Польскі добраахвотніцкі корпус браў удзел у аперацыі ў Белгародскай вобласці


Польскі добраахвотніцкі корпус заявіў, што ягоныя байцы бралі ўдзел у аперацыі на тэрыторыі Белгародскай вобласці разам з Расейскім добраахвотніцкім корпусам. Байцы апошняга пацвердзілі гэтую інфармацыю.

Польскі добраахвотніцкі корпус. Крыніца: PolskiKorpusOchotniczy / Telegram

«Польскі добраахвотніцкі корпус браў удзел у выкананні баявой задачы разам з Расейскім добраахвотніцкім корпусам. Нас звязваюць не толькі повязі братэрства па зброі, але і асабістае сяброўства і таварыства», – сказана ў паведамленні польскіх вайскоўцаў.

У доказ ваяры апублікавалі шэраг відэа з аперацыі, па іхных словах, з тэрыторыі Белгародскай вобласці ў прыгарадзе Шабекіна.

Паведамляецца, што ў бой уступіла першая штурмавая група корпуса. Усе вярнуліся цэлымі, ніхто не пацярпеў, пастаўленая задача паспяхова выканана. Таксама звяртаецца ўвага, што яны першымі разам з адной з баявых групаў РДК дасягнулі месца прызначэння.

«Для нашага філіялу было гонарам удзельнічаць у аперацыі такога кшталту хаця б з-за гістарычнай значнасці аперацыі такога кшталту. Прывітанне нашым сябрам з Расейскага корпусу за выдатную падрыхтоўку да аперацыі, за дапамогу, якую мы атрымалі ў падрыхтоўцы нашай групы, прафесіяналізм у дзеянні і мужнасць на полі бою», – дапоўнілі ў ПДК.

Інфармацыя аб удзеле польскіх вайскоўцаў у аперацыі была спецыяльна апублікавана з вялікай затрымкай з меркаванняў бяспекі, паведамляюць байцы.

Паведамленне аб тым, што ва Украіне прыступіў да выканання баявых заданняў Польскі добраахвотніцкі корпус з’явілася 10 траўня 2023 года. Тады паведамлялася, што першае заданне ПДК выканаў каля Арэхава на запарожскім кірунку. Стратаў пры гэтым корпус не панёс. Заданне ён выконваў разам з Расейскім добраахвотніцкім корпусам і падраздзяленнямі ЗСУ. Частка байцоў Польскага корпусу таксама бярэ ўдзел у баях каля Бахмуту.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў