Няпоўнагадовага брата адміністратара Telegram-каналу «belzhd_live» змясцілі ў СІЗА


Telegram-канал «belzhd_live» паведамляе, што працягне дзейнасць, нягледзячы на тое, што няпоўнагадовы брат адміністратара каналу цяпер у закладніках у КДБ.

Пагрузка вайсковых боепрыпасаў. Скрыншот відэа: Telegram / belzhd_live

Раней адміністратар Telegram-каналу «belzhd_live» паведамляў, што яго няпоўнагадовага брата затрымалі працаўнікі КДБ. Сілавікі патрабавалі выдаліць Telegram-канал. У выніку рэсурс часова перастаў абнаўляцца.

Цяпер стала вядома, што дзіця так і не вызвалілі. Няпоўнагадовы цяпер у СІЗА на Валадарскага і яму агучылі абвінавачванне, паводле якога падлетку пагражае ад 3 да 10 гадоў зняволення. Да падлетка не пускаюць бацькоў і адвакатаў.

«Мы заклікаем усю грамадскасць цывілізаваных краін, усе СМІ і ўсіх журналістаў, праваабарончыя арганізацыі і грамадскіх дзеячаў, усіх неабыякавых не пакінуць без увагі і давесці да шырокай агалоскі тое, што адбываецца! Міжнародны ціск можа змяніць сітуацыю!», – піша адміністратар Telegram-каналу.

Таксама прадстаўнік рэсурсу заклікае людзей, калі нехта апынецца ў падобнай сітуацыі, не паддавацца на абяцанні «злачынцаў у пагонах». «З тэрарыстамі перамовы бессэнсоўныя!»

Telegram-канал вядомы тым, што распавядае пра сітуацыю з чыгункай Беларусі. Таксама пад увагу рэсурсу трапляюць пастаўкі расейскага ўзбраення і вайскоўцаў у нашую краіну чыгуначным транспартам.

Hавiны
15-гадовага брата адміністратара @belzhd_live схапілі сілавікі і патрабуюць выдаліць канал
2023.01.22 18:59

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў