Дыктатар з трактарам супраць «дзіцячага Рамштайну»: фінал «Еўрабачання» пройдзе 13 траўня


У брытанскім Лівэрпуле 13 траўня пройдзе фінал спеўнага конкурсу «Еўрабачанне-2023». Пачатак а 21:00 паводле цэнтральнаеўрапейскага часу, у Беларусі гэта 22:00. Глядзець «Еўрабачанне» можна на YouTube-канале конкурсу, галасаваць з Беларусі – праз сайт ці мабільныя аплікацыі на Android і iOS.

Лагатып «Еўрабачання-2023»
Лагатып «Еўрабачання-2023». Выява: BBC / Eurovision.tv

Беларусы чацвёрты год запар без «Еўрабачання». Апошні раз Беларусь была прадстаўленая на конкурсе ў 2019 годзе – спявачка Zena тады заняла ў фінале 24-е месца з 26. У 2020 годзе Беларусь меўся прадстаўляць дуэт «VAL» з песняй «Да відна», але конкурс скасавалі праз пандэмію, а потым Белтэлерадыёкампанія разарвала з дуэтам пагадненне праз занадта «несумленнае» інтэрв’ю, а дуэт казаў, што хацеў бы «прадстаўляць свабодную краіну». Некаторыя з папярэдніх прадстаўнікоў Беларусі на конкурсе трапілі пад рэпрэсіі і эмігравалі, некаторыя падтрымалі Аляксандра Лукашэнку і расейскі напад на Украіну.

У фінале сёлета выступаюць 26 краінаў: ад суседніх Літвы, Польшчы і Украіны да далёкай Аўстраліі. Латвія і Грузія не прайшлі ў фінал.

Літву зноў рэпрэзентуе Моніка Лінкіце, яна ўжо выступала на «Еўрабачанні-2015» разам з Вайдасам Баўмілам, дуэт тады заняў 18-е месца.

Ад Польшчы на конкурс едзе спявачка і мадэль Блянка з англамоўнаю песняю «Solo».

Украіна аўтаматычна прайшла ў фінал, бо летась на конкурсе перамаглі ўкраінцы «Kalush Orchestra» з песняю «Стефанія». Паводле правілаў конкурсу, наступны раз «Еўрабачанне» мусіла прайсці ў краіне пераможцаў. Але з прычыны вайны конкурс перанеслі ў Аб’яднанае Каралеўства, прадстаўнік якога заняў другое места на «Еўрабачанні-2022». Конкурс правядуць у Лівэрпуле, на «M&S Arena».

Сёлета ад Украіны на конкурс едзе дуэт электроннікаў «Tvorchi» з песняю «Heart Of Steel» (анг. «Сэрца са сталі»). Песня па-англійску, але ў ёй гучаць і словы па-ўкраінску: «Незважаючи на біль, я продовжую свій бій. Світ палає, а ти дій» («Не зважаючы на боль, я працягваю свой бой. Свет палае, а ты дзей»).

На конкурсе ёсць выразныя фаварыты. Найчасцей ставяць на спявачку Лёрээн са Швецыі. Яна перамагала на «Еўрабачанні» ў 2012 годзе з песняю «Euphoria» (анг. «Эйфарыя»), сёлета ў першым паўфінале заспявае «Tattoo» (анг. «Тату»).

У фаварытах, хай і са слабейшымі стаўкамі, таксама прадстаўнік Фінляндыі Кяэрыя з песняю «Cha Cha Cha». Хоць песня завецца як кубінскі танец, яна на фінскай мове і месцамі нагадвае то «Rammstein», то «The Prodigy».

Беларусы звярнулі ўвагу таксама на прадстаўнікоў Харватыі: гурт «Let 3»з песняю «Mama ŠČ». Яна пра трактар і Армагедон, а ў кліпе спявае і катаецца на ядравай ракеце вусаты дыктатар (у інтэрнэце гадаюць, ці гэта намёк на Лукашэнку, ці на Уладзіміра Пуціна). Харватыя выступіць у першым паўфінале.

Дзе паглядзець і як галасаваць

Хоць БТ адхіленае ад «Еўрабачання», беларусы могуць і паглядзець конкурс, і прагаласаваць на ім з тэрыторыі Беларусі.

Галасаванне сёлета праходзіць гэтак. У паўфіналах галасавалі толькі гледачы (праз тэлефон ці SMS або мабільныя праграмы на Android і iOS, да 20 галасоў за адну ці некалькі песень), у фінале галасуюць гледачы і журы. У абодвух выпадках упершыню галасаваць могуць і людзі з краінаў, якія не бяруць удзелу ў конкурсе: галасы можна пакідаць праз сайт ці мабільныя аплікацыі, усе такія галасы сумарна залічацца як галасы «рэшты свету» і важыць будуць як галасы ад адной «звычайнай» краіны-ўдзельніцы. Пры тым ад гледачоў у фінале будзе крыху больш балаў, чымся ад журы, за кошт «рэшты свету».

Глядзець «Еўрабачанне» можна на YouTube-канале конкурсу, а таксама на шэрагу тэлеканалаў. Трансляваць конкурс у Латвіі будзе LTV, у Літве – LTR, у Польшчы – TVP, ва Украіне – «Суспільне», у Грузіі – 1TV.

Агляд
Што мы слухалі ў 2022 годзе: ад «Стэфаніі» да «Rammstein»
2023.01.01 11:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў