

Незалежныя даследнікі апошнім часам падкрэсліваюць і чыннік страху падчас апытанняў, які таксама можа ўплываць на вынікі даследавання. Лукашэнка выступае за ядравую зброю, а значыць, некаторым падаецца небяспечным сказаць адваротнае, бо спрацоўваюць палітычны чыннік і страх, што могуць узнікнуць непрыемнасці, працягвае Аляксандр Класкоўскі. Таму калі ўлічыць усё гэта, то адсотак свядомых праціўнікаў размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі можа быць і не такі вялікі, як падаецца паводле апытання.

«Зачыстка інфармацыйнай прасторы была праведзеная з дапамогаю брутальных захадаў, пачынаючы ад блакавання медыяў і заканчваючы тым, што за прагляд так званага экстрэмісцкага кантэнту людзей пераследуюць. І брутальныя, сярэднявечныя захады, гэта цяжка нават назваць інфармацыйнай палітыкай, даюць свой плён. Гэта паказвае нават незалежная сацыялогія, паводле якой мы бачым, што ўплыў дзяржаўных медыяў ці, іначай кажучы, уплыў крамлёўскай і лукашэнкаўскай прапаганды пакрысе пашыраецца», – кажа суразмоўца «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: magift.ru

Эксперт дадае, што людзям аднекуль трэба браць навіны і яны пачынаюць карыстацца больш бяспечнымі, на іхны погляд, крыніцамі. Хоць там навіны часта падаюцца ў скажоным выглядзе з элементамі прапаганды і маніпуляцыі. І прапаганда мае эфект, адзначае Аляксандр Класкоўскі.

Нават пры такім вялікім адсотку тых, хто супраць, Лукашэнка не асабліва баіцца, што могуць узнікнуць масавыя пратэсты. Ён цынічна можа так разважаць, маўляў, думайце, што хочаце, але ўсё адно будзеце баяцца выходзіць на пратэсты, а калі нехта і надумаецца, то лакальныя выступы сілавікі лёгка задушаць, бо яны навучыліся гэта рабіць, разважае наш суразмоўца.

«Увогуле, гэта не тая вастрыня сітуацыі. Калі б была абвешчаная мабілізацыя і прынятае рашэнне аб уступленні беларускага войска ў вайну, то абурэнне было б большым. У такім выпадку тое ж «балота», тыя, каму ўсё роўна, – яны б маглі выйсці на пратэст, бо гэта пытанне жыцця і смерці, якое стаіць рубам менавіта цяпер. А калі казаць пра ядравую зброю, то можа заспакойваць тое, што раней у СССР дзесяцігоддзямі Беларусь была нашпігаваная ядравай зброяй, але нічога не здарылася. Я думаю, што прапаганда таксама будзе пра гэта казаць», – падсумоўвае Класкоўскі.

Вядома, незадаволенасць будзе заставацца і прапаганда цудаў не зробіць, але доля прыхільнікаў і праціўнікаў размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі ў перспектыве можа змяніцца. Таму мы бачым, што пэўны эфект ва ўмовах татальнай зачысткі інфармацыйнай прасторы прапаганда ўсё ж такі дае.

Агляд
Што такое тактычная ядравая зброя і чым яна адрозніваецца ад стратэгічнай
2023.04.12 08:00

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў