Кіраўнік «BYPOL» назваў хлуснёю словы расейскага дэпутата аб забойстве двух рэйкавых партызанаў у Беларусі


Дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Андрэй Гурулёў паведаміў пра пазасудовую расправу над двума рэйкавымі партызанамі ў Беларусі. «Пры спробе падпалу рэлейнай шафы дваіх проста на месцы радасна завалілі тут жа», – сказаў ён. Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў у каментары «Белсату» назваў гэта хлуснёю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Pixabay

Дэпутат зрабіў гучную заяву ў праграме прапагандыста Уладзіміра Салаўёва. Андрэй Гурулёў прапанаваў вярнуць у Расеі смяротнае пакаранне дзеля барацьбы з «унутранымі ворагамі» і згадаў беларускі досвед. Ён сцвярджае, што пра гэта яму сказалі «калегі, якія ў пагонах ходзяць»:

«Там першае: смяротнае пакаранне. Другое: там пры спробе падпалу рэлейнай шафы дваіх проста на месцы радасна завалілі тут жа. Моцна нікуды не афішуючы, сарафаннае радыё на ўсю Беларусь умомант усё разнесла. Больш падпалаў рэлейных шафаў у Беларусі няма. Праблема развязаная».

«Пераймаць практыкі найлепшых», – уставіў рэпліку Салаўёў.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, які таксама быў госцем выдання, на гэтыя заявы ніяк не адрэагаваў.

Hавiны
У Полацку адбыліся затрыманні з-за падрыву цягнікоў на БАМе, у якім абвінавачваюць беларуса
2023.12.10 22:42

Дэпутат Гурулёў высунуў такую прапанову з увагі на падрыў двух цягнікоў у тунэлі Байкала-Амурскай магістралі. Расейскія спецслужбы назвалі гэта тэрактам і затрымалі падазраванага – беларуса Сяргея Ерамеева, колішняга працаўніка «Нафтану», які ў 2020 годзе далучыўся да агульнанацыянальнага страйку. Мужчына арыштаваны.

Паводле Гурулёва, у Расеі за час вайны з Украінаю зафіксавана больш за 70 выпадкаў падпалаў рэлейных шафаў на чыгунцы, пад адхон пусцілі тры цягнікі. Ён заявіў, што за гэтыя дыверсіі плацяць украінцы (як сказаў дэпутат, «хахлы»), узнагарода – ад 10 да 30 тысячаў рублёў (у эквіваленце гэта ад 110 да 330 долараў). І за гэтыя грошы «знаходзіцца тая свалата, якая паскудзіць», паскардзіўся расейскі дэпутат.

Агляд
Падрывы цягнікоў, машын і не толькі. Як у 2023 годзе беларусы ў Расеі вайне перашкаджалі
2023.12.11 18:34

«Сёння трэба перагледзець падыход менавіта да тых, хто спрабуе падчас ваенных дзеянняў паскудзіць унутры краіны», – падсумаваў Гурулёў.

Віталь Мельнік, паранены сілавікамі пры затрыманні ў сакавіку 2022 года. Скрыншот відэа: МУС Беларусі / Telegram

Кіраўнік арганізацыі «BYPOL» Аляксандр Азараў у каментары «Белсату» назваў хлуснёю інфармацыю пра забойства сілавікамі двух рэйкавых партызанаў:

«Гэта, натуральна, хлусня. І сказаў ён так, каб запужаць партызанаў».

Азараў таксама дапусціў, што Гурулёў меў на ўвазе выпадак Віталя Мельніка, якому пры затрыманні сілавікі прастрэлілі калені, і проста перабольшыў, каб застрашыць тых, хто намагаецца супрацьстаяць расейскай агрэсіі.

Аналітыка
«Рэйкавыя партызаны». Што вядома пра затрыманых у Асіповіцкім раёне?
2022.04.07 18:18

«Рэйкавая вайна», да якой, паводле Азарава, датычныя ўдзельнікі плану «Перамога», пачалася ў Беларусі праз некалькі дзён пасля ўварвання Расеі ва Украіну. У першыя дні вайны расейскія войскі наступалі ў тым ліку з беларускай тэрыторыі, і пашкоджанне чыгуначнай інфраструктуры перашкаджала лагістыцы агрэсараў.

Партызаны спальвалі рэлейныя шафы, праз што пераставала дзеяць сістэма сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання. У выніку чыгуначнікі «слеплі»: на пультах кіравання не было відаць, дзе цягнікі, і рух на пэўных адцінках прыпыняўся.

Пасля некалькіх дыверсіяў гэтыя выпадкі пачалі кваліфікаваць як «акты тэрарызму», хаця ў Крымінальным кодэксе ёсць артыкул «Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносінаў». А ў траўні летась у заканадаўства ўнеслі змены, і цяпер не толькі за тэракт, але і за рыхтаванне да яго могуць расстраляць.

Артыкулы
«The Washington Post»: Беларускія партызаны дапамаглі спыніць напад расейцаў на Кіеў
2022.04.24 19:28

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі асудзілі 13 «рэйкавых партызанаў», агулам яны атрымалі 199 з паловаю гадоў зняволення.

Самыя суровыя прысуды вынес суддзя Гомельскага абласнога суда Анатоль Сотнікаў у справе трох жыхароў Светлагорску, якіх абвінавацілі, сярод іншага, у тэрарызме і здрадзе дзяржаве. Дзяніс Дзікун атрымаў 23 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрый Равіч – 22 гады, Алег Малчанаў – 21 год.

Віталя Мельніка, якому пры затрыманні прастрэлілі калені, засудзілі на 13 гадоў. Такі вырак агучыла суддзя Менскага абласнога суда Анжэліка Данілава.

Агляд
Падрывы цягнікоў, машын і не толькі. Як у 2023 годзе беларусы ў Расеі вайне перашкаджалі
2023.12.11 18:34

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў