У Расеі беларуса арыштавалі за падрыў цягнікоў на БАМе. Выбухоўку ён нібыта прывёз з Беларусі


Суд у Омску арыштаваў беларуса Сяргея Ерамеева, якога падазраюць у датычнасці да падрыву двух цягнікоў у тунэлі Байкала-Амурскай магістралі. Як паведамляе расейскае агенцтва ТАСС, мужчына будзе пад вартаю мінімальна да 30 студзеня.

Паўночнамуйскі тунэль Байкала-Амурскай магістралі. Крыніца: NOVELCO logistics news / dzen.ru

Рашэнне аб арышце грамадзяніна Беларусі ўхваліў суддзя Цэнтральнага раённага суда Омску Аляксей Палішчук. Сяргей Ерамееў застанецца пад вартаю мінімальна да 30 студзеня. Трымаць яго будуць у СІЗА Омску.

Паводле ТАСС, на судзе беларус сказаў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць перавозам вайсковых грузаў.

Мужчыну абвінавачваюць у падрыве двух цягнікоў у тунэлі Байкала-Амурскай магістралі на тэрыторыі Бураціі 29 і 30 лістапада.

Расейскія спецслужбы сцвярджаюць, што 52-гадовы Ерамееў прывёз выбухоўку з Беларусі на Далёкі Усход і ўсталяваў яе на вагоны двух цягнікоў з нафтапрадуктамі. За гэта ён нібыта атрымаў грошы ад «удзельнікаў арганізаванай злачыннай групы».

7 снежня ФСБ паведаміла пра затрыманне падазраванага і заявіла, што ён дзейнічаў пад кантролем украінскіх спецслужбаў. Сцвярджалася, што заданне Ерамееву даў іншы беларус, які жыве ў Літве.

Сяргей Ерамееў, імаверна, колішні работнік «Нафтану». У 2020 годзе паведамлялася, што ён далучыўся да агульнанацыянальнага страйку.

Hавiны
ФСБ абвінаваціла беларуса ў падрыве цягнікоў з нафтапрадуктамі
2023.12.07 14:34

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў