Трох светлагорскіх «партызанаў» асудзілі на тэрміны ад 21 да 23 гадоў калоніі


У Гомельскім абласным судзе агучылі прысуд па крымінальнай справе супраць палітзняволеных светлагорскіх «партызанаў». Ім прысудзілі ад 21 да 23 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.

Светлагорскія «партызаны» падчас суда 27 снежня.  Крыніца: viasna96/Telegram

34-гадовага Дзмітрыя Равіча асудзілі да 22 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, 30-гадовага Дзяніса Дзікуна – да 23 гадоў, 52-гадовага Алега Малчанава – да 21 года. Таксама іх аштрафавалі на 150 базавых велічыняў кожнага (4800 рублёў), а ўсе каштоўныя рэчы, вынятыя падчас ператрусаў у іх дома, канфіскавалі. Іх затрымалі 4 сакавіка, а пачалі судзіць 27 верасня 2022 года.

Светлагорскіх «партызанаў» абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі «Жэрдзь-Астанкавічы» 28 лютага – на чацвёрты дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Іх асудзілі па наступных артыкулах:

  • арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»);
  • арт. 289 («Акт тэрарызму, здзейснены ў складзе арганізаванай групы, які пацягнуў цяжкія наступствы, што ствараюць пагрозу гібелі людзей і прычыненне ім цялесных пашкоджанняў)»;
  • ч. 2, ч. 4 арт. 309 («Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў злучэння, якое пацягнуў цяжкія наступствы, а таксама стварыла пагрозу крушэння, аварыі і гібелі людзей»);
  • арт. 356 («Здрада дзяржаве»).

Працэс ішоў тры месяцы і праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомы. Прысуд вынес суддзя Анатоль Сотнікаў.

КДБ уключыла іх у спіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў