news
Агляд
Падрывы цягнікоў, машын і не толькі. Як у 2023 годзе беларусы ў Расеі вайне перашкаджалі
Што чыняць пераемнікі беларускага народавольца Ігната Грынявіцкага?
11.12.202318:34

З пачаткам поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны беларусы актыўна ўключыліся ў антываенны рух, у тым ліку далучыўшыся да збройных фармаванняў у складзе ЗСУ, на прыклад прадзедаў беручы ўдзел у рэйкавай вайне або пашкоджанні важных расейскіх самалётаў. Тым не менш, гэта не адзіныя франты беларускага супраціву вайне. Часам яны праходзяць у самой Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баец палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным Леў падчас трэніроўкі па тактыцы вядзення бою. Кіеўская вобласць, Украіна.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Пачатак поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну даў новы штуршок беларускаму пратэставаму руху з прычыны саўдзелу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне. Агулам, паводле МУС, менш як за шэсць тыдняў з пачатку вайны на беларускай чыгунцы адбылося звыш 80 дыверсіяў, мэтай якіх было спыніць рух вайсковых эшалонаў. Дзеля гэтага ж «Кіберпартызаны» атакавалі электронныя рэсурсы Беларускай чыгунцы. Паводле «The Washington Post», «рэйкавая вайна» запаволіла перасоўванне расейскіх войскаў, выйграла час для ЗСУ і паспрыяла адбіванню наступу на Кіеў.

Аналітыка
Ад вывешвання сцягоў да рэйкавай вайны. Як беларусы змагаліся ў 2022 годзе
2022.12.28 16:25

А ў лютым 2023 года беларускія партызаны пашкодзілі на аэрадроме Мачулішчы пад Менскам расейскі вайсковы самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50. Праз пашкоджанні судна было вымушанае пакінуць Беларусь дзеля рамонту, і ў нашую краіну больш не вярталася.

Таксама беларусы сталі актыўна далучацца да вайсковых фармаванняў у складзе Збройных сілаў Украіны. На сёння беларусы ваююць ва Украіне ў складзе Палка імя Кастуся Каліноўскага, Беларускага добраахвотніцкага корпусу, 1-й Асобнай дэсантна-штурмавой роты, Інтэрнацыянальнага легіёну і іншых. З 2014 года за незалежнасць Украіны загінулі ўжо больш як 40 беларусаў.

Але таксама беларусы актыўна ўдзельнічаюць у супрацьстаянні расейскага рэжыму і вайне ва Украіне на тэрыторыі самой Расеі. Пераемнікі беларускага народавольца Ігната Грынявіцкага, які ў 1881 годзе забіў расейскага імператара Аляксандра ІІ, шкодзяць транспартную інфраструктуру, тэхніку і, мяркуючы, па ўсім наўпрост удзельнічаюць у вайсковых рэйдах на тэрыторыю РФ.

Падрыў двух цягнікоў на БАМе

Увечары 29 лістапада на перагоне Ітыкіт – Акусікан у Бураціі падчас руху па тунэлі на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся вагон грузавога цягніка, у склад якога ўваходзіла 41 цыстэрна з палівам, тры з авіяцыйным палівам і шэсць вагонаў з чорным металам. Пазней на гэтым жа ўчастку адбыўся другі падрыў грузавога цягніка, які рухаўся па аб’язным пуці. У выніку чатыры цыстэрны з палівам згарэлі, яшчэ дзве атрымалі пашкоджанні. Выбухі цягнікоў у Паўночнамуйскім тунэлі БАМа кваліфікавалі як тэракт.

7 снежня ФСБ Расеі паведаміла аб затрыманні ў Омску падазраванага ў тэракце грамадзяніна Беларусі, які «даў прызнальныя паказанні аб рабоце пад кантролем украінскіх спецслужбаў». Суд арыштаваў яго да 30 студзеня 2024 года.

Сяргей Ерамееў. Крыніца: harter97.org

Затрыманы – 52-гадовы Сяргей Ерамееў, які раней працаваў на «Нафтане» і ўдзельнічаў у стачцы ў 2020 годзе. Мужчына страціў працу праз палітыку. Расейскія спецслужбы сцвярджаюць, што Ерамееў прывёз выбухоўку з Беларусі на Далёкі Усход і ўсталяваў яе на вагоны двух цягнікоў з нафтапрадуктамі. Заданне яму нібы даў іншы беларус, які жыве ў Літве. У судзе затрыманы заявіў, што выбухамі хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць перавозцы ваенных грузаў.

З прычыны дыверсіі адбыліся затрыманні і ў Беларусі. 9 снежня ў Полацку і Наваполацку супрацоўнікі КДБ затрымалі каля 20 чалавек.

У каментары «Белсату» генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун адзначыў, што сваёй дыверсіяй беларус адрэзаў частку Расеі ад паставак з Паўночнай Карэі і Кітаю.

«З Паўночнай Карэі зразумела, тамака ідуць узбраенні, ідуць снарады, боепрыпасы. А для Кітаю гэта проста яшчэ адна шпілька, што Расея не можа забяспечыць транзіт яе грузаў праз сваю тэрыторыю. Для Кітаю ўсё, што звязана з гандлем, гэта крытычна. І калі ён у чарговы раз сутыкаецца з момантам, што яго партнёры не могуць забяспечыць элементарнае праходжанне цягнікоў з грузамі праз сваю тэрыторыю, пачынаюцца непаразуменні. Любыя непаразуменні паміж Расеяй і Кітаем для нас – плюс», – заявіў ён.

На яго думку, беларус таксама нанёс значныя пашкоджанні інфраструктуры, бо маглі быць пашкоджаныя кабелі ў тунэлі, дзе гарэлі цягнікі, што ў цэлым спыняе рух па чыгунцы. А для Украіны «кожны дзень крытычны, таму калі тамака затрымаецца на тыдзень, два, месяц, то любы дзень – гэта плюс», падкрэсліў Ягун.

Падрыў машыны расейскага вайскоўца

23 верасня ў Джанкоі, што ў анексаваным Расеяй Крыме, побач з домам, дзе жыў расейскі вайсковец, выбухнуў аўтамабіль «Chevrolet Aveo», які належаў яму. У выніку ніхто не пацярпеў, але выбіла шкло на першым паверсе ў доме. Першапачаткова разглядалася версія выбуху газабалоннага абсталявання, але яна не пацвердзілася. Эксперты вызначылі, што ў машыну было закладзенае самаробнае выбуховае прыстасаванне магутнасцю 500 грамаў у тратылавым эквіваленце.

Падарваная машына вайскоўца.
Фота: BAZA / Telegram

Паводле следчых, да выбуху мог быць датычны 61-гадовы беларус Вячаслаў Піскуноў, які жыў у Севастопалі. Пры ператрусе ў складскім памяшканні ТАА «Картэр – Поўдзень» сілавікі выявілі цэлую схованку Піскунова. У ёй былі электрадэтанатары, амаль 2 кг гексагену, пісталет-кулямёт і 138 патронаў. Паводле версіі СК, беларус 20 верасня сабраў з наяўных кампанентаў самаробную бомбу і ўстанавіў яе на машыну вайскоўца. Супраць Піскунова пачалі справу за спробу забойства, захоўванне выбуховых рэчываў і наўмыснае пашкоджанне маёмасці.

(Не)свядомыя акцыі

У ноч на 19 чэрвеня ў Маскве недалёка ад Варшаўскай шашы невядомыя падпалілі каля чыгуначных шляхоў сама меней тры рэлейныя шафы, якія забяспечвалі працу семафораў – прыладаў для рэгулявання чыгуначнага руху. За падпал затрымалі двух грамадзянаў Казахстану 25 і 27 гадоў, адзін з якіх нарадзіўся ў Беларусі. Хлопцы заявілі, што пайшлі на дыверсію, каб падзарабіць. За сваю працу яны атрымалі каля 350 долараў на крыптакашалькі. У дачыненні затрыманых завялі справу паводле арт. 267 КК РФ.

23 траўня ў Маскве быў затрыманы яшчэ адзін беларус – гамяльчук Дзмітрый Галаўлёў. Разам з ім затрымалі ягоную жонку Юлію. Іх абвінавацілі ў запуску ў неба з дапамогай паветраных шароў бела-блакітна-белага сцяга. БСБ-сцяг з’яўляецца ў Расеі сімвалам антываеннага супраціву. Таксама яго выкарыстоўваюць чальцы легіёну «Свабода Расеі», якія 22 траўня атакавалі Белгародскую вобласці. У Расеі гэтая арганізацыя прызнаная тэрарыстычнай.

Бела-блаткітна-белы сцяг над Масквой. Скрыншот з відэа: Легион «Свобода России» / Telegram

На беларуса спачатку завялі адміністратыўную справу і склалі пратакол аб дробным хуліганстве. Яго арыштавалі на 15 содняў, а затым – яшчэ на 15 за дэманстрацыю «нацысцкай сімволікі». Пры гэтым Галаўлёў, як і затрыманыя за падпал рэлейных шафаў, заяўляў, што пра сімволіку нічога не ведаў і думаў, што ўдзельнічае ў святкаванні. За акцыю яму нібы абяцалі заплаціць – 500 еўраў.

Узлом сервераў расейскіх кампаніяў

Беларускія «Кіберпартызаны» паведамілі, што 19 траўня паспяхова праніклі ў сетку расейскай кампаніі «Вагон-Сервис», якая спецыялізуецца на абслугоўванні чыгуначных складаў у Расеі. Хакеры распавялі, што выпампавалі ўвесь дакументаабарот, лісты, звесткі з сервераў, а пасля зашыфравалі арыгіналы і рэзервовыя копіі. Таксама былі зашыфраваныя працоўныя станцыі, яны атрымалі кіраванне доступам да сеткавых рэсурсаў.

Перад гэтым, увосень 2022 году, «Кіберпартызаны» заявілі пра ўзлом сайта Галоўнага радыёчастотнага цэнтру (ГРЧЦ), які выконвае кантрольна-наглядныя і рэгулятарныя функцыі «Раскамнагляду» – расейскага цэнзара ў інтэрнэце і які, у прыватнасці, блакуе антываенныя рэсурсы.

Удзел у паходзе на Белгародскую вобласць?

У 2023 годзе адбылося адразу некалькі дыверсійных рэйдаў з Украіны ў памежныя рэгіёны Расеі, падчас якіх нават былі ўзятыя на некаторы час пад кантроль шэраг паселішчаў. Афіцыйна ў іх удзельнічалі расейскія добраахвотнікі ва ўкраінскім войску – Легіён «Свабода Расеі» і Расейскі добраахвотніцкі корпус. Але не толькі яны. Гэтак, свой удзел у рэйдзе пацвердзіў і Польскі добраахвотніцкі корпус.

Байцы «Расейскага добраахвотніцкага корпусу» рыхтуюцца да прэс-канферэнцыі непадалёк ад расейскай мяжы. «ДРК» разам з легіёнам «Свобода России» правялі рэйд у Белгародскай вобласці, дзе атакавалі КПП «Грайваран» і вялі баі ў некалькіх населеных пунктах цягам содняў. Сумская вобласць, Украіна. 24 траўня 2023 года.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News

Ёсць звесткі, што там былі і беларусы. У прыватнасці, на адным з кадраў з Белгародскай вобласці можна пазнаць знакамітага ваяра з Беларускага добраахвотніцкага корпуса Ігара Янкава з пазыўным Янкі. Ён спачатку адмовіўся каментаваць свой удзел, а пазней паведаміў, што ад вайсковага кіраўніцтва ў яго «стаіць поўная забарона даваць каментары на гэтую тэму». Але пацвердзіў, што «быў на тэрыторыі ворага».

Падрыў чыгункі на Браншчыне?

Ёсць інфармацыя, што беларускія партызаны маглі быць датычнымі да пашкоджанняў чыгункі і ў іншых рэгіёнах Расеі. У прыватнасці, вядзецца пра падрыў 1 траўня выбухоўкі перад беларускім цягніком, што вёз нафтапрадукты і будаўнічыя матэрыялы ў Расею. Інцыдэнт здарыўся на 136-м км чыгункі Бранск – Унеча ў памежнай з Беларуссю Бранскай вобласці РФ. У выніку сышлі з рэек, паводле розных звестак, сем ці восем вагонаў і адзін ці два лакаматывы. Быў прыпынены рух цягнікоў паміж Гомлем і расейскімі гарадамі. Яго аднавілі праз 18 гадзінаў, замяніць давялося каля 100 метраў чыгуначнага палатна.

Аднак пазней публікацыя са звесткамі пра ўдзел беларускіх партызанаў у дыверсіі была адкарэктаваная, і інфармацыя пра іх датычнасць была выдаленая. Таму пацвердзіць іх удзел немагчыма. У любым разе, як заяўлялі расейскія анархісты яшчэ ў 2022 годзе, менавіта беларускія партызаны натхнілі іх на падпалы рэлейных шафаў і ваенкаматаў у РФ.

Беспілотнікі і выбухоўка?

Ёсць за апошнія год і некаторыя іншыя выпадкі, якія могуць быць звязаныя з антываеннай актыўнасцю беларусаў. Аднак адсутнасць дастатковых звестак на гэты конт не дае падставаў аднесці іх да супраціву. Напрыклад, 27 ліпеня ў Маскве затрымалі грамадзяніна Беларусі Уладзіміра Каструкова з двума беспілотнікамі – Mavic mini 3 Pro і Mavic air 29. На беларуса данеслі мінакі. Сам ён заявіў паліцыі, што дроны купіў на рынку для вайны ва Украіне. На чыім баку – не ўдакладнялася.

А ў верасні стала вядома, што ФСБ затрымала ў Падмаскоўі грамадзяніна Беларусі Анатоля Грыгарчука за спробу кантрабанды выбуховых рэчываў і агнястрэльнай зброі. Беларуса скіравалі ў СІЗА прынамсі да 30 кастрычніка. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Для чаго былі прызначаныя выбуховыя рэчывы і зброя, не паведамлялася.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за Украіну
2023.10.01 15:50

Макар Мыш belsat.eu